У Дануты Бічэль-Загнетавай даўно не выходзілі кніжкі. Перадапошняя – «Снапок» – была набраная ў выдавецтве «Мастацкая Літаратура» яшчэ ў 1993 годзе ды так і ня выдадзеная дагэтуль. Але новая кніжка яе вершаў – «Нядзелька» – паявілася невялікім тыражом у Горадні. Выдадзеная яна грамадзкім аб'яднаньнем «Ратуша», а рыхтавалі яе да друку маладзёны з Альянсу ймя Вітаўта Вялікага. Аформіў мастак Алесь Сураў. Прэзэнтацыя кніжкі адбылася ў клюбе «Паходня». Паэтка сказала, што новыя вершы пазбаўленыя палітыкі, абурэньня. Яны – як бы ўспамінак пра тую этнаграфічную Беларусь яе маленства й юнацтва, якой ужо няма, бо яе зьнішчылі Савецкі Саюз і горад. Аглядаючыся назад, яна прызнаецца, што самымі непрыемнымі для пісьменьнікаў былі часы недзе ад 1964 да 1975 году – арышты, падслухоўваньні ў кватэрах, запрашэньні на размовы ў кампэтэнтныя ворганы, здрады, самвыдаў. «У савецкай Беларусі, – сказала аўтарка, – паэтам было ня так дрэнна. Горш было празаікам, калі прымушалі перарабіць палову рамана – як Караткевічу. Савецкая ўлада і кампартыя не шкадавалі на паэзію паперы, але вершы не былі патрэбныя ні раней, ні цяпер, калі нацыя так і засталася нясьпелай, калі так і не патрэбная беларуская мова. У нас квітнее шэрая літаратура й шэрая культура, – сказала Данута Бічэль-Загнетава, – вышэй за ўсё – самадзейнасьць, «Дажынкі»...» Яна заўсёды пісала вершы, ня думаючы пра цэнзуру. потым, калі даходзіла да друку – нешта даводзілася перарабляць або замяняць іншымі вершамі. Так было і з кніжкай «Дзе ходзяць басанож», за якую яна атрымала потым Дзяржаўную Прэмію, – палову вершаў давялося замяніць на запатрабаваньне цэнзуры. Але асаблівых прынцыпаў у цэнзараў не было. «Там быў калгасны бардак», – гаворыць паэтка. Таму іншы варыянт верша праходзіў, удавалася захаваць яго ідэю й думку. Так, напрыклад, было зь вершамі пра Ўладзімера Жылку і Ўладзімера Хадыку. Якая паводле ліку гэтая яе кніжка? Паэтка не падлічвала. Ведае, што дваццаць ужо было. Але тут жа гаворыць, што ў Ларысы Геніюш было толькі тры, а ў Максіма Багдановіча – адна. Ларысу Геніюш яна называе сваёй духоўнай маці. Яна надрукавала ў новай кніжцы вершы пра сьмерць, што чамусьці неўласьціва беларускім літаратарам, і гаворыць, што ёй вельмі дапамагаюць жыць людзі, якіх ужо няма – яе бацькі, дзядзькі, цёткі, муж, а яшчэ – Багдановіч, Геніюш, польскі перакладчык Мацей Юзэф Канановіч, Уладзімер Караткевіч, якога яна называе Валодзем. У зборніку «Нядзелька» ёсьць хрысьціянскія вершы, вершы пра ўнукаў паэткі, вершы пра людзей, пра якіх яна таксама думае – Ефрасіньню Полацкую, Элізу Ажэшку-Арэшку, пра Касьцюшку, Караткевіча, Цётку. Паэтка гаворыць: яе грэе, дапамагае жыць тое, што ў горадзе ёсьць моладзь, якая яе паважае. Наракае, што Саюз Палякаў імкнецца выселіць усімі сіламі абласное аддзяленьне Саюзу Пісьменьнікаў, якім яна кіруе, з дома Элізы Ажэшкі. Яна гаворыць, як ёй дапамагае жыць і пісаць Наш Горад, нават перароблены, які варты новых твораў і новых помнікаў. Вось радкі зь верша «Наш Горад», вельмі, зрэшты, асабістыя: Пахіснуўся мой горад і ўправа і ўлева,
А пілуюць мяне нібы дрэва.
Заварылі атруту і ставяць да кавы,
У мяне тут згарнуліся справы.
І малітву на мове зальюць і аспрэчаць,
І падножку, і вострым у плечы...
І адзіны забыты і праведны Божа
Мне дадому дайсьці дапаможа. Яна ўспамінае, што Караткевічу, які ўпершыню трапіў сюды ў 1965 годзе, так тут спадабалася, што ён сказаў ёй: «Як я буду прэзыдэнтам Беларусі, я адрэстаўрую Стары Горад, накрыю яго шкляным каўпаком, каб ён не разбураўся». Ён стаяў на вуліцы Гараднічанскай і гладзіў рукой сьцяну кляштара. Такім яго запомніла тады Данута Бічэль-Загнетава. Дарэчы, сваю новую кніжку яна выпусьціла толькі пад сваім дзявочым прозьвішчам – Данута Бічэль. Якая яе мара, калі б можна было нарадзіцца яшчэ раз? – пацікавілася моладзь. «Я хацела б нарадзіцца беларускай паэткай у вольнай незалежнай краіне, у якой я не жыла», – адказала яна.