Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сакавіка 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

На гэтым тыдні заканчваецца збор подпісаў грамадзянаў Беларусі за вылучэньне кандыдатамі ў прэзыдэнты краіны Зянона Пазьняка і Міхаіла Чыгіра.

Працоўны дзень у штабе кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі Міхаіла Чыгіра ў панядзелак 22 сакавіка пачаўся а 9 гадзіне раніцы. А ўжо а 10 гадзіне быў зафіксаваны 90-тысячны подпіс у падтрымку былога кіраўніка ўраду. Паводле супрацоўнікаў штабу, няма сумневу ў тым, што патрэбныя 100 тысячаў подпісаў будуць сабраныя. Пагатоў таго, яны прагназуюць, узяць гэты неабходны рубеж можна будзе 24-га, а можа нават і 23 сакавіка.

На працягу той гадзіны, што я правёў у штабе, давялося пазнаёміцца зь некаторымі зьбіральнікамі подпісаў. Васіль Каравы, напрыклад, прыехаў з Наваградку. Ён — актыўны сябар Партыі Камуністаў Беларускай. Васіля ўжо выклікалі ў мясцовыя праваахоўчыя ворганы. Там у яго спыталіся — ці ведае ён, што сваімі дзеяньнямі парушае закон Рэспублікі Беларусь. У адказ Васіль Каравы заявіў: «Я так не лічу. Як бы Лукашэнка ні круціў, але прэзыдэнтам яго абралі ў 1994 годзе на пяць гадоў, і ніякія рэфэрэндумы не заменяць сапраўдных прэзыдэнцкіх выбараў».

Зьбіральнік з Маладэчна прывёз лісты, у якіх зафіксаваныя прозьвішчы 432 чалавек. Ён займае высокую пасаду на адным з прадпрыемстваў гораду, і таму просіць пакуль не называць ягонае прозьвішча. Настрой у яго надзвычай узьнёслы. «Калі б улады не перашкаджалі нашай працы, - распавядае ён, - дык думаю — па 200 тысячаў галасоў безь вялікіх намаганьняў сабралі б ня толькі Чыгір ды Пазьняк, але і іншыя кандыдаты ў прэзыдэнты. Шмат каму ўжо ня хочацца жыць у галечы. Людзі ахвотна ставяць свае подпісы».

Тры сотні галасоў у падтрымку Чыгіра прывезьлі сёньня з Докшыцаў — з тых самых, якія днямі наведаў Лукашэнка, і дзе ўлады рабілі ўсё, каб тут увогуле не зьбіралі подпісаў.

Ва ўправе Беларускага Народнага Фронту канкрэтную лічбу сабраных подпісаў на карысьць Зянона Пазьняка пакуль не абвяшчаюць. Рэч у тым, што падпісныя лісты з рэгіёнаў чакаюцца ў асноўным праз дзень-два. Да таго ж праваахоўчыя ворганы перашкаджаюць збору галасоў. Так, паводле словаў сакратара ўправы сп. Крыварота, з пачатку кампаніі затрымана 70 зьбіральнікаў. Улады канфіскавалі больш за 200 падпісных лістоў. У такіх умовах сабраныя подпісы — ужо дасягненьне. Найбольш пасьпяхова, дарэчы, збор ідзе ў Менску. Адстаюць усходнія рэгіёны краіны.

У бліжэйшыя 2-3 дні актывісты фронту маюць намер папрацаваць асабліва актыўна. Яны хочуць мець 26 сакавіка — а гэта апошні дзень, калі подпісы можна перадаваць у Цэнтральную Выбарчую Камісію — больш за 100 тысячаў подпісаў, каб на ўсялякі выпадак мець пэўны запас.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG