Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 сьнежня 1998 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

На працэсе над былым старшынём акцыйнага таварыства «Расьсьвет» Васілём Старавойтавым, што праходзіць ад 30 лістапада ў райцэнтры Кіраўск Магілеўскай вобласьці, абвешчаны нечаканы перапынак. Суд павінен разгледзець хадайніцтвы міжнародных праваабарончых арганізацыяў і тых грамадзянаў Беларусі, якія просяць вызваліць Васіля Старавойтава з-пад варты.

Ад 30 лістапада, калі ў Кіраўску пачалі судзіць Васіля Старавойтава, гэта ўжо другая спроба адвакатаў дамагчыся зьмены меры ўтрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе. Папярэдняе хадайніцтва было адхіленае судом без асаблівых затрымак. Але цяпер, пэўна, прыйдзецца паламаць галаву ў пошуках аргумэнтаў на карысьць далейшага ўтрыманьня за кратамі 74-гадовага хворага старога. Справа ў тым, што зараз у абарону Старавойтава падалі свой голас ня толькі адвакаты, але таксама беларускія й міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, аўтарытэтныя грамадзяне Беларусі, ды нават калгасьнікі з калгасу «Расьсьвет».

Усяго 575 аднавяскоўцаў славутага старшыні, у тым ліку герой сацыялістычнай працы Фядосія Кісялёва, просяць суд адпусьціць Старавойтава дадому. Даярка Кісялёва даслала сваё асабістае ручальніцтва, што яе былы старшыня ад суду не ўцячэ. Такое самае ручальніцтва накіравалі ў суд былы судзьдзя Канстытуцыйнага Суду Беларусі Міхаіл Пастухоў і прафэсар, старшыня грамадзкай арганізацыі «Саюз Чарнобыль» Георгі Лепін.

Георгі Лепін нават прыехаў сяньня на працэс, каб асабіста заявіць, што ён на час слуханьняў гатовы сесьці ў клетку замест Старавойтава – толькі б таго адпусьцілі дадому. Аднак суд на чале з Надзеяй Чмарай вырашыў не даваць слова вэтэрану ліквідацыі чарнобыльскай аварыі, палічыўшы дастатковым, што ягонае пісьмовае ручальніцтва прынятае да ўвагі.

Прынятыя да ўвагі былі таксама просьбы беларускіх праваабарончых арганізацыяў — Беларускага Гельсынскага Камітэту, Лігі Правоў Чалавека і арганізацыі Human Rights Wаtch. Яны таксама заклікаюць беларускія ўлады праявіць міласэрнасьць да старога вязьня. Умовы, у якіх ён сёньня знаходзіцца, названыя ў гэтых лістах пагрозьлівымі для ягонага жыцьця.

Між тым пракурор Аляксандар Казакевіч зноў выказаў сумненьне – ці праўда тое, што пішуць у сваіх лістах міжнародныя назіральнікі. Пракурор запрасіў для праверкі Бабруйскага сьледчага ізалятару два дні, зь якіх атрымаў толькі адзін. Заўтра ён павінен дакласьці суду: якая тэмпэратура, вільготнасьць, колькі людзей у камэры, у якой сядзіць Старавойтаў. Адвакаты Старавойтава Вера Страмкоўская і Гары Паганяйла прадбачаць вынікі гэтай правекркі. У прыватнасьці, Гары Паганяйла заяўляе, што хутчэй за ўсё зноў пацьвердзіцца, што абыходзяцца са Старавойтавым зусім нармальна. Між тым, здароўе Старавойтава ўсё пагаршаецца. Ягоны бранхіт стаў хранічным, абвайстрыліся іншыя захворваньні, – дадае адвакат Страмкоўская. На яе думку, пракурор проста спрабуе забясьпечыць сабе алібі на той выпадак, калі зь вязьнем у турме нешта здарыцца.

Сам Аляксандар Казакевіч не раскрывае сакрэтаў, як ён будзе правяраць умовы ўтрыманьня Старавойтава – паедзе ў Бабруйскі сьледчы ізалятар, ці будзе правяраць турэмшчыкаў праз тэлефон. На маё пытаньне на гэтую тэму Казакевіч адказваць увогуле адмовіўся, сказаўшы толькі: «Пачакаем заўтрашняга дня».

Што ж, пачакаем. Заўтра, пасьля агалошваньня вынікаў праверкі Бабруйскага СІЗА, суддзя Чмара абяцае вырашыць галоўнае пытаньне – адпусьціць Васіля Старавойтава пад падпіску аб нявыезьдзе, як гэтага просяць міжнародныя арганізацыі й многія грамадзяне Беларусі, ці зноў пакінуць за кратамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG