Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сымбаль Веры


Чаму прымхлівыя нават адукаваныя людзі? Ці можа быць прымхлівым вернік і ці забабоны не супярэчаць хрысьціянскай веры ва Ўсемагутнага Бога. У абмяркаваньні гэтай тэмы ўдзельнічаюць: прафэсар Папскай Тэалягічнай Акадэміі ў Кракаве а. Ян Кавальскі, сакратар Херсонскай праваслаўнай эпархіі а. Георгій Каваленка і вернік-пратэстант Артур Вольскі...

Пытаньне забабонаў прыходзіць мне на думку кожны раз, калі, напрыклад, еду аўтамабілем, і дарогу перабяжыць чорны кот. “Чаму з прычыны нейкага выпадковага ката мела б здарыцца няшчасьце?” - тлумачу сабе. Але ўсё роўна змрочныя думкі не пакідаюць мяне, і пачынаю ехаць надзвычай асьцярожна. Ведаю, што гэтак рэагую ня толькі я, і забабонаў, у якія вераць нават вельмі набожныя людзі, безьліч.

Так, напрыклад: калі пякуць вушы, значыць, нехта нас абгаворвае альбо сьмяюцца з нас.

Дрэнна, калі насустрач вам ідзе чалавек з пустымі вёдрамі.

Калі сьвярбіць правая рука, атрымаем грошы, а калі левая будуць выдаткі,

Калі у час маладзіка патрымацца за грошы ў кішэні, увесь месяц будзе прыбытак.

У панядзелак не пажадана выязджаць ў дарогу, бо падарожжа будзе непамыснае.

Выйшаўшы з хаты ня трэба вяртацца, а калі ужо прыйшлося, дык трэба паглядзець у люстэрка.

Ідучы на нейкі экзамен нядобра сустрэць сваіх бацькоў, але добра мець дзіравыя шкарпэткі.

Вельмі добра дакрануцца да гарбатага -- ён прыносіць шчасьце.

Паводле энцыкляпэдыі, “забабон - гэта вераваньне або практыка рэлігійнага характару, якая супярэчыць агульнапрынятаму і агульнапрызнанаму культу. Прымха – спадчына даўніх паганскіх вераваньняў, якія зараз успрымаюцца як састарэлыя формы магіі, цемрашальства і адсталасьці.

Слова “ забабон” паходзіць ад “бабаніць”, неразборлівага, бурклівага вымаўленьня варажбітамі закляцьцяў пад час культавых абрадаў”.
Паводле катэхізісу, “забабон зьяўляецца вынікам скажэньня рэлігійнасьці і, як карыкатура набожнасьці, разбурае сувязь з Богам”.

Пераважная большасьць вернікаў дасканала ведаюць, што Царква ставіцца негатыўна да забабонаў, але ў штодзённым жыцьці яны ведаюць сваё.

Дык як памірыць хрысьціянскую веру з такімі вось забабонамі.
Думка каталіцкага тэоляга а. Яна Кавальскага:

(Кавальскі: ) “Праўда, нягледзячы на дзьве тысячы гадоў хрысьціянства, забабоны вельмі пашыраныя. І ня толькі сярод простых людзей, але нават сярод інтэлігенцыі. Адкуль гэта бярэцца? Хіба усё ж ткі з недахопу рэлігійнай сьвядомасьці. Гэтыя, толькі што згаданыя Вамі прыклады забабонаў, я нават забабонамі не назваў бы.. На маю думку, гэта хутчэй за ўсё традыцыйныя звычаі. Напрыклад, зараз вельмі часта ў часе важных экзамэнаў студэнты й вучні вешаюць на шыю або ставяць перад сабою нейкія талісманы. Я думаю, што гэтага нельга зьвязваць з рэлігіяй. Тое самае тычыцца камінара або чорнага ката, які перабег дарогу. Я назваў бы гэта проста звычаямі і думаю, што зараз пераважная большасьць людзей ня вераць ў гэтыя знакі. Прымаюць іх таму, што гэтак лічылі ўжо іхныя бацькі і дзяды”.

(Вядучы: ) “Аднак, а. Кавальскі, прынамсі ў мінулым Царква вельмі негатыўна ставілася і да талісманаў. За карыстаньне рознымі амулетамі, якія называліся “кайданамі душы”, Сабор ў Лаадыкеі рэкамэндаваў адлучаць ад Царквы. Дарэчы, як піша каталіцкі тэоляг Яцэк Салій, “галоўная шкода забабонаў палягае ў тым, што яны азначаюць недавер Богу. Бог заклікае чалавека скласьці свой лёс ў Ягоныя рукі, даверыць Яму як дзіця давярае бацьку. Адначасова чалавек павінен узяць на сябе адказнасьць за свае дзеяньні заміж таго, як таргавацца зь нейкімі сьляпымі, непрызнымі яму сіламі”.

Заммест таго, каб, напрыклад, займацца гараскопамі і зоркамі, пад якімі нарадзілася дзіця, лепш падумаць, як разумней яго выхаваць . “У кожным разе, –лічыць а. Салій, калі чалавек зьвяртаецца не да Бога, але да варажбы або нейкіх магічных штучак, гэта сьведчыць пра сурьёзны крызіс веры”.
Атрымоўваецца, што забабоны непасрэдна сьведчаць аб нашай веры..

(Кавальскі: ) “Так, адно з другім трохі зьвязанае, аднак тут вельмі цяжка строга разьмяжаваць сапраўдную рэлігійнасьць і тое, што мы называем забабонам, хіба што маем дачыненьне з ідалапаклонствам або варажбой. Праўда, забабоны могуць ператварыцца ў нейкую магію і такая небясьпека існуе. Што тычыцца некаторых цалкам нявінных забабонаў, дык я ня ўпэўнены, ці яны супярэчаць рэлігійнаму культу. Я думаю, што існуе патрэба паглыбленьня веры: ведаў пра Бога і ягоныя ўласьцівасьці, божы Правід, наканаваньне. Пры тым заданьне паглыбленьня рэлігійнасьці неабавязкова належыць духавенству, царкоўнай гіерархіі, але на кожным верніку. Я лічу, што гаворачы аб веры, аб прадмеце і аб’екце веры, там трэба людзям растлумачыць і забабоны”.

А як Праваслаўная Царква ставіцца да праблемы забабонаў? Айцец Георгій Каваленка:

(Каваленка: ) “Я лічу, што забабоны – адна з галоўных праблемаў, зь якімі сутыкнулася Праваслаўная Царква. Забабоны зьвязаныя зь нізкім узроўнем рэлігійнай сьвядомасьці і асьветы сьвецкіх вернікаў ды нашага духавенства. На жаль, укараненьню забабонаў спрыяюць таксама сродкі масавай інфармацыі, якія гавораць пра Царкву якраз з пункту гледжаньня традыцыі і абрадаў, амаль ніколі не засяроджваючы сваёй ўвагі на сутнасьці нейкай падзеі або царкоўнага сьвята. У выніку, напрыклад, Раство Хрыстова ўсё больш ператвараецца у сьвята куцьці і пячонай гусі, Вялікдзень ў вялікае сьвята кулічоў, яек ды іншых скаромных страваў, Прэабражэньне ў сьвята яблык і так далей. Вонкавая абалонка прыкрывае сутнасьць справы. На жаль, пашырэньню гэтага памылковага погляду спрыяюць нават набожныя людзі. На самой справе, царкоўныя сьвяты і абрады найперш павінны асацыявацца з Хрыстом. Сутыкаючыся з той або іншай культурай, Царква заўсёды намагалася пераймаць мясцовыя, паганскія традыцыі надаючы ім новы сэнс, зьвязаны з Хрыстом. Зараз мы перажываем пасьляатэістычны час. Вернікі не разумеюць сэнсу многага, чаго прытрымліваюцца і на першым месцы апынулася традыцыя. Зноў назіраецца вяртаньне да паганства. Самае страшнае, з чым мы зараз сутыкаемся і што маем - гэта паганства ў псэўдахрысьціянскім пакаваньні”.

У адрозьненьне ад каталікоў і праваслаўных, у пратэстантаў наагул менш усялякіх абрадаў і таму цікава пачуць, яны ставяцца да забабонаў. Калі ласка, Спадар Артур Вольскі:
(Вольскі: ) “Я вам скажу, што само слова “забабоны” гучыць для мяне трохі сьмешна. Сам я ніколі ня быў забабонным чалавекам. Памятаю, яшчэ ў школе, мне давялося пачуць міт пра Пушкіна. Нібыта ў сьнежні, перад самым пачаткам паўстаньня “дзекабрыстаў” ён сьпяшаўся ў сталіцу. Раптам дарогу перабег заяц, і Пушкін загадаў павярнуць коні назад, інакш ён абавязкова быў бы на сэнацкай плошчы з паўстанцамі. Вось так заяц выратваў паэта! Я на ўроку не стрымаўся, зарагатаў, і настаўнік вытураў мяне з клясу.
Але, калі гаварыць сурьёзна, з гэтымі забабонамі ня так ўжо і сьмешна. Бо што такое забабон? Гэта вера ў тое, што некаторыя зьявы і падзеі маюць таямнічы сэнс, што прадказваюць будучыню. Інакш можна сказаць, што яны знаходзяцца па-за увагай і па-за воляй Самога Бога. Адкуль яны зьявіліся? Я не сумняваюся, што яны дайшлі да нас з да-хрысьціянскіх часоў, ад нашых паўдзікіх продкаў, якіх па беларуску вельмі ёміста называюць паганцамі”.

Забабонны чалавек ставіць свае неудачы або посьпехі ў залежнасьць ад розных прыметаў, але-ж гэта самападман. Не адзін студэнт, які верыў моц талісману зрэзаўся на экзамэне. Існуе забабон, што небясьпечна выплываць у мора ў пятніцу, але-ж ня ўсе караблі, што затанулі, пакінулі порт якраз у гэты дзень. Вось таму ў царкоўна-славянскай мове “забабон” называецца “суеверыям”, гэта значыць “ дарэмнай, наіўнай верай”. Разьлічваць, як вы кажаце, на нейкія сілы, якія нібыта “паза увагай і паза воляй божай”, гэта значыць адкідаць Провід Божы, які кіруе нашым жыцьцём, які здольны прадухіліць любую бяду і здольны не апраўдаць прадчуваньня радасьці. Езэкія пасьля цяжкой хваробы павінен быў памерці, але застаўся жывы. Аман радаваўся сваёй перамозе над Мардахеям, але ягонае прадчуваньне не збылося. Дык як-жа Спадар Вольскі можна называць сябе хрысьціянінам і адначасова быць забабонным?

(Вольскі: ) “Ці можна быць верным Богу і адначасова верыць ў забабоны? Для мяне адказ адіны-не! Тут дарэчы будзе згадаць прарока Ісаю, які перадае словы Самога Бога. “Людзі гэтыя паважаюць Мяне толькі вуснамі, а сэрцы іхныя далёкія ад Мяне. У Лісьце да Каласянаў Апостал Павал піша:” Дык вось як вы прынялі Хрыста Ісуса Госпада, дык хадзіце ў Ім…глядзіце, каб ніхто ня зьвёў вас філязофіяй, ні пустым поступам ў пераказе чалавечым, па стыхіях сьвету, а не па Хрысьце”.

(Вядучы: ) “Напэўна, Спадар Вольскі, ня ўсе гэтак добра ведаюць Біблію як Вы. З другога боку, і бяз гэтага вельмі многія дэкляруюць, што вераць ў Бога. У сэнсе забабонаў вялікае мноства сучасных хрысьціянаў паводзяць сябе такім чынам: “і Богу сьвечку, і д’яблу агарак". Мне здаецца, што гэтая раздвоенасьць павінна хваляваць Царкву, бо гэта для яе сурьёзная небясьпека. Значыць Царква мусіць з забабонамі змагацца, выкараняць іх. Мабыць трэба людзей больш вучыць, усьведамляць…Айцец Георгій:

(Каваленка: ) “Тут, на поўдні Ўкраіны, мы маем дачыненьне з грамадзтвам, якое вельмі мала рэлігійнае. Яно вельмі мала ведае пра веру. Тым ня менш нельга сказаць, што Царква баіцца забабонаў. Яна лічыць, што больш павінна займацца рэлігійнай асьветай, і гэтым самым старым традыцыям яна дасьць новае значэньне, напоўніць захаваныя да сёньня традыцыі сапраўды хрысьціянскім зьместам. Трэба людзям гаварыць, што калі яны нечага прытрымліваюцца, дык абавязкова павінны ведаць, што яны робяць і навошта, каб традыцыя была напоўненая зьместам”.

Гэта было меркаваньне праваслаўнага сьвятара а. Георгія Каваленкі. Такім чынам, прадстаўнікі трох асноўных канфэсыяў згодныя з тым, што забабоны-прыкмета некаторага крызісу веры, хаця ня ўсе яны маюць непасрэднае дачыненьне да веры.

Людзі бясконца задаюць пытаньне: “Што будзе і як жыць далей?”
Гэтая няпэўнасьць стварае псыхалягічны дыскамфорт і схіляе ў бок магіі. Ведаючы пра няпэўнасьць свайго лёсу, чалавек хоча неяк ратавацца ад бяды. Ён ведае, што Бог не забыўся на яго, але патрабуе нечага больш канкрэтнага, што дасьць яму пачуцьцё бясьпекі і вызваліць ад боязі . Аднак Царква вучыць, што спробы заручыцца патрымкай нейкіх таямнічых сілаў заганнная, бо ўсім
кіруе і ўсё вырашае Провід Божы.

А. Канстантын Бандарук

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG