Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 сьнежня 1998 г.


Юрась Карманаў, Менск

Пасьля ўчорашняй акцыі пратэсту супраць падпісаньня ў Маскве беларуска-расейскай дамовы 10 чалавек былі затрыманыя. Частка зь іх знаходзіцца й цяпер у спэцразьмеркавальніку на Акрэсьціна.

Затрыманьнем дзесяцёх і шпіталізацыяй двух чалавек завяршылася 25 сьнежня антыінтэграцыйная акцыя пратэсту, у якой прымала ўдзел каля 15 чалавек. Несанкцыянаваная акцыя была арганізаваная прадстаўнікамі Беларускага Народнага Фронту, «Хартыі-97» і праваабарончага цэнтру «Вясна-96». У 18.30 яны перакрылі праезную частку галоўнага менскага праспэкту Скарыны ў раёне пляцу Якуба Коласа ў знак пратэсту супраць падпісаньня ў Маскве дакумэнтаў аб стварэньні «беларуска-расейскай дзяржавы». Удзельнікі імправізаванай акцыі трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі й вялікі транспарант антыінтэграцыйнага зьместу.

Затрыманьні ўдзельнікаў пачаліся праз паўгадзіны пасьля пачатку акцыі. У Савецкі РАУС Менску былі дастаўленыя сябры Беларускага Народнага Фронту Віктар Фурман (45 гадоў), Віктар Марозаў (48 гадоў), Алесь Карызна (64 гады), Уладзімер Руснак (50 гадоў), сябра аргкамітэту «Хартыі-97» Зьміцер Бандарэнка. Пералічаныя асобы знаходзяцца й цяпер у спэцразьмеркавальніку на Акрэсьціна.

Пасьля складаньня пратаколу, каля 1 гадзіны ўначы, з Савецкага РАУСу былі вызваленыя Любоў Лунёва (праваабарончы цэнтар «Вясна-96»), Людміла Гразнова (дэпутатка Вярхоўнага Савету, актывістка «Хартыі»), Галіна Юрына (таксама актывістка «Хартыі») і апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі, у якога імкнуліся адабраць відэакасэту.

Дэпутат Валеры Шчукін быў дастаўлены ў Савецкі РАУС. Невядома, што адбывалася ў Савецкім РАУСе, але цяпер Шчукін знаходзіцца ў 9-тым клінічным шпіталі Менску, у аддзяленьні нэўрахірургіі.

Учора падчас акцыі аўтамабілем BMW быў зьбіты 34-гадовы сябра БНФ Лявон Сакольчык, які таксама быў шпіталізаваны. Міліцыянты Савецкага РАУСу адмовіліся аказваць пацярпеламу мэдычную дапамогу.

У панядзелак над удзельнікамі акцыі пратэсту распачнуцца суды, а заўтра ў Менску адбудзецца пікет.

Сакратар Управы БНФ Анатоль Крыварот заявіў нашаму радыё, што прысьвечаны ён будзе падпісаным у Маскве дакумэнтам.

(Крыварот:) «Гэта – анэксія Беларусі ў склад Расеі, мы так гэта разумеем. Учора а 19 гадзіне шэраг сяброў Беларускага Народнага Фронту былі затрыманыя і цяпер знаходзяцца ў спэцразьмеркавальніку на Акрэсьціна. Заўтра Беларускі Народны Фронт ладзіць пікет у Чыжоўцы, каля кінатэатра «Дружба». Пікет санкцыянаваны, ад 12 да 14 гадзінаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG