Камэнтар да расейскага камэнтаваньня
НХЛ супраць Яшына
(эфір 2 Ліпеня 2000)
Сёньня ў праграме:
– размова з Аляксандрам Пуцілам;
– дыскваліфікацыя расейскаму легіянэру за страйк. Праграму вядзе Віталь Цыганкоў. (Цыганкоў: ) “Чэмпіянат Эўропы па футболу падарыў заўзятарам шмат феерычных і запамінальных матчаў, фантастычных момантаў вышэйшага футбольнага мастацтва. Здаецца, адзінае, што перашкаджала атрымліваць асалоду ад сапраўднага сьвята гульні – гэта безгустоўныя і безапэляцыйныя камэнтары расейскіх тэлекамэнтатараў. Па сабе й па некаторых сваіх знаёмых ведаю, што жаданьне адключыць гук часам перамагае натуральнае імкненьне атрымліваць інфармацыю пра абставіны і акалічнасьці таго ці іншага матчу. Бяздоказныя абвінавачваньні судзьдзяў у перадузятасьці, пустая і недарэчная балбатня, адсутнасьць пачуцьця меры ў ацэнках, здаецца, можа раздражніць нават самага спакойнага заўзятара. Пра расейскія камэнтары чэмпіянату Эўропы, а таксама пра адметнасьці беларускіх спартовых камэнтатараў мы разважаем са спартовым карэспандэнтам Агэнцыі тэлевізійных навінаў Беларускае тэлевізіі Аляксандрам Пуцілам…” (Пуціла: ) “Відавочна, расейскі камэнтар стаў ніжэй, ніжэй і ніжэй з кожным годам. Справа ў тым, што самалюбаваньне ў эфіры, тым больш размова міжсобку, асабліва калі на расейскім тэлеканале вялі рэпартаж два камэнтатары… Гэта я лічу ўвогуле лішнім. Таму што яны разважаюць міжсобку, даюць ацэнку хутчэй не гульні на полі, а ацэнку сваім выказваньням. Вось адзін выказаў нешта, а іншы яго папраўляе, і гэты быццам бы згаджаецца. Гэта ўсё лішняе, няспынная гамана – вельмі цяжкая для вушэй заўзятараў. У мяне ёсьць, як і ў многіх, кумір камэнтару – Мікалай Возераў. Казалі што Мікалай Мікалаевіч быццам бы не разьбіраецца ў хакеі ці ў футболе, але ягоны талент завесьці публіку, тэлеаўдыторыю – гэта, вядома, клясыка. Вы ж памятаеце: “Говорит и показывает Прага…” – і ўсе адразу кідаюцца да тэлевізараў, тыя, хто любіць хакей і тыя, хто ня любіць… Ён ня ўзгадваў, што “я быў на тым матчы, у той краіне”… Пра сябе казаў менш. Таму, я думаю, сёньня на расейскім тэлеканале добрых камэнтатараў ня тое што мала, іх наогул няма”. (Цыганкоў: ) “Можа, тут адгуляе ролю наступны, можа нечаканы, чыньнік – Расея, як вядома, ня здолела патрапіць на гэты турнір. Ці не здаецца, што расейскія тэлекамэнтатары выказваюць такім чынам сваю раззлаванасьць, літаральна зьневажаюць судзьдзяў, некаторыя каманды, іхны стыль і якасьць гульні…?” (Пуціла: ) “Я думаю, што калі б расейская зборная і была на гэтым чэмпіянаце, дык камэнтатары не былі б больш далікатнымі, больш тактоўнымі. Справа ў тым, што гэта залежыць ад узроўню камэнтатара, залежыць ад унутранае культуры. Калі камэнтатар сапраўды паважае футбол, любіць гульню – ня важна, любіць ён гэтую зборную ці ня любіць. Ён ва ўсякім разе мусіць быць стрыманым. Вось быў матч з удзелам швэдзкай зборнай. Расейскія камэнтатары пачынаюць казаць: вось швэды ўжо стаміліся, яны ўжо не гуляюць, ім нічога ня трэба й гэтак далей. І потым тая швэдзкая зборная амаль цэлы тайм праводзіць на высокім узроўні. Разумееце, шмат такіх момантаў, калі расейскія камэнтатары, як Вы казалі, не паважаюць футбалістаў і арбітраў, горача даюць адзнакі, прычым на працягу некалькі хвілінаў зноў вяртаюцца да гэтага”. (Цыганкоў: ) “Вось такой упэўненасьцю сваёй апошняй інстанцыі, непагрэшнасьці і тое, што, аказваецца, празь дзень парушэньне там было ці не было, а на зараз, у гэты момант, даюць такую ацэнку, якая аказваецца няслушнай і ім потым ня сорамна за гэта…” (Пуціла: ) “Мне яшчэ не падабаецца, што камэнтатары вельмі няўважлівыя. Мы бачым на тэлеэкране, добра ўсё бачым, хто парушыў правілы, якое было парушэньне, за што была жоўтая картка. Камэнтатар знаходзіцца на стадыёне, у яго ёсьць манітор… усё, момант быццам прайшоў, а ён праз хвіліну–дзьве ня можа зразумець – за што быў пакараны гулец і якое было парушэньне і гэтак далей. Я думаю, трэба абавязкова быць стрыманым, быць тактоўным, быць элегантным у эфіры і, скажам так, памежна энэргічным”. (Цыганкоў: ) “Беларускі стыль камэнтаваньня, на маю думку, адрозьніваецца ад расейскага якраз адсутнасьцю вось гэтае безапэляцыйнасьці й безадказнасьці ў меркаваньнях. А чым, па-вашаму, вылучаюцца беларускія камэнтатары, якія ў іх добрыя або дрэнныя бакі?” (Пуціла: ) “Цяжка сказаць, што ёсьць добрага ў беларускіх камэнтатарах. Я лічу, што зараз наогул няма камэнтатараў, якія б працавалі ў эфіры з высокай якасьцю, якія добра валодалі б беларускай моваю. Я лічу добрым камэнтатарам – крыху ранейшага часу – Мікалая Мікалаевіча Петрапаўлаўскага, які працаваў пераважна на баскэтболе, але і ў яго былі цяжкасьці з моваю, пасьля на баскэтбол запрасілі іншых камэнтатараў. Сяргей Новікаў – гэта найбольш прафэсіянальны камэнтатар, ведае і гульню, валодае моваю, валодае непасрэдна, скажам так, адчуваньнем гледача. Пачынаецца момант беларускае каманды – ён узвышае голас, нашыя прайграюць – ён голас паніжае, карацей кажучы, жыве разам з гледачом… Ну а што зараз, наколькі я ведаю, у Творчым аб’яднаньні спартовых праграмаў? Прыходзіць студэнт з журфаку, яму кіраўніцтва кажа – ну, ідзі паспрабуй, пакаменціруй. Ну, хтосьці штосьці напіша там на аркушыку, прачытае… Але ведаеце, што яшчэ я сказаў бы, – улюбёнасьці ў беларускі спорт, у нашых спартоўцаў – каб адчувалі, што мы перажываем за іх – як камэнтатары, як спэцыялісты спорта – перадаць вось гэтыя перажываньні слухачу, тэлегледачу… Такога зараз ня ў кога няма”. (Цыганкоў: ) “Гэтак лічыць спартовы карэспандэнт Агэнцыі тэлевізійных навінаў Беларускае тэлевізіі Аляксандар Пуціла. Безумоўна, што апошнімі тыднямі бальшыня спартовых аматараў, захопленыя футбольным чэмпіянатам Эўропы, зьнізілі інтарэс да іншых спартовых падзеяў. Між тым днямі за акіянам завершыўся скандальны й разам з тым вельмі паказальны судовы працэс. Гэта справа хакеіста Нацыянальнае хакейнае лігі Аляксея Яшына. Летась Яшын запатрабаваў ад гаспадароў свайго клюбу “Атава сэнатарс” павялічэньня заробку, паколькі 3 мільёны 600 тысячаў даляраў у год расейскаму хакеісту падаліся занадта сьціплаю ацэнкаю ягонага таленту. Кіраўніцтва клюбу катэгарычна адмовіла хакеісту ў гэтым. Тады Яшын, якому, дарэчы, заставаўся ўсяго год да заканчэньня кантракту, абвесьціў страйк і заклікаў “Атаву” прадаць яго як мага хутчэй. У адказ “Атава” дыскваліфікавала Аляксея і заявіла, што ён мусіць адгуляць за каманду сэзон – як ён забавязаны у адпаведнасьці з кантрактам. Яшын у сваю чаргу заяўляў, што 30 чэрвеня аўтаматычна стане вольным ад усіх забавязаньняў. Справа гэтая набыла самы шырокі рэзананс – упершыню ў гісторыі прафэсійны гулец адмаўляўся выконваць умовы свайго кантракту. І вось на гэтым тыдні арбітражны суд прыняў рашэньне, паводле якога Яшын забавязаны згуляць за “Сэнатарс” прапушчаны сэзон на ўмовах старога кантракту. Кіраўніцтва НХЛ лічыць, што справа Яшына паслужыць добрым урокам усім хакеістам, якім калі–небудзь прыйдзе ў галаву пайсьці ягоным шляхам. Але пакараньне бунтаўніку можа стаць яшчэ мацнейшым. У ліпені адбудзецца новы суд, на якім Яшын будзе адказчыкам. НХЛ лічыць, што Яшын павінен выплаціць “Атаве” 7 мільёнаў даляраў для пагашэньня матэрыяльных стратаў, якія панёс клюб з-за ягонага страйку. Сюды ўваходзіць зьніжэньне наведвальнасьці й пагаршэньне вынікаў каманды. Відаць, НХЛ сур’ёзна вырашыла прадухіліць падобныя прэцэдэнты ў будучыні”. Віталь Цыганкоў, Менск