Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 красавіка 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

"Выбары ў мясцовыя саветы Беларусі былі ператвораныя з дэмакратычнага спаборніцтва партыяў у падзею, якая характарызавалася намерам улады забясьпечыць падтрымку сваіх інстытутаў і кіраўнікоў", - такую выснову зрабіла Кансультацыйна-наглядальная група АБСЭ, якая працуе ў Беларусі.

Свае высновы група АБСЭ сфармулявала ў прэс-рэлізе, які сёньня быў раздадзены журналістам. На прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай вынікам першага туру выбараў, кіраўнік групы АБСЭ Ханс Георг Вік патлумачыў выкладзеную пазыцыю.

Ён нагадаў, што яшчэ ў пачатку гэтага года АБСЭ паведаміла беларускаму боку, што палажэньні новага закону аб мясцовых выбарах не адпавядаюць мэце забесьпячэньня свабодных і справядлівых выбараў. Беларускія ўлады на гэтае меркаваньне ніяк не рэагавалі, і тады АБСЭ было прынятае рашэньне не накіроўваць у мясцовыя выбары ў Беларусь сваіх назіральнікаў. Спадар Вік прыгадаў і той факт, што ў выбарах узялі ўдзел толькі тры партыі - дзве камуністычныя і лібэральна-дэмакратычная. Астатнія партыі адмовіліся ўдзельнічаць у выбарах. Кіраўнік групы АБСЭ заўважыў таксама, што шмат ў якіх месцах прадстаўнікі партыяў не былі ўключаныя ў склад выбарчых камісіяў, а значная колькасьць кандыдатаў, якія вылучаліся зборам подпісаў, атрымалі адмову ў рэгістрацыі.

Вельмі важным чыннікам была нізкая канкурэнтнасьць выбараў. На 24 500 дэпутацкіх месцаў у мясцовых саветах усіх узроўняў прэтэндавала толькі 26 000 кандыдатаў. У вясковых акругах выбары былі амаль паўсюдна безальтэрнатыўнымі.

Групе АБСЭ стала вядома аб загадзе мясцовым уладам забясьпечыць высокую яўку выбаршчыкаў, 40 адсоткаў у гарадох і 80 адсоткаў на вёсцы. Загад гэты сыходзіў з адміністрацыі прэзыдэнта.

З усіх гэтых фактаў група АБСЭ зрабіла несуцяшальныя высновы: у выбаршчыкаў, на яе думку, адсутнічае давер да канстытуцыйных ворганаў, выбары былі ператвораныя з працэсу дэмакратычнага спаборніцтва ў акцыю падтрымкі дзяржаўных інстытутаў і хніх кіраўнікоў.

Спадар Вік абверг зьвесткі пра тое, што за выбарамі сачылі наглядальнікі АБСЭ.

Ён паведаміў, што, сапраўды, выбарчыя ўчасткі наведавалі сябры пастаянна дзеючай групы АБСЭ, а таксама сябры місіі гэтай арганізацыі на чале з сябрам парлямэнцкай асамблеі АБСЭ спадаром Севярынам. Але, як патлумачыў спадар Вік, ягоныя калегі дзейнічалі ў межах мандату кансультацыйнай групы, а місія спадара Севярына насіла палітычны, а не аналітычны характар. "Наглядальнікаў АБСЭ на мясцовых выбарах у Беларусі не было" - заявіў Ханс Георг Вік.

Канчатковыя вынікі місіі АБСЭ будуць зробленыя тады, калі з'явяцца афіцыйныя вынікі галасаваньня 4 красавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG