Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 сакавіка 1999 г.


Галіна Айзэнштат, Менск

Наступіў заключны этап выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў, надрукаваныя ўжо бюлетэні. Аднак далёка ня ўсе праблемы вырашаныя, хоць улады пра гэта гаварыць пазьбягаюць.

Не пазьней чым сёньня выбарчыя камісіі павінны былі паведаміць выбаршчыкам пра час і месца галасаваньня на выбарах у мясцовыя саветы. Аднак, як паказала праведзенае мною апытаньне, сярод знаёмых і суседзяў ніхто ніякае абвесткі не атрымаў і ня ведае — дзе і за каго іх заклікаюць галасаваць. Ніхто не прыходзіў і каб скласьці сьпісы выбаршчыкаў ці праверыць ранейшыя. На папярэдніх мясцовых выбарах гэтае пытаньне не ўзьнікала, бо гадамі існавалі тыя самыя выбарчыя акругі, прынамсі ў Менску. Аднак сёлета іх 52 замест 55 — такое рашэньне прыняў гарвыканкам, грунтуючыся на новым Законе аб выбары дэпутатаў мясцовых саветаў. Значыць, былая выбарчая акруга ціто павялічаная, ціто падзеленая на часткі і ўвайшла ў іншыя.

Не чуваць і не відаць і кандыдатаў у дэпутаты, бо дзе ж ты абыйдзеш акругу, у якой жыве ад 23 да 26 тысячаў выбаршчыкаў. А магчымасьць расказаць пра сябе і сваю праграму ў перадвыбарчых плякатах адразу была абмежаваная новым Законам аб выбарах. Кандыдатам у дэпутаты абласнога, менскага гарсаветаў дазвалялася вырабіць усяго да 1000 плякатаў, раённага, гарадзкога (гораду абласнога падпарадкаваньня) — да 500, сельскага, пасялковага — да 200.

Насьмешка з кандыдатаў у дэпутаты дый годзе. Праўда, на ўсіх участках для галасаваньня не пазьней за 14 дзён да выбараў (сёньня, па сутнасьці, апошні дзень) афармляюцца стэнды зь біяграфічнымі дадзенымі і перадвыбарчымі праграмамі кандыдатаў у дэпутаты. Але хто пойдзе спэцыяльна шукаць участак, каб пазнаёміцца зь імі?

Дарэчы, яшчэ як толькі пачыналася выбарчая кампанія, ЦВК абвясьціла аб стварэньні пазабюджэтнага фонду, маўляў — сабраныя сродкі пойдуць на вытворчасьць тых самых агітацыйных улётак і плякатаў. Але вось, выбарчая кампанія завяршаецца, а ніводнага рубля так і не паступіла на яго рахунак. Факт даволі красамоўны — жаданьня дзяліцца чым-небудзь з уладай, калі яна ня вельмі моцна прымушае рабіць гэта, няма. У дадзеным выпадку ня вельмі прымушала, як, прыпладам, падчас правядзеньня рэфэрэндуму 1996 году, калі на яго матэрыяльнае забесьпячэньне прымушалі ўносіць сродкі «ў добраахвотным парадку» і заводы, і калгасы, і навучальныя ўстановы, бо за тых, каго ўлада хоча бачыць дэпутатамі, яна агітуе сама, спадзеючыся на посьпех, а таксама на актыўнасьць насельніцтва. Начальнік прававога ўпраўленьня прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандар Пласкавіцкі самаўпэўнена заявіў учора на прэсавай канфэрэнцыі, што «на выбары прыйдзе ня менш за 70% выбаршчыкаў», і дадаў, што выбары адбудуцца нават калі на іх ня будзе назіральнікаў.

Безумоўна, уладам хочацца, каб міжнародныя арганізацыі прыслалі сваіх прадстаўнікоў, а тыя прызналі гэтыя выбары дэмакратычнымі. Нагадаю, што пакуль згоду прысутнічаць выказалі Асацыяцыя Арганізатараў Выбараў краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, што месьціцца ў Будапэшце, і расейскае пасольства ў Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG