Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У весьляроў-алімпійцаў — замена Шанцы нашых плыўцоў


У весьляроў-алімпійцаў — замена
Шанцы нашых плыўцоў

(эфір 3 Верасьня 2000)

Сёньня ў праграме:
— замена ў алімпійскай камандзе Беларусі за тыдзень да спаборніцтваў,
— шанцы беларускіх плыўцоў.

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

(Цыганкоў: ) “Натуральна, што з набліжэньнем Алімпіяды тэма галоўнае спартовае падзеі году займае ўсё большае месца ў нашай спартовай перадачы. Учора 2 верасьня ў Аўстралію накіравалася яшчэ адна група беларускіх спартоўцаў — зборная краіны ў веславаньні на байдарках і каноэ. У складзе нацыянальнае каманды — алімпійскі чэмпіён Аляксандар Масейкоў. Яго зьяўленьне ў шэрагах алімпійцаў для многіх заўзятараў сталася нечаканасьцю, паколькі сярод зацьверджаных 9 жніўня Нацыянальным Алімпійскім камітэтам удзельнікаў маючых адбыцца ў Сыднэі гульняў прозьвішча Масейкова ня значылася.

Распавядае Міхал Стэльмак…”

(Стэльмак: ) “У сьпіс спартовае дэлегацыі Беларусі ў Аўстраліі Нацыянальны Алімпійскі камітэт унёс Андрэя Бяляева. Два апошнія гады Бяляеў быў лепшым сярод беларускіх весьляроў на каноэ. Апярэджваў ён на спаборніцтвах і Аляксандра Масейкова — спартоўца з гучным імем, які 8 гадоў таму выйграў “золата” на Алімпійскіх гульнях у Барсэлёне. Якраз большасьць асабістых перамогаў над Масейковым і схіляла чыноўнікаў аддаць білет у Сыднэй менавіта Бяляеву.

Аднак спорт ёсьць спорт. У апошнія месяцы ў алімпійскага чэмпіёна Масейкава адкрылася, так бы мовіць, “другое дыханьне”. Ён пачаў даганяць першага нумара зборнай. У ліпені–жніўні “герой” барсэлёнскай Алімпіяды ўвайшоў у найлепшую спартовую форму. На ўнутраным чэмпіянаце Беларусі Масейкоў пераканаўча выйграў усе дыстанцыі ў свайго галоўнага канкурэнта. І тады галоўны трэнэр нацыянальнае зборнай Беларусі ў веславаньні Анатоль Каптур прыняў, здаецца, адзіна слушнае рашэньне.

Для вартых адзін другога спартоўцаў ён наладзіў вырашальнае змаганьне: абодвух весьляроў пасадзілі ў аднолькавыя чаўны й загадалі плыць па суседніх водных дарожках. Было абвешчана, што ў Сыднэй паедзе пераможца. Вочны двубой выйграў Аляксандар Масейкоў, які гэткім драматычным чынам і здолеў зблытаць пляны й спадзяваньні ня толькі Андрэя Бяляева, а й спэцыялістаў ды заўзятараў гэтага спорту.

Пра гэтую інтрыгоўную перадалімпійскую гісторыю распавёў мне напярэдадні ўчорашняга ад’езду ў Аўстралію сам кіраўнік нацыянальнае зборнай Анатоль Каптур. Камэнтуючы нашаму радыё пэрспэктывы нацыянальнае каманды, зьвязаныя з уключэньнем у яе склад новага чальца Масейкова, галоўны трэнэр, у прыватнасьці, зазначыў:

(Каптур: ) “Спадзяемся на яго добры выступ там на Алімпіядзе. Ён, як спартовец, псыхалягічна вельмі ўстойлівы. Аляксандар выступіць у Аўстраліі на дыстанцыі 500 мэтраў. Ня выключана, што яму давядзецца веславаць і на 1000-мэтровай дыстанцыі.

Безумоўна, самы галоўны канкурэнт — расейскі вясьляр на каноэ-адзіночцы Барыс Опалеў, які трыюмфальна выступіў на апошнім чэмпіянаце сьвету ў Міляне. Вельмі моцных спартоўцаў у веславаньні на каноэ маюць Нямеччына, Чэхія, Славакія, Баўгарыя і Ўкраіна.

Ёсьць шмат чыньнікаў, якія могуць адбіцца на канчатковых выніках. Напрыклад, гэтыя вынікі залежаць ад вады, на якой будуць адбывацца спаборніцтвы, ад заездаў, нарэшце, ад ветру. Масейкоў вяслуе зьлева. І калі вецер пад правую руку, дык “леваму” весьляру веславаць больш складана. І таму вецер мае вялікае значэньне”, — лічыць Анатоль Каптур.

Паводле словаў трэнэра нацыянальнае зборнай, у Аўстраліі Аляксандар Масейкоў выступіць на новым чаўны замежнае вытворчасьці. Яго надоечы набылі ў Партугаліі за дзьве з паловаю тысячы даляраў. На думку кіраўніка зборнай, гэта падвышае шанец алімпійскага чэмпіёна зь Беларусі ў змаганьні за новую алімпійскую ўзнагароду. Дарэчы, менавіта адсутнасьцю добрага чаўну тлумачыць свой складаны шлях на цяперашнія Гульні ў Аўстралію сам знакаміты спартовец. Рэч у тым, што дагэтуль каманда мела усяго адзін сучасны човен. На большую колькасьць не было грошай. І вось зараз такіх сучасных чаўноў у зборнай каманды Беларусі, паводле словаў яе галоўнага трэнэра Каптура, стала ажно… два”.

(Цыганкоў: ) “Пра складаную сытуацыю ў беларускай вясьлярскай камандзе распавядаў Міхал Стэльмак.

Бадай, ніхто зь беларускіх алімпійцаў ня мае такіх напалеонаўскіх плянаў як плыўцы. І сапраўды, калі чатыры гады таму на алімпійскіх гульнях у Атлянце ніхто зь іх не ўздымаўся вышэй 15-га месца, дык у Сыднэю яны хочуць здабыць мэдалі і ўдзельнічаць у дзесяцёх фінальных заплывах. Гаворыць Уладзімер Глод…”

(Глод: ) “Сярод тых, хто спадзяецца вылавіць мэдалі ў алімпійскім басэйне, Натальля Бараноўская. Разам зь Міхасём Чугуевым, які адначасова зьяўляецца ейным мужам і трэнэрам, яны склалі індывідуальны плян, згодна зь якім і рыхтуюцца да галоўнага старту. 16 верасьня Натальля мае намер два разы на дзень удзельнічаць у эстафэце. А на наступны дзень заплянаваны старт на дыстанцыі 400 мэтраў вольным стылем. І тут Бараноўская хоча трапіць у фінал, што азначае два заплывы на працягу аднаго дня. Два старты й 18 верасьня: дыстанцыя 200 мэтраў, папярэдні й паўфінальны заплывы. Вось такі напружаны графік, які добра адлюстроўвае тыя вялізарныя намаганьні, якія мусіць прыкласьці спартовец, каб перамагчы. Але сямейны дуэт спадзяецца на посьпех.

Сярод тых, на каго спадзяюцца трэнэры — Аляксандар Гукаў, Алег Русьлевіч, Зьміцер Каптура, Зьміцер Каліноўскі, Ігар Каляда… Калі яны змогуць пераадолець дыстанцыю з асабістым рэкордам, дык ёсьць надзея, што гэтыя хлопцы дадуць ачкі камандзе Беларусі ў неафіцыйным падліку. Цікава, што галоўны трэнэр зборнай Сяргей Мацьвіенка разьлічвае менавіта на асабістыя рэкорды сваіх выхаванцаў. Як ён лічыць, разьлікі ўзятыя не са столі, а сплянаваныя супольна — спартоўцамі, іхнымі асабістымі трэнэрамі й галоўным настаўнікам. Калі ня ставіць перад сабою надзвычайныя мэты, няма сэнсу ўвогуле ляцець у далёкую Аўстралію, — лічыць Сяргей Мацьвіенка.

Акрамя Натальлі Бараноўскай, трэнэрскі штаб беларускае каманды ўскладае найбольшыя надзеі на Зьмітра Каліноўскага і Аляксандра Гукава. Тытулы Аляксандра гавораць, як кажуць, за сябе. Ён тройчы ўздымаўся на вышэйшую прыступку п’едэсталу гонару пяршынства Эўропы, а аднойчы, тры гады таму, нават станавіўся чэмпіёнам сьвету. Значных посьпехаў дасягаў і Зьміцер. Але, на думку некаторых трэнэраў, іхны зорны час ужо прайшоў. Хаця самі спартоўцы хочуць менавіта ў Сыднею абвергнуць гэтае сьцьвярджэньне.

Чатыры гады таму ў амэрыканскай Атлянце беларускія плыўцы зрабілі вялікую памылку. Яны прыляцелі сюды роўна за 10 дзён да пачатку спаборніцтваў. І таму іхныя першыя старты супалі з самымі горшымі днямі акліматызацыі. З гэтае памылкі зроблены пэўныя высновы. Каманда, якая рыхтуецца да заплываў у басэйне Сыднэю, ужо тыдзень знаходзіцца ў Аўстраліі”.

Віталь Цыганкоў

XS
SM
MD
LG