Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 лютага 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Сёньня ў Менск прыбыла дэлегацыя дыпляматаў з арабскіх краінаў. Сёньня ж пачаўся візіт старшыні так званага "савета рэспублікі" Шыпука ў Кувэйт. І сёньня ж прэзыдэнт Лукашэнка даў інтэрвью іранскаму тэлебачаньню. Усё гэта адлюстроўвае новыя зьнешнепалітычныя прыярытэты новага міністра замежных справаў Беларусі. Сярод іх — узмацненьне сувязяў зь ісламскім сьветам.

Пра прыярытэты ў дзейнасьці МЗС сьведчыць хаця б тое, што першы свой афіцыйны візіт віцэ-прэм'ер, міністр замежных справаў Латыпаў зрабіў у Арабскія Эміраты. І вось цяпер, як стала вядома, зь ягонай ініцыятывы ў Менск прыехалі амбасадары арабскіх краінаў Блізкага Усходу ды Афрыкі. Амбасады гэтых коаінаў знахлдзяцца ў Маскве, а інтарэсы ў Беларусі яны прадстаўляюць паводле сумяшчэньня, на падставе афіцыйнай аккрэдытацыі. Мяркуецца, што дыпляматы ня толькі пазнаёмяцца з мясцовай рэчаіснасьцю, але і вывучаць магчымасьці для разьмяшчэньня інвестыцыяў у беларускую эканоміку.

Тое, што Беларусь зацікаўленая ў валютных уліваньнях пры адсутнасьці заходніх інвестыцыяў ды агульным крызісе эканомікі — зразумела. А вось што служыць прадметам зацікаўленьня арабскіх дзелавых ды ўрадавых колаў?

Усколсным адказам на гэтае пытаньне можа служыць факт удзелу ў нядаўнім вітзыце ў сталіцу Аб'яднаных Арабскіх Эміратамў Абу-Дабі дырэктара менскага завода колавых цегачоў Волкава. Як вядома, гэты завод, які быў часткаю вайскова-прамысловага комплексу, па-ранейшаму вырабляе прадукцыю і для ваенных патрэбаў. У прыватнасьці, цегачы для рознага класу ракетаў ды ракетных комплексаў. З другога боку, прэзыдэнт Лукашэнка не аднойчы казаў пра неабходнасьць шукаць за мяжой — у першую чаргу, у краінах "трэццяга сьвету" — рынкі збыту ўзбраеньняў і баявой тэхнікі, якой шмат засталося пасьля развалу Савецкага Саюзу. Больш за тое — Беларусь была і застаецца адным з каналоў перапродажы расейскіх узбраеньняў у тыя краіны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі, якія, мякка кажучы, не карыстаюцца падтрымкаю міжнароднае супольнасьці. Расея нябеспадстаўна апасаецца санкцыяў з боку ЗША, а Лукашэнку, выглядае, гэта не турбуе.

Урал Латыпаў, калі яшчэ быў памочнікам прэзыдэнта, наведваў Абу-Дабі, дзе праводзяцца традыцыйныя міжнародныя выставы баявой тэхнікі. Дарэчы, Латыпаў прымаў удзел і ў апошняй замежнай паездцы Івана Антановіча ў Сірыю і Турэччыну. Адной з галоўных тэмаў перамоваў — асабліва з кіраўніцтвам Сірыі — было ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва.

Можна ўзгадаць гэтаксама і афіцыйны візіт Лукашэнкі ў ісламскую рэспубліку Іран, пад час якога абмяркоўвалася магчымасьць паставак з Беларусі колавай тэхнікі ды розных запчастак. Між іншым, цягам пазьнейшага візыту высокапастаўленай іранскай дэлегацыі ў Менск яе ўдзельнікі, як сьцвярджаюць надзейныя крыніцы, цікавіліся цэнтрам ядзерных дасьледваньняў у Соснах. У свой час праз Беларускае тэлебачаньне была агучаная ідэя продажу за мяжу пэрспэктыўных тэхнялёгіяў, у прыватнасьці, у ядзернай галіне. Тады і нарадзілася сэнсацыя — быццам бы Беларусь мае запасы ўласнага плутонію. Сэнсацыя аказалася выдумкаю. Але ж гэтая гісторыя магла б прыцягнуць увагу для навукова-тэхнічнага патэнцыялу Беларусі тых краінаў, якія, насуперак палітыцы ядзернага нераспаўсюджваньня, мараць заўмець уласную зброю масавага зьнішчэньня.

Кіраўніцтва Беларусі, са свайго боку, відаць, карыстаецца прынцыпам, што ў цяперашняй сытуацыі выбіраць партнераў у палітычным, эканамічным і ўсялякім іншым супрацоўніцтве проста не даводзіцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG