Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 сакавіка 1999 г.


Віктар Дзятліковіч, Масква

Канфлікт у Югаславіі актывізаваў размовы пра магчымасьць вяртаньня ў Беларусь ядзернай зброі. Паводле пэўных зьвестак, гэтая магчымасьць абмяркоўваецца нават у афіцыйных расейскіх колах.

Вяртаньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусь разглядаецца некаторымі расейскімі палітыкамі як рэальная і адэкватная мера на дзеяньні НАТО ў Югаславіі. Прычым, ёсьць падставы казаць, што такія варыянты разглядаюцца і ў расейскіх афіцыйных структурах. Так, учора агенцтва ІТАР-ТАСС распаўсюдзіла паведамленьне, што пляны вяртаньня ядзернай зброі ў Беларусь абмяркоўваюцца спэцыялістамі расейскага генэральнага штабу.

Пазьней уплывовы прадстаўнік генштабу запярэчыў гэтай інфармацыі. Ён заявіў, што ўсе прапановы расейскіх дзеяньняў у адказ на бамбаваньне Югаславіі «не ўключаюць дзеяньняў зь ядзернай зброяй, тым больш яе перадысьлякацыі за межы Расеі».

Тым ня менш тэма стала абмяркоўвацца ў расейскіх палітычных колах. Зразумела, што яе адразу падтрымалі пракамуністычныя палітыкі. Намесьнік старшыні Дзяржаўнай Думы Расеі Сяргей Бабурын заклікаў да стварэньня новага абароннага саюзу на чале з Расеяй. Ён таксама лічыць мэтазгодным вяртаньне ядзернай зброі ня толькі ў Беларусь, але і ва Ўкраіну.

Палітыкі правай арыентацыі выказваюцца больш стрымана. Так, прадстаўнік руху «Наш дом — Расея» Аляксандар Шохін лічыць, што неадэкватныя дзеяньні Расеі могуць справакаваць разрастаньне канфлікту. Сярод неадэкватных дзеяньняў ён назваў і магчымую зьмену бязьядзернага статусу Беларусі. «Калі Расея будзе дэманстраваць мускулы, - заявіў Шохін, - то рэгіянальны канфлікт можа ператварыцца ў канфрантацыю, у тым ліку і ў глябальную».

Усе чакалі, што афіцыйная пазыцыя Масквы высьветліцца на паседжаньні савету міністраў абароны краінаў СНД. Але міністры абмежаваліся толькі заявай з асуджэньнем дзеяньняў НАТО. Заява была прынятая, дарэчы, зь ініцыятывы беларускага міністра абароны. Па словах расейскага міністра абароны Ігара Сяргеева, «увесь астатні час размова йшла выключна пра пляны ўзмацненьня СНД у ваеннай галіне, аб супольнай бясьпецы нашых дзяржаваў».

Паводле Ігара Сяргеева, і на ранішнім паседжаньні расейскага ўраду ніякіх рашэньняў ваеннага характару не прымалася.

У Расеі пачатак апэрацыі ў Югаславіі ўспрынялі даволі нэрвова, калі не сказаць з пэўнай доляй істэрыі. Так, апытаньне, якое было праведзенае ў начным эфіры тэлеканалу НТВ, засьведчыла: больш за палову гледачоў лічаць, што ваенны канфлікт у Югаславіі можа стаць пачаткам трэцяй сусьветнай вайны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG