Пасьля двух тыдняў паветраных удараў НАТО супраць Югаславіі прэзыдэнт Мілошавіч выступіў з аднабаковай прапановай спыненьня агню ў сувязі з праваслаўным Вялікаднем. Аднак заходнія краіны адкінулі гэтую прапанову як недастатковую і сёньня ўначы працягвалі налёты на розныя аб'екты Югаславіі. У заяве Мілошавіча гаворыцца, што югаслаўскі ўрад хоча ўшанаваць праваслаўны Вялікдзень і ў якасьці жэсту «добрай волі» абавязваецца спыніць атакі на сэрбскіх альбанцаў, а таксама шукаць шляхоў дасягненьня палітычнай дамоўленасьці наконт аўтаноміі Косава. У супольнай заяве югаслаўскага і сэрбскага ўрадаў абяцаецца супрацоўнічаць з ААН дзеля вяртаньня сотняў тысяч альбанскіх уцекачоў. Ня згадваецца толькі, ці югаслаўскія сілы будуць адказваць агнём на далейшыя атакі НАТО, і не гаворыцца, колькі часу мела б доўжыцца спыненьне агню. Даецца толькі зразумець, што гэта будзе залежаць ад «жаданьня альбан- скіх экстрэмістаў адмовіцца ад тэрактаў супраць цывільных сэрбаў і уладаў.». Дагэтуль у якасьці адзінай краіны прапанову Бялграду прывітала Расея. «Любая мірная ініцыятыва пахвальная», - працытаваў словы расейскага прэзыдэнта ягоны сакратар Якушкін. Міністар замежных справаў Расеі Іваноў выказаў думку, што «нельга ўпусьціць магчымасьць мірнай разьвязкі канфлікту» і што НАТО абавязкова павінна разважыць ініцыятыву Бялграду. Масква заклікала да абмеркаваньня праблемы Косава на сустрэчы краінаў Вялікай сямёркі і Расеі, якая мае адбыцца ў гэтыя выхадныя ў Дрэздэне. Аднак усе астатнія краіны адкінулі прапанову Мілошавіча. Прэзыдэнт ЗША Клінтан заявіў: «Злучаныя Штаты ўжываюць сілу толькі ў скрайнім выпадку. Мілошавіч мусіць вывесьці сваю паліцыю і ўзброеныяч групоўкі з Косава і дазволіць разьмяшчэньне міжнародных сілаў бясьпекі. Яны ахоўвалі б ня толькі альбанцаў, якія зьяўляюцца перавжна мусульманамі, але і сэрбскую меншасьць. Мы супраць любой нянавісьці і хочам зрабіць магчымым вяртаньне ўцекачоў і зрух у напрамку палітычнага ўрэгуляваньня, накрэсьленага ў Францыі». Клінтан пацьвердзіў, што паветраныя ўдары будуць працягвацца да той пары, пакуль Мілошавіч не дазволіць вярнуцца ўсім уцекачом з Косава пад аховай разьмешчаных у правінцыі сілаў НАТО. Тую самую думку выказаў і прэзыдэнт Францыі Жак Шырак. Самой прапановы спыненьня агню замала, заявіў адразу пасьля апублікаваньня прапановы Бялграду прэсавы сакратар Белага Дому Локгард. «Спыненьне паветраных удараў непрымальнае і недарэчнае. З боку НАТО гэта было б раўназначнае са зьняцьцем зь сябе ўсякай адказнасьці», -заявіў міністар абароны ЗША Коўэн. Паводле словаў Браена Этвуда, адміністратара Агенцтва Міжнароднага Разьвіцьця , прапанова спыненьня агню з нагоды Вялікадня «проста цынічная». «Мілошавіч прапануе спыненьне агню, паколькі лічыць, што альбанскія баевікі разьбітыя», - гэтую думку выказаў цытаваны намі ўчора віцэ-мэр Бялграду Мілан Бозіч. Амэрыканская газэта Washington Post таксама піша, што на працягу апошніх двух тыдняў Мілошавіч дасягнуў сваёй асноўнай мэты і зараз можа сабе дазволіць сымбалічную саступку. На думку некаторых аглядальнікаў, прапанова Мілошавіча разьлічаная на дасягненьне некалькіх мэтаў. Выкладчык права і дыпляматыі Робэрт Пляцграф лічыць, што магчыма Мілошавіч спрабуе падарваць еднасьць альянсу. Нават калі НАТО ня прыйме ягоную прапанову, ён зробіць выгляд міралюбца, тым часам як ЗША і НАТО будуць выглядаць як «ястрабы вайны». У такім выпадку Мілошавіч можа заявіць аб сваёй маральнай перамозе, лічыць Пляцграф. Учора, выступаючы ў Брукінскім Інстытуце ў Вашынгтоне, дзяржсакратар ЗША Олбрайт адзначыла надзвычайную важнасьць Косава для будучыні Эўропы і тую ролю, якую ў мірным урэгуляваньні канфлікту магла б адыграць Расея: «Сёньня гэты рэгіён — выключна важная частка мазаікі ўсёй свабоднай Эўропы. Ідэя аб'яднанай і дэмакратычнай Эўропы надзвычай важная для нашай уласнай бясьпекі, якой нельга ажыцьцявіць, пакуль гэтая частка кантынэнту будзе падзеленая і ахопленая канфліктам. Гэта таксама ў інтарэсе Расеі, паколькі няма краіны, якая заплаціла б вышэйшую цану за нестабільнасьць і агрэсію ў Эўропе. Расейскія спадзяваньні на будучыню зьвязаныя з кантынэнтам бясьпечным і стабільным, дзе нікому не даецца магчымасьці скарыстоўваць этнічную напружанасьць і дзе краіны згодна працуюць над сваім дабрабытам і мірам». Між тым югаслаўскія СМІ прыраўнялі налёты НАТО да нямецкага «бліцкрыгу» супраць Бялграду, які пачаўся 58 гадоў таму, дакладна 6 красавіка 1941 году. Тады загінулі 10 тысячаў чалавек і была разбураная значная частка гораду. Учора камэнтатар югаслаўскага тэлебачаньня сьцьвердзіў, што зараз НАТО, гэтак як у свой час нацысты, заяўляе, што змагаецца «за новы парадак у сьвеце» і што нібыта атакуе толькі «ваенныя аб'екты». Стэфэн Эрлянгэр піша ў газэце New York Times, што падобныя настроі ў югаслаўскім грамадзтве небеспадстаўныя. У прыватнасьці, у выніку налёту на жылыя кварталы невялікага гораду Алексінац 7 чалавек загінулі і 50 параненыя. На думку газэты, удары, якія нібыта праводзяцца з «хірургічнай дакладнасьцю» супраць прэзыдэнта Мілошавіча і яго паліцыі ў Косаве, з гэтай самай дакладнасьцю разбурылі рэпутацыю НАТО. «Я ніколі падобнага не спадзявалася, - заявіла старэйшая жыхарка гораду Смілья Яніч. - Я была дзіцём у гады Другой сусьветнай вайны. Нацысты ўехалі ў наш горад на танках, але нават яны не бамбавалі нас». «Клінтан — нацыст. Яму ніколі ня ўдасца зьнішчыць сэрца Сэрбіі», - выкрыквала група жыхароў Алексінаца. «Людзі адказныя за гэта павінны стаць перад судом. Мы ня хочам помсьціць, але і ня хочам быць нічыімі нявольнікамі». Горкія словы падалі таксама на адрас дзяржсакратара ЗША Олбрайт. «Яна бяз душы і бяз сэрца. Яна вырасла сярод нас і цяпер гэтак нам адплачвае». New York Times піша, што прадстаўнік НАТО Ўілбі прызнаў магчымасьць «тэхнічных хібаў», але ад гэтага ня робіцца лягчэй. Тое, што здарылася ў мястэчку Алексінац, гаворыць само за сябе.
Самае папулярнае
1