Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як людзі прыходзяць да веры?


Удзельнікі: намесьнік старшыні Праваслаўнага Брацтва Трох Віленскіх мучанікаў Георгі Гаховіч, супрацоўнік выдавецкага аддзелу гэтага Брацтва Яўген Грамыка і захрыстыян менскай Грэка-Каталіцкай парафіі Сьвятога Язэпа Дзяніс Жукоўскі.

Аўтар і вядучы Сяргей Абламейка.

Амаль кожны з нас бывае у царкве ці касьцёле. Мы бачым там самых розных людзей: старых і маладых, хворых і здаровых, бедных і багатых. Ёсьць сярод вернікаў людзі рознага сацыяльнага статусу і розных нацыянальнасьцяў.

Усіх іх лучыць вера ў Бога і адрозьнівае адно ад аднаго нейкі свой шлях да веры, да царквы.

Якраз днямі мне давялося гутарыць з адной праваслаўнай беларускай, якая распавяла пра свой шлях да веры, я б сказаў, нават, пра свой падыход да веры, да царквы. Паходзіць яна із Заходняе Беларусі ды з праваслаўнае вёскі, таму саму канфэсыю ёй выбіраць не давялося. У Заходняй Беларусі яшчэ зь міжваеннага часу захоўваецца даволі абасобленае існаваньне праваслаўных з католікамі, і ў выніку – вельмі моцная прывязанасьць людзей да сваёй канфэсіі.

А вось да веры ўласна ў Бога мая суразмоўніца ішла інтэлектуальным шляхам. Прывыкшая да ўсяго дакопвацца сваім розумам, яна прайшла даволі доўгі эвалюцыйны шлях, пакуль, нарэшце, не зьвярнулася да веры. Як мне падалося, дык яна і яшчэ ўсё ідзе па тым шляху, усё яшчэ шукае ды сумняецца. Не сумняецца яна толькі ў выбары царквы. Бясспрэчна для яе адно – яна праваслаўная.

У сёньняшнім вупуску “Сымбаля Веры” я прапанаваў узяць удзел тром вернікам, шлях які да царквы, да веры, як мне здаецца, быў розным. Мы проста паслухаем іхнія расповяды.

Першым на маё пытаньне – як ён стаў актыўным вернікам? – адказвае намесьнік Старшыні Беларускага Праваслаўнага Брацтва Трох Віленскіх Мучанікаў Георгі Гаховіч, пляменьнік, між іншым, вядомага праваслаўнага дзеяча беларускай эміграцыі.

(Гаховіч: ) “Для мяне такой праблемы з маленства не стаяла, бо выхоўвалі мяне ў праваслаўнай сям’і. Абодва мае дзяды былі сьвятарамі. Сьвятарства цягнулася ў маёй сям’і з боку бацькі на працягу 200 гадоў. Таму, адпаведна, і выхоўвалі мяне ў праваслаўных традыцыях.

Але сказаць, што я адчуваў сябе з маленства вернікам, я не магу. І шлях да царквы, дзе я, дарэчы, зараз і працую, быў ня просты. Пэўна, як і большасьць людзей таго часу, я прайшоў усе ступені выхаваньня – дашкольнага, школьнага і па-зашкольнага. Уступаў і піянэры, і ў камсамол, і лічыўся там, нават, актывістам”.

(Абламейка: ) “З аднаго боку, ў вас была нейкая традыцыйная вера, прынамсі, зьнешнія яе праяўленьні, паколькі выхоўваліся вы ў праваслаўнай сям’і, з другога боку, вы зазналі ўсе ступені савецкага выхаваньня. А калі быў той момант, калі вы адчулі сьвядома ў сабе жывую веру?”

(Гаховіч: ) “Пэўна, я адчуў яе тады, калі ў мяне ўзьнікла такая ўнутраная неабходнасьць прадоўжыць справу, якую распачаў мой родны дзядзька, які жыў у Лёндане і стварыў там беларускі праваслаўны прыход. Пэўна, якраз пасьля яго сьмерці ў мяне ўзьнікла такое адчуваньне… Я пазнаёміўся з Брацтвам Трох Віленскіх мучанікаў і адчуў, што трэба ўнесьці свае сілы на гэты шлях. Гэта адбывалася недзе ў 1992 годзе.
Так што ня так проста і даволі доўга я ішоў да царквы.
Я ніколі яе не цураўся, безумоўна, але зьвязаць свой лёс, свае сілы аддаваць я пачаў ня так даўно”.

Як бачым, шлях 42-гадовага Георгія Гаховіча да царквы можна цалкам назваць традыцыйным. Як ня быць вернікам чалавеку, продкі якога па бацьку апошнія 200 год былі сьвятарамаі?

Наступны мой суразмоўца – 24-гадовы Яўген Грамыка, супрацоўнік выдавецкага аддзелу Брацтва Трох Віленскіх Мучанікаў, які ўжо, як на беларускія ўмовы, вельмі даўно, з 16 гадоў, ходзіць у царкву. Вось як гэта адбывалася ў яго.

(Грамыка: ) “Я прыйшоў да веры не адразу. Я быў выхаваны ў атэістычнай сям’і, мае бацькі ў Бога ня верылі. Але з самога дзяцінства, можа з год 11, я лічыў сябе поўным атэістам, лічыў, што Бога няма, і што гэта казкі, якія расказваюць бабулі.

А потым я пачаў назіраць, што ёсьць у сьвеце, пачаў назіраць такія зьявы, як “барабашкі”, нейкія лятаючыя аб’екты пачалі зьяўляцца. І гэта было так, што я пачаў думаць, можа нешта ўсё ж ёсьць невядомае, тое што мы… ну ня можам мы ведаць усяго, што ёсьць на сьвеце.

Вось так я пачаў думаць, якраз пайшла інфармацыя пра царкву, гэта быў канец 80 – пачатак 90 гадоў. Тады людзі пачалі патроху ўжо да царквы зьвяртацца. І я таксама. У 90 годзе я прыйшоў у царкву сам, проста пацікавіцца. На Вялікдзень проста зайшоў у царкву, паглядзеў, і так пачаў патрошку прыходзіць, прыходзіць, пакуль у 1991 годзе пасьля Вялікадня я папрасіў сваю маці, каб яна дапамагла мне прыйсьці ў царкву і пахрысьціца.

Яна сама таксама пачала задумвацца пра Бога, пра царкву, яна слухала пропаведзі айца Аляксандра Меня па радыё, і гэта яе таксама падзьвігла да царквы, але, нажаль, яна дагэтуль яшчэ застаецца непахрышчанай.

А я прыйшоў да царквы, яна мяне прывяла, і там я пахрысьціўся. Так я прыйшоў да царквы, і з тае пары ўжо 8 гадоў я зьяўляюся вернікам Праваслаўнае царквы”.

Пасьля гэтага расповяду Яўген Грамыка некалькі імгненьняў падумаў і дадаў яшчэ вось які момант з гісторыі свайго навяртаньня.

(Грамыка: ) “Справа ў тым, што вось з 90 да 91 году, ад Вялікадня да Вялікадня я проста хадзіў у царкву і мне было проста цікава што там адбываецца. Але на сябе я гэта неяк не прымяраў. Мне проста было там добра і ўсё. І вось пад час Вялікага посту 91 году я сустрэў там сваю настаўніцу па біялёгіі. І калі зь ёй пачалася размова, яна мяне спытала: “А ты ў царкву ходзіш, ты прычасьціўся?” Я адказаў, што я нехрышчоны. Яна кажа: “Дык ты хрысьціся, што ж ты так ходзіш”. І гэта мяне падштурхнула, тады я ўзяў сваю маці, пайшоў у кафедральны сабор і там пахрысьціўся”.

Ну і падсумоўваючы сказанае Яўгенам, трэба, напэўна, назваць ягоны шлях досыць тыповым для апошніх дзесяці год, калі шмат моладзі паімкнулася да царквы. Нават, прысутнасьць НЛА і палтэргейсту ў ягоным расповядзе зьяўляецца досыць тыповай зьявай.

Гісторыя майго наступнага суразмоўцы незвычайная. Гэта – 22-гадовы захрыстыян Менскай Грэка-Каталіцкай парафіі Сьвятога Язэпа, студэнт пэдагагічнага коледжу Дзяніс Жукоўскі. У мінулым – ён быў злодзеем, сябрам злодзейскае групоўкі і браў удзел у групавых крадзяжох, за што, нават, быў асуджаны. І вось менавіта вынікі судовага працэсу над ім ён лічыць цудам Божым і момантам свайго сапраўднага навяртаньня.

(Жукоўскі: ) “Усё маё дзяцінства акрэсьліваецца такой самотай, адзінотай. Мае бацькі вельмі рана разьвяліся, бацьку я бачыў вельмі рэдка, эпізадычна, і меў праз гэта ўвесь час сум, быў замкнуты ў сабе. Хоць быў вельмі актыўным, любіў кантактаваць з людзьмі.

Далейшае ўсё маё дзяцінства і юнацтва былі такім пратэстам. Пратэстам сьвету, жыцьцю, маім бацькам. Крыўда на маіх бацькоў. Антысацыяльныя паводзіны.

Пачыцнаючы з першых клясаў школы я быў самым кепскім, меў самыя дрэнныя паводзіны. Адзінае, што ўва мне бачылі добрага, гэта тое, што я любіў чытаць, любіў літаратуру, кніжкі заўсёды спадарожнічалі мне.

Далей у нейкі момант атрымалася, што я стаў на крымінальны шлях. Паступова я ператварыўся ледзьве не прафэсійнага злодзея. Даходзіла да таго, што мяне ў школе чакаў сьледчы. На мяне заводзілі адразу некалькі справаў. Бясконца выклікалі ў міліцыю.

У падлеткавым узросьце, калі я паступіў у будаўнічае ПТВ, пачаўся больш спакойны этап. Я пазнаёміўся са сваім дзядзькам, які прывёў мяне да бацькаўшчыны, да Беларусі, да ўсьведамленьня таго, што я беларус…”

(Абламейка: ) “Як завуць твайго дзядзьку?”

(Жукоўскі: ) “Ігар Патапенка. Ён таксама пазнаёміў мяне з маладымі юнакамі з Грэка-Каталіцкай, Уніяцкай царквы.

І тут у мяне пачаўся такі сьвяточны час. Мне было вельмі цікава, прыемна, прыгожа… Зусім іншае жыцьцё, зусім іншыя людзі, зусім іншыя адносіны…

Але і гэты этап працягваўся нядоўга. Я меў шмат псыхалягічных праблемаў, пытаньняў, якія ня змог вырашыць. І маё навяртаньне было яшчэ толькі “дэ юрэ”.

І дзесьці пасьля палутара год я зноў вярнуўся на той шлях, на якім быў раней. Я ізноў займеў адносіны з прафэсыйнымі злодзеямі, увайшоў у злодзейскую групоўку і… вельмі шмат нарабіў глупстваў.

Праз нейкі час я ізноў вырашыў, што ў мяне няма нічога агульнага з гэтымі людзьмі і адыйшоў ад іх. І думаў, што ўсё будзе добра, спакойна. Праз некаторы час (як заўсёды бывае ў жыцьці, за ўсё адказваем) на мяне была ўзбуджаная крымінальная справа па факце шматразовых крадзяжоў у групавым выкананьні.

Я разгубіўся і ня ведаў, што рабіць… Госпадзе, я ж кінуў адносіны з тымі людзьмі, Госпадзе, я ж пачаў ізноў жыць, як калісьці пачынаў, Госпадзе, я ж ізноў прыйшоў да Цябе…

Ішло да таго, што я меўся атрымаць доўгі тэрмін зьняволеньня і адправіцца ў турму. Я наводзіў розныя даведкі ў абазнаных юрыстаў, і ўсе ў адзін голас казалі, што самы мяккі прысуд па маёй справе – гэта так званае вольнае пасяленьне, прымусовая будоўля на некалькі год, “хэмія”.

Для мяне проста сьвет перавярнуўся. Усё што было раней, здавался дзіцячым. А зараз я мусіў адказаць за ўсё, я павінен быў сесьці ў турму… (плача – С. А.) Я хацеў скончыць жыцьцё самагубствам, я хадзіў як нежывы…

Я зьвярнуўся да Госпада. Я толькі тады да канца ўсьвядоміў, штО Ён ёсьць для мяне, толькі тады зьвярнуўся па сапраўднаму да Яго…

І потым усё павярнулася так добра, што я проста ня верыў. Я атрымаў толькі ўмоўна 2 гады. Гэтым усё скончылася. Ніхто ня верыў, што гэта можа быць. І гэта ёсьць маё фактычнае навяртаньне… (плача – С. А.), маё сапраўднае навяртаньне, калі я адкрыў для сябе Бога-Айца, як свайго сапраўднага бацьку які любіць мяне”.

(Абламейка: ) “Табе пагражаў вялікі тэрмін зьняволеньня, ты маліўся, атрымаў умоўна 2 гады, і лічыш гэта цудам і дапамогай Божай. І гэта мы можам лічыць момантам пачатку тваёй сапраўднай веры, так?”

(Жукоўскі: ) “Так”.

Гэта быў Дзяніс Жукоўскі, якому ўсяго 22 гады, і які прайшоў ужо такі вялікі шлях. Сёньня ён зьяўляецца мужам і бацькам, працаўніком царквы і студэнтам пэдагагічнага коледжу. Гэта – прыклад цудоўнага ператварэньня і жывой веры.

Думаю разам са сваімі паважанымі суразмоўцамі мы здолелі паказаць, што шлях да веры ў Бога бывае ў людзей розным. Нехта ўжо яго прайшоў, нехта ідзе, а нехта, можа, яшчэ і прыйдзе да царквы.

Сяргей Абламейка, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG