Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 сакавіка 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Пачынаецца новы этап у спробах аб'яднаньня Беларусі з Расеяй.

У адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі шпарка працуюць над праектам дакумэнтаў аб стварэньні саюзнай дзяржавы. У сярэдзіне красавіка агульны праект дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы павінен быць надрукаваны для так званага «ўсенароднага абмеркаваньня». Як заявіў увечары 1 сакавіка ў інтэрвію праграме Беларускай Тэлевізіі «Палітычныя Дыялёгі» сп. Сазонаў, для падпісаньня дамовы няма ніякай патрэбы ў правядзеньні рэфэрэндуму. Маўляў, прэзыдэнты Лукашэнка і Ельцын запісалі ў сваёй супольнай дэклярацыі аб усенародным абмеркаваньні пытаньня, і гэтага дастаткова.

Між тым, усе беларускія ю.рысты, зь якімі мне сёньня даводзілася размаўляць, у адзін голас казалі пра тое, што ім няведамая такая форма прыняцьця рашэньняў, як усенароднае абмеркаваньне, і юрыдычныя наступствы такога акту ня будуць мець юрыдычнай сілы. Вось што ў прыватнасьці думае пра гэта Мечыслаў Грыб, былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі, юрыст паводле адукацыі:

(Грыб:) «Гэта чарговы надуманы гвалтоўны захоп сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны. Таму што ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь важныя пытаньні могуць выносіцца на рэфэрэндум — бо рэфэрэндум праводзіцца тайным галасаваньнем. Але ня ўсе пытаньні могуць вырашацца і выносіцца на рэфэрэндум. Дарэчы, на рэфэрэндум нават не выносіцца пытаньні аб дзяржаўным сувэрэнітэце, аб незалежнасьці краіны, аб зьмене дзяржаўнага канстытуцыйнага ладу і г.д. Калі казаць дакладна, дык такое паразуменьне, як апытаньне ці абмеркаваньне — яно не прадугледжанае ні Канстытуцыяй, ні нашым заканадаўствам. гэта накшталт таго, што было ў былыя часы таталітарнага кіраўніцтва КПСС. Прынялі пастанову, разаслалі — усе крычаць: «Адабраем! Падтрымліваем!»».

Дарэчы, з крыніцаў адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі стала вядома, што пакуль існуе такі варыянт так званага «ўсенароднага абмеркаваньня»: пасьля публікацыі водгукаў у афіцыйнай прэсе — зразумела якога кшталту яны будуць — праект дамовы, дзеля таго каб прыдаць яму хоць нейкую бачнасьць легітымнасьці, будзе зацьверджаны на «ўсебеларускім народным сходзе», аналягічным сходу, што адбыўся напярэдадні так званага «лістападаўскага рэфэрэндуму» 1996 году.

Аб'яднаньне Беларусі й Расеі ў адну краіну ўжо выйшла на свой трэці этап.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG