Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 красавіка 1999 г.


Віктар Дзятліковіч, Масква

Жаданьне Югаславіі далучыцца да саюзу Беларусі і Расеі выклікала розную рэакцыю ў расейскіх палітыкаў. Як і варта было чакаць, актыўна падтрымалі яе палітыкі "левай" арыентацыі. Генадзь Селязьнёў заявіў, што стварэньне саюзу з Югаславіяй прадугледжвае і ваенную падтрымку.

"Калі мы створым агульны саюз, - адзначыў кіраўнік Дзяржаўнай думы Расеі, - дык там будзе і нашая армія, і наш флёт будзе плаваць у адпаведным моры. Там можа быць і нашая ваенная база".

Пра гэтую ж магчымасьць у інтэрвью радыё "Свабода" заявіў і адзін з лідараў Народна-патрыятычнага саюзу Расеі Аляксей Падбярэзкін: "Калі ў Адрыятычным моры ёсьць база Чацьвертага флёту ЗША, дык чаму там ня можа быць базы нашага Чарнаморскага флоту?".

Тое, што ў Югаславіі зараз ідуць вайсковыя дзеяньні, не засмучае прыхільнікаў новага саюзу. Падбярэзкін заявіў: "Іншыя краіны заўсёды імкнуліся далучыцца да Расеі пад узьдзеяньнем зьнешняй пагрозы. Так у свой час сфармавалася Расейская імпэрыя".

Магчымасьць таго, што Расея можа быць уцягнутая ў вайну на Балканах, робіцца галоўным аргумэнтам праціўнікаў саюзу з Югаславіяй.Дэпутат дзяржаўнай Думы Расеі Сяргей Юшанкоў у інтэрвью беларускай службе радыё "Свабода" заявіў, што яго зьдзівіла станоўчая рэакцыя прэзыдэнта Ельцына на прапанову Мілошавіча. "Калі Ельцын сапраўды падтрымаў гэтую прапанову,- лічыць Юшанкоў, - дык гэта значыць, што дзеля захаваньня ўлады ён здрадзіў інтарэсам дэмакратыі". Далей Сяргей Юшанкоў сказаў: "Расея аб'ядноўваецца толькі з дыктатарскімі, жабрацкімі рэжымамі. Калі, акрамя Беларусі, Расея створыць саюз і з Югаславіяй, то яна будзе супроцьстаяць усяму сьвету, а гэта будзе шкодзіць нацыянальным інтарэсам Расеі".

Атачэньне Барыса Ельцына ўжо паспрабавала растлумачыць пазыцыю кіраўніка Расеі. Намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Сяргей Прыходзька заявіў, што галоўная мэта на сёньня - гэта вяртаньне ў Косава міру. Толькі дасягненьне міру, заявіў Прыходзька, дазволіць рабіць крокі на шляху інтэграцыі Расеі і Беларусі з Югаславіяй. Такім чынам, Крэмль даў зразумець, што пакуль баявыя дзеяньні ў Косаве не спыняцца, далучэньне Югаславіі да саюзу Расеі і Беларусі нерэальнае.

Сёньня ж сам Барыс Ельцын заявіў, што лічыць немагчымым пастаўкі зброі ў Югаславію. Відавочна, што і ідэя пашырэньня беларуска-расейскага саюзу ня мае адназначнай падтрымкі Барыса Ельцына. Назіральнікі адзначаюць, што, сказаўшы Генадзю Зюганаву пра падтрымку далучэньня Югаславіі да саюзу, Ельцын проста спрабаваў спыніць працэдуру імпічманту. І сапраўды, адразу пасьля таго, як прэзыдэнт падтрымаў Югаславію, фракцыя "Наш дом - Расея" у Думе вылучыла прапанову спыніць працэс імпічманту. Але Дума на гэта не пагадзілася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG