Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 сьнежня 1998 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Вышэйшы Гаспадарчы Суд Беларусі зрабіў своеасаблівы калядны падарунак рэдакцыі газэты «Наша Ніва». Судзьдзя Ірына Петухова прызнала несапраўдным папярэджаньне, вынесенае газэце Дзяржаўным Камітэтам па друку Беларусі. Суд пакінуў ведамству сп. Падгайнага магчымасьць абскардзіць гэтае рашэньне на працягу 10 дзён. Учора ў нашай праграме вынікі судовага працэсу камэнтаваў галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Сяргей Дубавец. Сёньня мы вырашылі пазнаёміць слухачоў Радыё Свабода з думкаю супрацьлеглага боку.

Як паведаміў юрыст-кансультант Дзяржкамітэту па друку, які не захацеў называць свайго прозьвішча, іхнае ведамства незадаволенае рашэньнем Вышэйшага Гаспадарчага Суду і хутчэй за ўсё будзе яго абскарджваць. Чыноўнік упэўнены, што Дзяржкамдрук паступіў слушна, калі вынес «Нашай Ніве» папярэджаньне за парушэньне артыкулу 6 Закону аб СМІ. Паводле ягоных словаў, выносячы папярэджаньне, Дзяржкамітэт зыходзіў з таго прынцыпу, што дарэформавы беларускі правапіс, якім карыстаецца газэта, «зьяўляецца скажэньнем агульнапрынятай нормы правапісаньня».

Чыноўнік сказаў, што іхнае ведамства «лічыць агульнапрынятым той правапіс, які выкладаецца ў школе і якім карыстаюцца дзяржаўныя ўстановы й СМІ. А правапісам Тарашкевіча карыстаецца толькі апазыцыя і беларуская эміграцыя, таму яго нельга лічыць агульнапрынятым, што пацьвердзіў у сваім заключэньні экспэрт член-карэспандэнт Акадэміі Навук Беларусі мовазнаўца Аркадзь Жураўскі», – сказаў супрацоўнік Дзяржкамдруку.

Цяпер чыноўнікі зь ведамства сп. Падгайнага чакаюць, калі прэзыдэнтава «палата прадстаўнікоў» дасьць дакладныя тлумачэньні Закону аб СМІ і ў прыватнасьці юрыдычна вызначыць – што такое «агульнапрынятыя нормы беларускай мовы». «Калі ў нас на руках будзе гэтае парлямэнцкае тлумачэньне, мы будзем далей адстойваць сваю рацыю ў Гаспадарчым Судзе», – сказаў прадстаўнік Дзяржкамдруку.

Такім чынам, падобна на тое, што змаганьне «Нашай Нівы» яшчэ далёка не завершылася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG