Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 сакавіка 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Пятыя суткі сухой галадоўкі Віктара Ганчара прымушаюць мэдыкаў казаць пра небясьпеку жыцьцю старшыні ЦэнтарВыбарКаму. У камэры спэцразьмеркавальніка на Акрэсьціна працягвае галадоўку Анатоль Гурыновіч. Заўтра на свабоду павінен выйсьці сакратар ЦВК Барыс Гюнтэр. Беларускія палітыкі і грамадзкія дзеячы робяць усё ад іх залежнае для зьмены небясьпечнай сытуацыі.

Сёньня ўначы да Віктара Ганчара, які пятыя суткі трымае сухую галадоўку пратэсту, двойчы выклікалася хуткая дапамога, бо ў Ганчара быў сардэчны прыступ. Пяты дзень сухой галадоўкі, як гавораць мэдыкі, найбольш небясьпечны — арганізм пачынае атручвацца шлакамі, і ў ім пачынаюцца незваротныя працэсы. Як заявіла нашаму радыё жонка Віктара Ганчара Зінаіда...

(З.Ганчар:) «Проста далі каманду — мне пра гта сказала начальства гэтай установы — каманду зьверху, і пакуль Лукашэнка не адменіць гэтай каманды, Ганчара будуць трымаць тут. Сёньня ўначы яму двойчы выклікалі хуткую дапамогу з-за прыступаў сэрца і рабілі кардыяграму. Вынікаў я ня ведаю. У камэры Ганчара вельмі халодна. Там сядзяць чатыры чалавекі, туды быў падселены нейкі чалавек з Прыбалтыкі».

Сёньня зранку дэпутаты гарсавету Мікалай Бусьнюк і старшыня падкамісіі ў справах законнасьці й правапарадку Алег Волчак спрабавалі патрапіць у спэцразьмеркавальнік. Дэпутаты гарсавету, згодна з законам, маюць права наведаць гэтую ўстанову, атрымаўшы скаргі. Тры жонкі асуджаных сяброў ЦВК — Гурыновіч, Ганчар і Гюнтэр — гэткія скаргі напісалі. Але начальнік спэцразьмеркавальніка Алег Палутаў дэпутатаў гарсавету не пусьціў. Абураны Алег Волчак заявіў:

(Волчак:) «Гэткага бардаку і нахабства я ад Палутава не чакаў. 3 сакавіка я яму запыт даў пэрсанальна ў рукі, а цяпер ён адмаўляецца, што атрымаў ад мяне гэтую пастанову. Я яму сказаў: «Вы што, зусім дурны?» Няма проста словаў...»

Алег Волчак накіраваў скаргу гарадзкому пракурору Купрыянаву.

Сёньня ж дэпутаты Вярхоўнага Савету Беларусі Аляксандар Дабравольскі, Валеры Шчукін, Уладзімер Навасяд, а таксама Анатоль Лябедзька накіраваліся ў гарадзкі суд, каб старшыня суду Міхаіл Ардзяка адмяніў прысуд Віктару Ганчару. «Гэта ў кампэтэнцыі Міхаіла Ардзякі», - заявіў Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька:) «Сустрэча завяршылася на павышаных танах. Была выкліканая міліцыя, і нас фактычна з кабінэта папрасілі выйсьці з дапамогай АМОНаўцаў».

Аднак прэсавы сакратар «Хартыі-97» Алег Бябенін ня выключыў, што сёньня гарадзкі суд усё ж зьбярэцца на нечарговае пасяджэньне ў справе Ганчара.

У апошнія дні дэпутаты імкнуцца зрабіць усё ад іх залежнае, каб аблегчыць лёс сяброў выбаркаму, што трымаюць галадоўку. Учора яны зьвярнуліся да кіраўніка маніторынгава-кансультацыйнай місіі АБСЭ ў Менску Ганса-Георга Віка з просьбай наведаць камэру Ганчара, але Вік адмовіўся. Гэтая адмова справакавала раздражненьне беларускай апазыцыі. У звароце, накіраваным сёньня дэпутатамі на імя дзяржаўнага сакратара Злучаных Штатаў Амэрыкі Мэдлін Олбрайт, гаворыцца:

«Дэмакратычная грамадзкасьць абураная дзеяньнямі АБСЭ ў Менску. Кіраўнік місіі сп. Вік ня толькі праігнараваў учорашні зварот 16-ці дэпутатаў Вярхоўнага Савету і лідэраў дэмакратычных партыяў і арганізацыяў з прьбай праверыць умовы ўтрыманьня Ганчара ў вязьніцы, але і адмаўляецца весьці сур'ёзныя перамовы з прадстаўнікамі дэмакратычнае апазыцыі. Намесьнік кіраўніка місіі сп. Кляйнэр у шэрагу заяваў фактычна санкцыянаваў рэпрэсіі ўладаў Беларусі супраць апазыцыі».

Заява аналягічнага зьместу накіраваная міністру замежных справаў Польшчы Браніславу Герэмку. Дэпутаты, палітычныя дзеячы і прадстаўнікі грамадзкасьці спадзяюцца на падтрымку і салідарнасьць у гэты, як гаворыцца ў заяве, «крытычны для беларускай дэмакратыі момант».

Пра мяжу трываньня заявіў сёньня і іншы сябар ЦэнтарВыбарКаму Сяргей Абадоўскі, які на трэція суткі галадоўкі быў шпіталізаваны. У ягонай заяве, распаўсюджанай сёньня, гаворыцца, што калі да 17-тай гадзіны сёньня Віктар Ганчар ня будзе адпушчаны на свабоду, «я і мае таварышы пакідаем за сабой права на правядзеньне акцыі грамадзянскага непадпарадкаваньня і самаахвяраваньня».

Сёньня ў КГБ Беларусі быў выкліканы прэсавы сакратар ЦВК Аляксандар Коктыш, якому вынесенае папярэджаньне аб крымінальнай адказнасьці паводле артыкулу 61 крымінальнага кодэксу — «змова». падпісаць пратакол Аляксандар Коктыш адмовіўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG