Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 студзеня 1999 г.


Галіна Айзэнштат, Менск

Сёлета ў сярэднім на 20 % павышаная мінімальная зарплата й пэнсіі. Пра гэта з гонарам паведамляе кіраўніцтва краіны як пра адно з сваіх галоўных дасягненьняў. Аднак ёсьць невялікая катэгорыя грамадзянаў, на памеры пэнсій якіх ніяк не ўплываюць чарговыя павышэньні. І прычына тут - палітычная.

Гэта былыя службовыя асобы высокага рангу Георгій Таразевіч, Станіслаў Шушкевіч, Мечыслаў Грыб і Сямён Шарэцкі. Усе яны ўзначальвалі ў свой час вышэйшы заканадаўчы ворган краіны - Вярхоўны Савет, ім была паложаная адпаведная пэнсія.

Вось што распавядае Мечыслаў Грыб:

(Грыб:) "Я атрымаў пэнсію як старшыня Вярхоўнага Савету ў студзені 1996 году. Яна на той час складала 1 мільён 100 тысячаў рублёў. На той час гэта была пэнсія больш-менш задавальняючая. Яна складала ў адпаведнасьці з законам 75 % зарплаты старшыні. Але йшоў час, яна за гэтыя гады не пераглядалася."

Як не пераглядалі і ўсім. У сьнежні 1997 году Аляксандар Лукашэнка выдаў указ, якім прызначыў пэнсіі за асобыя заслугі перад Рэспублікаю Беларусь Дземянцею, Кебічу, Сакалову, Аксёнаву, Кавалёву, усім былым савецкім і партыйным кіраўнікам. Яе памер і складае тыя 75 % былога заробку, якія трэба выплочваць па закону. Шарэцкі, Грыб, Шушкевіч, Таразэвіч у пералік не ўвайшлі. Відаць, на думку прэзыдэнта, калі названыя асобы не падзяляюць ягоныя погляды, то яны ня маюць заслугаў перад Беларусьсю.

Я пацікавілася ў Грыба, чаму чацьвярым пакрыўджаным не зьвярнуцца было ў такім разе, скажам, у Эўрапейскі суд, бо ўвачавідкі тут парушэньне правоў чалавека. У грамадзяніна адбіраюць тое, што ён зарабіў за сваё працоўнае жыцьцё.

(Грыб:) "Нашу заяву Эўрапейскі суд ня прыме да разгляду, таму што мы не зьяўляемся ані сябрамі Эўрасавету ні Эўрасаюзу. І мы можам паскардзіцца толькі ў камісію па правох чалавека ў ААН, але рашэньне гэтай камісіі носіць дарадчы характар."

Але можна было б стварыць хаця б прэцэдэнт, зьвярнуць увагу да пытаньня. Мечыслаў Грыб лічыць, што гэта нічога ня дасьць. Вось пазбавілі яго, напрыклад, адвакацкае ліцэнзіі, і куды б ні скардзіўся экс-сьпікер, дайшоў да Вярхоўнага Суду, і ўсюду адказ - "усё зроблена законна".

І ўсё ж такі маральны прэцэдэнт трэба было б стварыць, бо насельніцтва звычайна падзяляе тактыку прэзыдэнта ў адносінах да пэўных былых высокапастаўленых асобаў. Маўляў, з аднаго боку — яны нахапалі, калі былі пры пасадзе, а з другога боку выступаюць з крытыкай палітыкі ўлады. Грыб адмовіўся ад сьпікерскай пэнсіі й перайшоў на ваенную, яна крыху большая, Шушкевіч чытае лекцыі ў Польшчы, Шарэцкі і Таразэвіч маюць нейкае падспор'е з дачных участкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG