Дзесяць краінаў Дзесяць краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ўжо пачалі або маюць намер пачаць перамовы аб далучэньні да Эўразьвязу. І хоць нават першая група пяці краінаў-кандыдатаў ня будзе прынятая раней, чым праз тры гады раздаюцца галасы пра новую форму ізаляцыі, якая пагражае такім краінам, як Беларусь, Украіна, Малдова і Расея. Пра магчымасьць нэгатыўнага ўплыву на эканоміку краіны ў прыватнасьці загаварылі афіцыйныя прадстаўнікі Кіеву. Украіна выказвае боязь, што ў выніку паступовага набліжэньня і затым поўнага далучэньня да Эўразьвязу дзесяці новых краінаў, яна будзе ізаляваная ад сваіх цяперашніх гандлёвых партнэраў: перастануць дзейнічаць ранейшыя дамоўленасьці зь імі. Прадбачваючы такое разьвіцьцё падзеяў, у лістападзе летась Кіеў правёў з удзелам назіральнікаў ад Эўразьвязу адмысловую сустрэчу з прадстаўнікамі Польшчы, Вугоршчыны й Чэхіі. На гэтым тыдні амбасадар Украіны ў Эўразьвязе Барыс Гудыма заявіў нашаму радыё, што яго краіна хацела б часьцей праводзіць такія шматбаковыя сустрэчы. На думку ўкраінскага амбасадара, «Эўразьвяз павінен схіляць краіны-кандыдаты да кансультацыяў з Украінай у гэтых пытаньнях. Ініцыятыва павінна зыходзіць менавіта не ад нас, але ад тых, хто прэтэндуе на сяброўства ў Эўразьвязе. Магчыма, станоўчыя элемэнты пашырэньня Эўразьвязу возьмуць верх над адмоўнымі, але мы павінны сесьці разам за стол перамоваў і падрабязна абмеркаваць усе плюсы і мінусы. Мы лічым, што наагул патрэбна больш кантактаў, больш дыялёгу, больш інтэграцыі Ўкраіны ў эўрапейскія структуры». У якасьці прыкладу будучых праблемаў Барыс Гудыма узгадаў украінска-польскі гандаль, які ў апошнія гады перажывае небывалы росквіт і які можа абарвацца пасьля ўступленьня Польшчы ў Эўразьвяз. Таксама пэрспэктыва ўвядзеньня візавага рэжыму паміж дзьвюма краінамі нэгатыўна адаб'ецца на грамадзянах Украіны. На думку ўкраінскага амбасадара, таксама дагавор аб свабодным гандлі з Эстоніяй мусіў бы быць скасаваны, калі Талін уступіць у Эўразьвяз. З другога боку, ня толькі Ўкраіна не знайшлася ў ліку кандыдатаў у Эўразьвяз. У аналягічнай сытуацыі апынулія ейныя найбліжэйшыя суседзі: Расея, Малдова і Беларусь. Гэтыя краіны, у прыватнасьці Беларусь, аб далучэньні да Эўразьвязу нават не гавораць, паколькі ў бліжэйшай будучыні гэта нерэальна. Побач з Югаславіяй, Беларусь не належыць і ня мае нават статусу назіральніка ў Радзе Эўропы. Міжнародныя арганізацыі не прызнаюць ні вынікаў рэфэрэндуму 1996 году, ні Лукашэнкавага «парлямэнту». Стан дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі поўнасьцю дыскваліфікуе нашу краіну ў вачох міжнароднай грамадзкасьці. Цяпер Беларусь ізаляваная з гэтых прычынаў, але ж нашай краіне далёка да эўрапейскіх стандартаў таксама ў галіне эканомікі. Ці цяперашняя ізаляцыя Беларусі не замацуецца пасьля пашырэньня Эўразьвязу? Наколькі Беларусі пагражае тое, аб чым ужо хвалюецца Ўкраіна? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да былога намесьніка міністра замежных справаў, міжнароднага каардынатара «Хартыі-97» Андрэя Саньнікава. Вось што ён адказаў: (Саньнікаў:) «Па-першае, я хачу адзначыць, што нельга, на мой погляд, параўноўваць Беларусь зь іншымі краінамі, нават з Расеяй, Украінай ці Малдовай. Беларускае кіраўніцтва ў адрозьненьне ад іх наумысна стварыла сытуацыю самаізаляцыі. І гэта павінен быць прыклад, але ж прыклад для разьвіцьця пазытыўных працэсаў у краіне, а не нэгатыўных, адмоўных. Калі б Украіна, якая цяпер знаходзіцца напярэдадні вельмі важнага рашэньня прэзыдэнцкіх выбараў, абрала шлях Беларусі, дык тады магчымасьці супрацоўніцтва з Эўразьвязам значна зьменшыліся б. Цяпер усе магчымасьці, я лічу, ёсьць, існуюць, таму што і ў Расеі і Ўкраіне і Малдове існуюць пагадненьні аб супрацоўніцтве з Эўразьвязам, якія даюць магчымасьці кансультацыяў па ўсіх пытаньнях палітыкі, эканомікі улучна з гандлем. Беларусь у найгоршай сытуацыі, таму што магчымасьці супрацоўніцтва з Эўразьвязам яна пазбаўленая. Нават часовае пагадненьне, якое заключаецца пасьля так званага «рамачнага» або «агульнага» пагадненьня аб супрацоўніцтве. Нават часовае пагадненьне прыпыненае. Я лічу, што Беларусь вельмі хвалююць гэтыя пытаньні: мяне асабіста яны хвалююць. Не хвалюецца толькі Лукашэнка, таму што ён спрабуе чарговы раз прадаць сябе як палітык прасавецкага кшталту. Ён агрэсіўна ставіцца да Захаду. Гэта ня толькі памылковая, але й небясьпечная палітыка для ўсіх нас. Яна не адпавядае сучаснаму сьвету». Гэтак лічыць Андрэй Саньнікаў, каардынатар «Хартыі-97». Аднак вяртаючыся да заклапочанасьцяў Украіны, дык паводле слова амбасадара ў Эўразьвязе Барыса Гудымы, Кіеў не вядзе перамоваў на гэтыя тэмы з такімі краінамі, як Беларусь, бо ня бачыць патрэбы ў стварэньні нейкага супольнага фронту. На яго думку, кожная краіна павінна гаварыць сама за сябе. Такая пазыцыя Ўкраіны, але Эўрапейскі Зьвяз бачыць справы інакш. На думку яго прадстаўнікоў, Украіна замала ўлічвае станоўчыя моманты пашырэньня Саюзу. У выніку Ўкраіна будзе мець доступ ня толькі да рынкаў сваіх цяперашніх партнэраў, але да ўсяго аб'яднанага рынку. Што праўда, можа быць скасаваны дагавор аб свабодным гандлі з Эстоніяй, але, паводле Эўразьвязу, боязь Украіны перад новымі гандлёвымі бар'ерамі неабгрунтаваная. Што да часьцейшых кансультацыяў, дык, на думку Эўразьвязу, яны праводзяцца на тэмы гандлю ды інвэстыцыяў у рамках дагавору паміж Кіевам і Брусэлем «Аб Партнэрстве і Супрацоўніцтве». У сувязі з гэтым, заяўляюць прадстаўнікі Эўразьвязу, няма патрэбы праводзіць больш шматбаковых сустрэчаў, паколькі само пашырэньне саюзу гэта справа яго самога і краінаў-кандыдатаў.

Самае папулярнае
1