Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 красавіка 1999 г.


Да прызначанай Вярхоўным Саветам Х111 скліканьня даты прэзыдэнцкіх выбараў застаецца менш чым месяц, і ўлады працягваюць перасьлед актывістаў выбарчай кампаніі. Старшыня Менскай абласной камісіі па выбарах прэзыдэнта Валянцін Баранаў сёньня раніцай паведаміў карэспандэнту радыё "Свабода", што кіраўніцтва камісіі завяршае распрацоўку рэкамэндацыяў у пытаньнях юрыдычнай і псіхалагічнай абароны сваіх актывістаў ад ціску з боку рэгіянальных уладаў і сілавых структураў.

Паводле Валянціна Баранава, першае, што занатавана ў гэтых рэкамэндацыях - парада агалошваць усе факты ўціску ў рэгіянальным незалежным друку і такім чынам надаваць ім галоснасьць. Другое - шукаць падтрымку ў юрыстаў, якія не ўтрымліваюцца ўладаў і зь іхняй дапамогаю падаваць адпаведныя іскі ў судовыя ворганы. Пэўны досьвед, на якім такія рэкамэндацыі грунтуюцца, ужо назапашаны. Так, ад самага пачатку прэзыдэнцкай кампаніі пра ўсе факты затрыманьня сябраў групаў падтрымкі Міхаіла Чыгіра і Зянона Пазьняка расказвала незалежная газэта "Барысаўскія навіны". Не застаўся ў баку ад асьвятленьня выбарчай кампаніі і штотыднёвік Беларускага незалежнага прафсаюза "Салідарнасьць", які выходзіць у Салігорску. Так, у апошніх трох нумарах зьмешчаны шэраг артыкулаў, інтэрвью, рэпартажаў і юрыдычных кансультацыяў па выбарчай тэматыцы. Некаторыя матэрыялы маюць даволі характэрныя загалоўкі - "папярэджвае пракуратура - гэта вам не мінаховы здароў'я", "Вінаватыя ўжо і беларускія жанчыны, што не жадаюць прэзыдэнцкіх выбараў", "Толькі таварысцкіх судоў нам не хапала", - і гэтак далей.

Асабліва каштоўнымі лічыць спадар Баранаў апублікаваныя ў "Салідарнасьці" кансультацыі падпалкоўніка міліцыі ў адстаўцы Тамары Шалмаковай. Яна востра скрытыкавала рэдакцыю афіцыйнай трыбуны мясцовых уладаў - газэты "Салігорскі веснік", на старонках якога 31 сакавіка быў зьмешчаны сьпіс сябраў тэрытарыяльнай камісіі як змоўшчыкаў супраць дзеючага прэзыдэнта у, так бы мовіць, парадку грамадзкага ганьбаваньня. Спадарыня Шалмакова, робячы спасылкі на крымінальны кодэкс і Канстытуцыю краіны 1994 года з папраўкамі 1996 года, даказала, што ў дзеяньнях актывістаў нічога антыканстытуцыйнага няма. Што наадварот, зьняважыла нават апошнюю рэдакцыю Канстытуцыі сама "палата прадстаўнікоў", якая дасуль не прызначыла прэзыдэнцкіх выбараў.

У Смалявічах у справе юрыдычнай абароны актывістаў прэзыдэнцкай кампаніі пайшлі яшчэ далей. Там вядомы адвакат Гары Паганяйла і праваабаронца, старшыня менскага аддзяленьня БГК Валеры Костка разам з сябрам тэрытарыяльнай выбарчай камісіі Тацьцянай Ляшчынскай падрыхтавалі іск супраць начальніка райаддзела КДБ Аляксандра Пятровіча, каб аспрэчыць афіцыйнае папярэджаньне, вынесенае ім спадарыняй Ляшчынскай. Нечакана іск быў прыняты Менскім абласным судом. Разгляд справы адбудзецца 21 красвіка у памяшканьні Цэнтральнага райсуду сталіцы.

Алесь Мікалайчанка, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG