Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 студзеня 1999 г.


Валянцін Жданко, Менск

Ужо тры дні як на беларуска-расейскай мяжы на ўсіх буйных аўтамагістралях выстраіліся ў чэргі сотні грузавікіоў зь беларускімі нумарамі, якім расейскія ўлады не дазваляюць уезд на тэрыторыю Расеі. Мяжа, якая фармальна лічыцца празрыстай і некантраляванай, ператварылася для саюзьнікаў у цяжкапераадольны кардон.

На мяжы затрымваюць тыя беларускія аўтамабілі, якія перавозяць грузы з Заходняй Эўропы для расейскіх заказьнікаў. Такім чынам расейскія ўлады спрабуюць абараніць уласны рынак аўтаперавозак - свае аўтамабільныя кампаніі, якія не вытрымваюць канкурэнцыі зь беларусамі, што гатовыя працаваць паводле дэмпінгавых тарыфаў. З прычыны таннасьці сваіх паслугаў беларускія аўтамабільныя фірмы здолелі ўзяць пад кантроль каля чвэрці расейскага рынку аўтаперавозак. Расейскія транспартнікі падлічылі, што з-за гэтага штогод губляюць больш за мільярд даляраў. Пад іхным ціскам летась Дума прыняла закон, паводле якога была ўведзеная «дазваляльная» сыстэма перавозак грузаў замежнымі кампаніямі.

Да апошняга часу гэтая сыстэма ў дачыненьні да беларусаў ня дзейнічала, але вось 16 студзеня пад націскам Міністэрства Транспарту расейскі ўрад даў каманду транспартнай інспэкцыі спыняць беларускія грузавікі, якія ня маюць расейскага дазволу. Гэта адбылося праз два тыдні пасьля таго, як фармальна пачало дзейнічаць падпісанае прэзыдэнтамі Ельцынам і Лукашэнкам пагадненьне аб роўных правох суб'ектаў гаспадараньня абедзьвюх краінаў.

Усе высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі, якім даводзілася займацца інтэграцыяй не на ўзроўні палітычных лёзунгаў аб «братэрстве й еднасьці», у адзін голас наракаюць на тое, што галоўны тормаз яднаньня - у маскоўскіх міністэрскіх кабінэтах. Маўляў, вось, Ельцын, Прымакоў, Лукашэнка і Лінг усе дакумэнты падпісалі, а як даходзіць справа да канкрэтнага міністра, дык бывае па паўгода адной рэзалюцыі чакаеш.

Аднак выснова пра тое, што ворагі інтэграцыі акапаліся ў расейскіх міністэрскіх офісах, - павярхоўная й недакладная. Проста Ельцын і Лукашэнка падпісваюць дэклярацыі, а міністар павінен адказваць за канкрэтную галіну эканомікі. Інтэграцыя для яго, як правіла - ня лёзунг, а папера, у якой указаны дакладны кошт гэтай інтэграцыі ў амэрыканскіх далярах, якія ягонае ведамства згубіць, калі ён, міністар, падпіша гэты дакумэнт.

Як частка дзяржаўнай машыны, міністар гатовы выканаць любую дырэктыву, што сыходзіць з Крамля або расейскага Белага Дому. Аднак у тым і справа, што за інтэграцыю ні ў воднага міністра ў Расеі строга не пытаюць і разнарадкі па ёй не даводзяць. У шэрагу прыярытэтаў для любога высокапастаўленага расейскага чыноўніка значацца зусім іншыя праблемы. І найперш якраз - фінансавага характару: запазычанасьці па зарплатах і перад бюджэтам, спыненая вытворчасьць, неплацяжы спажыўцоў. Страціць партфэль і кар'ерныя магчымасьці можна якраз за гэта. А за недастаткова паважлівае стаўленьне да прэтэнзіяў «малодшых братоў» ніхто сварыцца ня будзе. Наадварот, цішком пахваляць - за гаспадарлівасьць і эканомію дзяржаўных грошай.

Гэтак адбываецца на працягу ўсіх чатырох гадоў, што доўжыцца інтэграцыйная эпапэя. Колькі б абвінавачваньняў у «сабатажы інтэграцыі» зь Менску на адрас маскоўскіх чыноўнікаў за гэты час ні гучала, ніводнага сабатажніка ня выявілі і не пакаралі. І гэта, магчыма - адна з галоўных уласьцівасьцяў усёй палітычнай кампаніі, якая з самага пачатку была скіраваная на прапагандысцкі эфэкт і на карысьлівыя палітычныя мэты, а не на канкрэтныя эканамічныя вынікі.

Што да сытуацыі з затрыманьнем беларускіх аўтамабіляў, дык, выступаючы перад дэпутатамі міжпарлямэнцкага сходу 21 студзеня, прэзыдэнт Лукашэнка шмат і эмацыянальна гаварыў пра гэта. «Што гэта - правакацыя? - задаваў ён расейцам рытарычнае пытаньне і сам жа адказваў на яго: - Калі не правакацыя, дык галавацяпства, зусім магчыма». Гэтак жа рытарычна ён пытаўся ў думцаў - ці ня ўвесьці такія самыя захады ў адказ? Але ж тады, паводле ягоных словаў, калёна з расейскіх аўтамабіляў выстраіцца ад мяжы да Масквы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG