Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глябалізацыя.


Удзельнічаюць: зь Менску – філёзаф, культуроляг Ігар Бабкоў, з Прагі – палітычны камэнтатар Радыё Свабода Ефім Фіштэйн.

(эфір 1.11.2000)

Аўтар і вядучы: Віталь Тарас

Cа старажытнай Грэцыі да нашых часоў дайшоў міт пра выкраданьне Эўропы. Зэўс закахаўся ў прыгожую багіню і пад выглядам быка пераплыў зь ёй цераз мора на востраў Крыт. Там маладая Эўропа нарадзіла ад Зэўса сыноў.

Пазьнейшыя філёзафы й пісьменьнікі нярэдка параўноўвалі гэты сюжэт з рэзкім пераходам чалавецтва ад пастаральна-дагістарычнага існаваньня да сучаснай цывілізацыі – з усімі яе праблемамі, жахамі і выгодамі.

Магчыма, Беларусі ў 3-м тысячагодьдзі – як некалі Эўропе – наканавана канчаткова й назаўсёды далучыцца да рэчышча заходняй цывілізацыі.

«Выкраданьне Беларусі. Міты й рэаліі сучаснай эпохі.» Гэта назоў нашай новай перадачы.

Тэма першага выпуску – глябалізацыя.

(Тарас: ) “Міт пра Эўропу – толькі падстава для размовы пра дзень сёньняшні й заўтрашні. Будучыня, уласна, ўжо прыйшла. Яна вакол нас. Яе прыкметы – у новай марцы аўтамабіля, у новай кампутарнай праграме ў вашым кампутатары, у неверагоднай вопратцы альбо прычосцы, у новай кнізе з загадкавай назвай, у новых ідэях…

А лёс новых ідэяў вядомы. Спачатку ўсе кажуць – гэтага ня можа быць! Потым – у гэтым нешта ёсьць… І нарэшце – хто ж гэтага ня ведае!

У нашай перадачы мы будзем гаварыць пра тое, што зьявілася зусім нядаўна – учора, альбо дзесяць год таму і яшчэ ня сталася агульнавядомым, ці ўсім зразумелым, але абяцае заўтра стацца часткай штодзённасьці – у тым ліку, беларускай.

Аўтар музыкі, якую мы выбралі ў якасьці застаўкі перадачы – брытанскі кампазытар, колішні лідэр легендарнага рок-гурта “Джэнэзіс” Пітэр Гэбрыэл. Прагучала кампазыцыя “Чалавек, які любіў Зямлю” зь ягонага сёлетняга альбому “Ова”, прысьвечанага надыходу новага тысячагоддзя.

Пітэр Гэбрыэл вядомы ў сьвеце ня толькі як музыка й сьпявак, але і як заснавальнік фэсту Womad, на якім гучыць аўтэнтычная музыка розных народаў сьвету. Ён актыўны сябра арганізацыі Amnesty Int.

У сярэдзіне кастрычніка Гэбрыэл браў удзел у міжнароднай канферэнцыі ў Празе Форум-2000, прысьвечанай, акурат, праблемам глябалізацыі.

(Пітэр Гэбрыэл: ) “Памятаю, калі я быў падлеткам, захапляўся песьняй Бітлз Oll We Need is Love, якую перадавалі па тэлебачаньні ў адной зь першых трансляцыяў праз спадарожнік.

Я быў поўны надзеі: у гэтай песьні было быццам бы нейкае духоўнае пасланьне.

Гэта была праява пазытыўнае глябалізацыі.

І цяпер, кал я гляджу на сучасную культуру, дык задаюся пытаньнем – чым ёсьць культура?

Калі я быў маладым музыкам, мы эканамілі грошы, каб мець магчымасць займацца музыкай. І кожны вечар я гатаваў сабе малако.

Каб зрабіць зь яго ёгурт, трэба дадаць да яго пэўную культуру.
І я дагэтуль думаю, што культура ёсьць закваскай для пераўтварэньня”.

(Тарас: ) На думку Пітэра Гэбрыэла, глябалізацыя мае як станоўчыя моманты – напрыклад, дае магчымасьць кожнаму далучыцца да ўнікальных музычных скарбаў розных народаў сьвету, гэдак і дэструктыўныя.

Гэта, напрыклад, нівеляваньне густаў, у тым ліку, мастацкіх, у адпаведнасьці са стандартамі заходняй цывілізацыі.

Але што ж такое глябалізацыцыя як зьява?

Само гэта слова ўвайшло ў шырокі ўжытак менш як дзесяць гадоў таму. І ня проста ўвайшло – дыскусыя вакол глябалізацыі вырвалася з кабінэтаў навукоўцаў на вулічныя прасторы амаль усіх краінаў сьвету.

Нядаўнія акцыі пратэсту ў Празе супраць глябалізацыі з боку “зялёных”, анархістаў і левых груповак розных адценьняў насілі сапраўды інтэрнацыянальны характар з прысмакам бальшавізму.
Далоў Кока-Колу! Разбурым дашчэнту ўсе рэстараны Макдоналдс!

Але з чым нельга атаясамліваць глябалізацыю – дык гэта менавіта зь інтэрнацыяналізацыяй эканомікі, альбо з глябальным рынкам, а тым больш з амэрыканізацыяй.

Гэдакак лічыць вядомы брытанскі сацыёлаг Энтані Гідэнс.

На ягоную думку, глябалізацыя – гэта працэс, які перш за ўсё, тычыцца сродкаў сувязі. А гэта, ў сваю чаргу, пераўтварае сучаснае аблічча сьвету і стварае прынцыпова новыя магчымасьці для кожнага чалавека – найперш, у сфэры адукацыі.

(Энтані Гідэнс: ) “Можна сказаць, што цяперашняя эра глябалізацыі пачалася, калі першыя дзейсныя спадарожнікавыя сыстэмы сувязі пачалі працаваць на каляземнай арбіце.

Гэта час хуткіх зьменаў. І многія рэчы, якія закранулі нашае асабістае жыцьцё, былі вынікам усталяваньня глябальных сыстэмаў.

У той жа час, глябалізацыя, я ўпэўнены, тычыцца ў першую чаргу камунікацыяў, а ня рынкаў, альбо эканомікі ў цэлым.

Неабходна зразумець ролю адукацыі ў гэтым працэсе, але таксама, – больш дакладна вызначыць, які ўплыў мае глябалізацыя на жыцьцё кожнага чалавека”.

(Тарас: ) На думку сацыёляга, чалавек у цывілізаваным сьвеце мусіць быць аднолькава абаронены як ад ціску дяржавы, гэдак і ад ціску бязьмежнага рынку. Ён прывёў у прыклад тыя краіны Усходняй Эўропы, дзе дзяржавы перасталі ўжо дамінаваць над чалавекам, але ня сталіся яшчэ часткай глябальнага рынку.

У часе канферэнцыі Форум-2000 я запытыўся ў палітычнага камэнтатара радыё Свабода Ефіма Фіштэйна – ці лічыць ён, што глябалізацыя, сапраўды, дае нейкі шанец на посьпех новым незалежным краінам – у прыватнасьці, Беларусі?

(Фіштэйн:) “Як і кожны невычарпальны прадмет і кожны натуральны фэномэн, ён практычна не павінен выклікаць эмацыйных адносінаў.

Так, скажам, мы не пратэстуем супраць старэньня, ці супраць эвалюцыі чалавека.Глябалізацыя ёсьць натуральным працэсам.

Цікавыя два аспэкты.

Гэта тое, што глябалізацыя ў сваіх далёкіх наступствах можа пагражаць чалавечаму існаваньню – у прыватнасьці, чалавечай прывязанасьці да краіны, культуры, традыцыяў.

З другога боку, глябалізацыя дае агромністы шанец для многіх “закрытых” раней дзяржаваў.

І Беларусь, у прыватнасьці, належыць да ліку тых, хто можа ад глябалізацыі, хутчэй, выйграць, чымся прайграць.

Прыклад глябалізацыі паказвае, што ў той час, як разьвітыя заходнія грамадствы губляюць адметнасьць і праходзяць працэс нівеляваньня, і гэта выклікае хвалю супраціву глябалізацыі, дык многія былыя дыктатуры, наадварот, далучаюцца да некаторых навыкаў цывілізацыі, выкарыстоўваюць глябалізацыю з карысьцю для сябе.

Прыклад – многія дыктатуры Паўднёва-Усходняй Азіі, якія з адсталых краінаў змаглі ператварыцца ў “маладых тыграў” эканомікі, выйсьці з апошніх на першыя мейсцы ў рэйтынгу дзяржаваў.

Адарвацца, напрыклад, ад суседняга Пакістану й выйсьці ў лік першых дзяржаваў сьвету здолелі Сінгапур, Тайлянд, Малайзія. Хіба гэта не калясальны посьпех?

Думаю, што паралельна з эканамічным росквітам там адбываўся росквіт культуры й цывілізацыі. Гэтыя грамадзтвы далучыліся да дэмакратыі і сёньня зьяўляюцца дастакова дэмакратычнымі.

Тут шанец Беларусі – менавіта праз глябалізацыю, прынамсі, зрабіць спробу прарыву зь ліку адсталых краінаў у лік больш-менш вядучых. Прынамсі, гэта дае Беларусі значна большы шанец, чымся самаізаляцыя”.

Працягваем тэму, узьнятую на праскай канферэнцыі. Мы размаўляем па тэлефоне зь беларускім культуролягам, філёзафам, куратарам гуманітарнага аддзяленьня Беларускага калегіюму Ігарам Бабковым.

(Тарас: ) “Удзельнікі канфэрэнцыі выказвалі думку аб тым, што глябалізацыя несумяшчальная з паняцьцем нацыянальнай дзяржавы. На Вашую думку – ці сапраўды гэта так, і ці можа глябалізацыя нешта даць народам Усходняй Эўропы?”

(Бабкоў: ) “Па-першае, я хацеў бы ўдакладніць, што пад адным словам “глябалізацыя” насамрэч хаваюцца вельмі розныя зьявы й тэндэнцыі. Як адзінага працэсу глябалізацыі, па-сутнасьці, няма.

Рэальна ёсьць інтэлектуальная глябалізацыя, інфармацыйная, экалягічная, эканамічная, палітычная і г.д.

Зь інтэлектуальнай глябалізацыяй усё больш-менш ясна – культуры сапраўды ў ХХ-м ст. сталіся бліжэй, і Борхес сьцвярджае, што мы мусім адчуваць сябе нашчадкамі культуры ўсяго чалавецтва.

Цалкам усё зразумела з экалягічнай глябалізацыяй, таму што экалягічныя праблемы выходзяць па-за межы кампэтэнцыі нацыянальных дзяржаваў. Зь інфармацыйнай – таксама.

Што тычыцца палітычнай глябалізацыі, дык яна выявілася ў тым, што правы чалавека перасталі быць унутранай справай нацыянальных дзяржаваў.

Але больш за ўсё пытаньняў выклікае эканамічная глябалізацыя. І большасьць аналітыкаў атаясамлівае эканамічную глябалізацыю з глябалізацыяй увогуле.

Галоўная супярэчнасьць у тым, што ў межах эканамічнай глябалізацыі паўстае глябальны рынак капіталаў, але няма глябальнага рынку працы. Г.зн., багатыя краіны настойваюць на сваім праве ўкладаць свае капіталы практычна па ўсім сьвеце і адпаведна атрымліваць прыбытак, але пры гэтым закрываюць свае працоўныя рынкі.

Выгады, альбо нейкая карысьць ад глябалізацыі для краінаў Цэнтральнай і Усходняй Эўропы (і Беларусі ў тым ліку), залежаць ад таго, якое мейсца яны будуць займаць ва ўсіх гэтых вельмі канкрэтных працэсах – мейсца чыстых спажыўцоў, пасіўных успрымальнікаў, альбо будуць актыўна змагацца за свае сэгмэнты рынку, за права быць вытворцамі, скажам, інфармацыі, экалягічных ідэяў, інтэлектуальных тэкстаў, твораў культуры і г.д.”

(Тарас: ) “Як Вы ставіцеся да тэзы, што суперніцтва паміж глябалізацыяй і фундамэнталізмам у шырокім сэнсе слова – ня толькі рэлігійным фундамэнталізмам, але фундамэнталізмам у сэнсе фундамэнтальных, падмурковых каштоўнасьцяў ( скажам, сям”і, нацыі і г. д.), што гэтае проціборства будзе складаць галоўны зьмест наступнага стагоддзя, а мо’ нават, тысячагоддзя?”

(Бабкоў:) “Я досыць скэптычна стаўлюся да гэтай тэзы.

І зыходжу я з таго, што глябалізацыя так і не вытварыла ня тое што глябальную цывілізацыю, а хаця б, умоўна кажучы, глябальную культуру чалавецтва.

На сёньня яна дзейнічае праз стварэньне пэўных субкультураў.

Калі казаць пра глябальныя рэальныя субкультуры, на сёньня існуе толькі, практычна, субкультура бізнэсу. Бізнэсоўцы ва ўсім сьвеце, скажам, аднолькава думаюць, аднолькава апранаюцца, маюць аднолькавыя правілы вядзеньня справаў…

Нават маладзёвая субкультура, якая паўстала на падставе заходняй бунт-культуры – рок-музыка, напрыклад, мае досыць абмежаваныя магчымасьці пранікненьня.

І пасьля першага, звычайна, пранікненьня ў іншыя нацыянальныя культуры, яна адаптуецца да мяйсцовых умоваў і, скажам, паўстаюць нейкія нацыянальныя вэрсіі. Так паўстае тое ж азіяцкае МТV, ну й гэдак далей.

Я ня думаю, што ў наступным стагодьдзі глябалізацыя будзе здольная вытварыць нейкую цывілізацыйную альтэрнатыву такім каштоўнасьцям як, скажам, дом, сямья…“

(Тарас: ) "Пра лёс духоўных каштоўнасьцяў мы пагаворым ў адной з наступных перадачаў.

А на завяршэньне паслухайце песьню з новага альбому Пітэра Гэбрыэла. Песьня называецца Make Tomorrow – “Ствары заўтрашні дзень”.

Працяг будзе.

Віталь Тарас, Прага

XS
SM
MD
LG