Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 лютага 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня прэсавая служба Міністэрства Юстыцыі Беларусі выдала чарговае папярэджаньне на адрас арганізатараў выбараў прэзыдэнта, абвешчаных Вярхоўным Саветам.

У заяве прэсавай службы МінЮсту адзначаецца: «Апошнім часам у некаторых сродках масавай інфармацыі прайшлі паведамленьні аб правядзенні ў 1999 годзе выбараў прэзыдэнта, стварэньні ў сувязі з гэтым Цэнтральнай Выбарчай Камісіі па ягоных выбарах, а таксама прынятыя ёй інструкцыі і тлумачэньні. Міністэрства Юстыцыі яшчэ раз заяўляе, што ўсе дзеяньні групы дэпутатаў былога Вярхоўнага Савету XIII скліканьня па прызначэньні выбараў прэзыдэнта і па стварэньні Цэнтральнай камісіі па выбарах, гэтак жа як і прыйманыя гэтай камісіяй рашэньні зьяўляюцца незаконнымі». Міністэрства Юстыцыі спасылаецца на закон, прыняты прапрэзыдэнцкай большасьцю Вярхоўнага Савету пасьля канстытуцыйнага рэфэрэндуму, у адпаведнасьці зь якім паўнамоцтвы Вярхоўнага Савету былі спыненыя. Адсюль МінЮст робіць выснову, што Цэнтральная камісія па выбарах была створаная незаконным, юрыдычна няісным ворганам. Да таго ж, на думку прэсавай службы міністэрства, фармаваньне камісіі было праведзенае з парушэньнем дзейнага заканадаўства, бо адсутнічалі прапановы абласных і Менскага гарадзкога савету.

У заключэньні МінЮст ацэньвае дзеяньні дэпутатаў Вярхоўнага Савету як спробу дэстабілізаваць становішча ў рэспубліцы, увесьці ў зман грамадзянаў, дэзарганізаваць кампанію па выбарах дэпутатаў у мясцовыя саветы.

Заяву Міністэрства Юстыцыі для нашага радыё пракамэнтаваў дэпутат Вярхоўнага Савету XIII скліканьня, дасьведчаны юрыст Мечыслаў Грыб. Сп. Грыб нагадаў, што заяву прыблізна такога самага зьместу прыняла пракуратура краіны яшчэ да паседжаньня Вярхоўнага Савету, на якім было абвешчана аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў. Мечыслаў Грыб заўважыў, што аргумэнты МінЮсту пабудаваныя на сьцьвярджэнні, што Вярхоўны Савет страціў свае паўнамоцтвы ў лістападзе 1996 году. Сп. Грыб лічыць гэтае цьверджаньне ілжывым:

(Грыб:) «У адпаведнасьці з тым, што яны напісалі, закон ад лістапада 1996 году лічыцца нелегітымным, таму што тады яшчэ дзейнічала Канстытуцыя 1994 году і дэ-юрэ і дэ-факта, і распусціць Вярхоўны Савет яны ня мелі права. Гэта супярэчыла Канстытуцыі 1994 году, а таксама супярэчыць Канстытуцыі 1994 году з дапаўненьнямі, прынятымі на рэфэрэндуме. Там жа ясна пісалася: на працягу двух месяцаў стварыць новы парлямэнт - разам - прэзыдэнту і Вярхоўнаму Савету. А калі на працягу двух месяцаў гэтае пагадненьне ня будзе дасягнутае, то ў адпаведнасьці з новай Канстытуцыяй яны што прапанавалі? Тады прэзыдэнт мае права распусьціць Вярхоўны Савет. Але ўсё гэта адбылося на працягу трох дзён. Ніхто ні з кім ня раіўся. Ніхто нічога не ўзгадняў. Сабраўся Вярхоўны Савет у складзе 103 дэпутатаў - а ўвесь склад быў тады 199 - і прыняў рашэньне пра роспуск. Так, Вярхоўны Савет згодна з Канстытуцыяй можа заявіць пра самароспуск, але для гэтага патрэбная канстытуцыйная большасьць дэпутатаў. А яе не было. Таму спасылка МінЮсту на гэты закон - прынялі наогул не закон, а прынялі пастанову Вярхоўнага Савету - якую падпісаў прэзыдэнт. Гэта наогул нонсэнс».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG