Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагаворым пра анёлаў - якія яны бываюць і што робяць?


Удзельнікі: манашка менскай каталіцкай кангрэгацыі "Сёстры ад анёлаў", магістар тэалёгіі Марына Пашук і дэкан менскай баптысцкай сэмінарыі Леанід Міховіч. (эфір 8.04.2000).

Аўтар і вядучы Сяргей Абламейка.

Ля мікрафону Сяргей Абламейка.

Хто з нас з дзяцінства ня чуў пра анёлаў. Нават у савецкія атэістычныя часы цяжка было нічога ня ведаць пра іх. На гэта не дазваляла ўжо сама нашая мова, бо і з літаратуры і з гутарковае мовы ніхто ня мог выдаліць шматлікія ідыёмы, зьвязанеыя з анёламі.

Анёлы сустракалі нас на карцінах старых майстроў, прысутнічалі ў паэзіі, мы бачылі іх шматлікія скульптурныя выявы. Яны проста былі ў нашым жыцьці. Нават ня будучы пабожнымі, людзі мелі ўяўленьне аб анёлах як аб безцялесных духовых істотах, якія дапамагаюць чалавеку, апякуюцца ім.

І вось калі завесьці больш сур’ёзную размову пра анёлаў, пагаварыць пра іх герархію, пра іх функцыі, пра стаўленьне да іх розных цэркваў, дык тут, аказваецца, нават ня кожны сьвятар дастаткова абазнаны. Таму якраз для перадачы пра анёлаў давялося адмыслова пашукаць суразмоўцаў. Напачатку я пазваніў дэкану Менскай баптысцкай сэмінарыі спадару Леаніду Міховічу і папрасіў яго расказаць, як баптысты ставяцца да анёлаў, якое месца адводзяць у сваім вучэньні гэтым духовым істотам.

(Абламейка: ) “Як Вашая дэнамінацыя ставіцца да хрысьціянскага вучэньня аб анёлах?”

(Міховіч: ) “Трэба сказаць, што ў нашай тэалёгіі дактрыне аб анёлах надаюць няшмат увагі ў адрозьненьне, напрыклад, ад дактрыны аб Хрысьце, аб граху, аб царкве. І наогул гэты аспэкт тэалёгіі амаль што не знаходзіць адлюстраваньня ў пропаведзі, таму што цэнтар нашай тэалёгіі – Ісус Хрыстос. А анёлы для нас, як кажа Біблія, гэта толькі службовыя духі, якіх паслалі дзеля тых, што маюць насьледваць збаўленьне, дзеля вернікаў. Таму мы мала вучым гэтаму ў цэрквах нашых”.

(Абламейка: ) “Ну а калі вучыце, то як? Вашае вучэньне аб анёлах?”

(Міховіч: ) “Хачу сказаць, што гэта – адна з частак баптысцкай тэалёгіі. Ёсьць у нашых кніжках таксама дактрына аб анёлах. У скарочаным выглядзе яе можна так паказаць.

Анёлаў стварыў Бог. Анёлы зьяўляюцца духовымі істотамі. Па сіле, па моцы, па магутнасьці яны пераўзыходзяць людзей. Ёсьць розныя званьні ці чыны анёлаў, але мы не надаем гэтаму шмат увагі. Анёлы славяць Бога, анёлы служаць людзям, яны падбадзёрваюць, умацоўваюць вернікаў, абараняюць, аберагаюць нас, выконваюць Боскія кары.

У нашай тэалёгіі ёсьць разьдзел і пра падшых анёлаў ці бесаў. Мы кажам, што ёсьць і падшыя анёлы, якія выконваюць волю сатаны, якія імкнуцца падмануць вернікаў, і мы з асьцярогай падыходзім да іх. Мы вучым, што падшыя анёлы самі будуць асуджаныя Богам. Вось у скарочаным выглядзе гэта агляд нашай дактрыны аб анёлах”.

(Абламейка: ) “Калі ўсё ж гаварыць пра герархію. Яна тая ж самая, што і ў іншых?”

(Міховіч: ) “Пэўна. Калі мы кажам пра анёлаў, мы чытаем – ёсьць біблейскія тэксты, якія кажуць пра сэрафімаў, пра хэрубіамў, арханёлаў ці прста пра анёлаў. Але мы гэтаму не надаем шмат увагі. Практычна у нашым багаслоўі мы можам толькі прачытаць біблейскія тэксты, якія пра гэта кажуць, але мы не вылучаем якойсьці герархіі, не прадстаўляем гэта як герархію анёлаў. Толькі гаворым пра розныя званьні ці чыны анёлаў. Строгай герархіі ў нас няма”.

Гаварыў Леанід Міховіч.

Як бачым, баптысты не надаюць шмат увагі анёльскай герархіі. Анёлы для іх – памочнікі Бога са службовымі функцыямі. Баптысты нават засьцерагаюць сваіх вернікаў ад празьмеранае цікавасьці да анёлаў, баючыся, каб захапленьне імі не захінула самога Хрыста. Апрача таго, як сказаў мне Леанід Міховіч у той частцы нашай гутаркі, якая не была ў эфіры, баптысты нават больш увагі надаюць у сваіх пропаведзях тым анёлам, якія адпалі ад Бога – злым духам і іх кіраўніку – сатане, бо, як яны лічаць, ад гэтых сыходзіць вялікая небясьпека і пагроза.

Наступны мой суразмоўца, ці лепш сказаць, суразмоўніца – манашка Менскай кангрэгацыі “Сёстры ад анёлаў”, магістар тэалёгіі Марына Пашук. Каму як ня ёй, падумаў я, хто прадстаўляе манаскі закон з такой назвай – “Сёстры ад анёлаў” – лепш ведаць пра анёлаў. І не памыліўся.

Гэтая кангрэгацыя, дарэчы, існуе ў Беларусі ад 1889 году, калі яе стварыў магілеўскі каталіцкі архібіскуп Вінцэнт Ключынскі. Сёстры гэтай кангрэгацыі – безгабітныя, гэта значыць, яны ня маюць спэцыяльнага манаскага адзеньня. Паколькі анёлы – гэта нябачныя істоты, якія дапамагаюць людзям, дык і манашкі кангрэгацыі “Сёстры ад анёлаў” пакліканыя праз нябачную паслугу дапамагаць людзям. Так і працуюць яны непрыкметна ў царкве. Сёньня іх дамы ёсьць у некалькіх месцах Беларусі.

І вось мая гутарка з магістрам тэалёгіі, сястрой манаскай кангрэгацыі “Сёстры ад анёлаў” Марынай Пашук зь Менску.

(Абламейка: ) “Сястра Марына, напачатку, калі ласка, падайце агульнае стаўленьне Каталіцкай царквы да анёлаў”.

(Пашук: ) “Катэхізіс Каталіцкага касьцёла гаворыць нам, што анёлы – гэта чыстыя духі або інакш – дасканалыя і нябачныя. Анёлы падразьдзяляюцца ня як пэўныя істоты на розныя рангі, але менавіта паводле роду іх служэньня. Бо менавіта з грэцкай мовы “ангелёс” – гэта зьвястун, пасланец. На габрэйскай гэта гучыць “мэах” – таксама зьвястун, пасланец. Такім чынам, яны – гэта тыя духі, якія выконваюць пасланьніцтва Пана Бога сярод людзей”.

(Абламейка: ) “А якая існуе герархія гэтых духаў і якія іх функцыі?”

(Пашук: ) “Справа ў тым, што герархію анёлаў традыцыя касьцёла звычайна вызначае праз дзевяць анёльскіх хораў. Але, на жаль, у Сьвятым Пісаньні гэтага канкрэтнага падразьдзяленьня на дзевяць анёльскіх хораў няма. А распрацаваў гэтую тэорыю Псэўдадыянізі.

У Старым Запавеце мы ведаем толькі пра нейкіх сэрафімаў. На габрэйскай мове “сэрафім” – полымя. Стары запавет нам кажа, што гэта такая істота, якая мае шэсьць крылаў, а іканаграфія прадстаўляе яго ў чырвоным адзеньні, бо менавіта паводле веры старажытных габрэяў гэты анёл быў заўсёды перад тронам Пана Бога і праслаўляў Яго. Інакш кажучы, ён вечна славіць Пана Бога і акружае Яго трон.

Хэрубімы (на габрэйскай “кэруб” – анёл) узятыя зь месапатамскай міталёгіі. Габрэі прынялі іх таксама і лічаць, што гэта самы магутны анёл, бо ён падтрымлівае трон Пана Бога, ахоўвае Браму раю і дае вечную славу Пану Богу. Ён мае чатыры крылы. І таму менавіта сэрафімі і хэрубімы знайшліся таксама ў сьвятыні Салямона каля аркі.

Пра наступныя хоры анёлаў – троны, панаваньні, валадарствы і моцы – мы даведваемся з Повага Запавету, з пасланьняў Сьвятога Паўла – Да габрэяў, Да каласянаў, Да эфэсцаў. Што кажа Сьвятое Пісаньне пра іх?

Троны. Лічаць, што гэтыя анёлы зьяўляюцца жывым тронам Бога Ўсемагутнага, і да іх звычайна хрысьціяне моляцца і просяць аб дапамозе збурыць троны злога духа – шатана, і каб панаваньне было толькі Хрыста.

Панаваньні – гэта анёлы, да якіх мы зьвяртаемся, каб запанавала любоў, згода, ласка і супакой Божы ў сьвеце.

Валадарствы – гэта анёлы, якія заўсёды дапамагаюць нам сваёю моцаю, каб мы змагаліся са злом гэтага сьвету.

Моцы – гэта тыя анёлы, якія ўдзяляюць моц нашым думкам, словам, учынкам, каб Валадарства Божае пашыралася ў сьвеце.

Наступныя хоры – княствы, арханёлы, анёлы-апекуны – гэта ўжо тая герархія, якая фрагментарна зьяўляецца і ў Старым, і ў Новым Запавеце.

Сярод арханёлаў самыя вядомыя Міхаіл, Гаўрыіл і Рафал. Іхныя назвы – гэта не назвы асобаў, а менавіта іх функцыі. Гэта тое, пра што мы казалі на самым пачатку – іхнае служэньне. Міхаіл – гэта хто ж як ня Бог, Рафаіл – гэта Бог аздараўляе, і Габрыэль – у Богу моц.

Кожны чалавек мае свайго анёла апекуна. І самая галоўная роля анёла – гэта аб’яўляць волю Божую чалавеку, дапамагаць яму ў справе збаўленьня. Яны ахоўваюць людзей, даносяць да Пана Бога малітвы сьвятых і праведных, а таксама нясуць душы праведных у рай. Інакш кажучы, гэта сужбовыя духі, якія спадарожнічаюць кожнаму чалавеку.

І традыцыя хрысьціянская кажа, што паводле місіі кожнага чалавека ў сьвеце, кожны з нас мае менавіта анёла з пэўнага хору. І калі нашая місія ў гэтым сьвеце, удзеленая нам ад Пана Бога, вельмі вялікая, то можа нам нават спадарожнічаць ня толькі анёл-апякун дзявятага хору паводле традыцыі, але можа быць і з хора тронаў, панаваньняў, валадарстваў, а можа, нават, і з самых блізкіх да Пана Бога – сэрафімаў або хэрубімаў”.

(Абламейка: ) “Сястра Марына, а яшчэ ж ёсьць злыя анёлы…”

(Пашук: ) “Справа ў тым, што анёлы – гэта духі, якія маюць абмежаванае веданьне, або ня ўсё ім дадзена пазнаць так як чалавеку. І кожны зь іх мае вольную волю. І таму яны таксама могуць праяўляць гэтую вольную волю – або служыць Пану Богу, выконваць гэтую службовую функцыю, або не служыць Пану Богу. І вось менавіта анёл, які ўпаў і які называўся анёлам сьвятла, быў самым дасканалым сярод анёлаў, праявіў гэтую волю зусім інакш – ён сказаў, што ня будзе выконваць волю Пана Бога. І, такім чынам, маем злых духаў – анёлаў, якія супрацівіліся волі Божай”.

Гаварыла сястра Марына Пашук.

Як бачым, частку ведаў аб анёлах нам дае не Стары і Новы Запаветы, але хрысьціянская традыцыя. У Сьвятым Пісаньні анёлы не разьдзяляюцца на так званыя хоры альбо папросту катэгорыі. Больш падрабязна гэта зрабіў у палове першага тысячагодзьдзя Псэўдадыянізі.

Анёлы, як мы чулі, зьяўляюцца жывымі духамі, якія ня маюць поўнае веды як Бог, але затое, як і людзі, маюць вольную волю, свабоду выбару.

Дык вось сучаснае хрысьціянскае вучэньне, як праваслаўных, гэтак і католікаў, вылучае 9 анёльскіх хораў. Думаю, дарэчы іх будзе нагадаць яшчэ раз.

Самыя блізкія да Бога, самыя магутныя, гэта – Сэрафімы. Аб іх мы даведваемся са Старога Запавету. Яны знаходзяцца ля так званай аркі Запавету. Маюць шэсьць крылаў і ў іканаграфіі прадстаўляюцца чырвоным колерам.

Другія па блізкасьці да Бога і па магутнасьці – Хэрубімы, якіх нам таксама прадстаўляе Стары Запавет. Яны маюць чатыры крылы і малююцца блакіным колерам. Яны сустракаюць нас ля брамы Раю.

Наступны анёльскі хор – Троны. Лічыцца, што яны зьяўляюцца жывымі тронамі Бога, альбо інакш – ягоным апірышчам.

Чацьверты анёльскі хор – Панаваньні. Яны зьяўляюцца распаўсюднікамі Ласкі Божай і Хрыста ў сьвеце.

Пяты хор – Валадарствы. Яны зьяўляюцца апірышчам людзей і дапамагаюць імі процістаяць злым духам.

Шосты хор – Моцы. Праз іх заступніцтва Бог дае ўчынкам людзей сілу, каб яны маглі пашыраць Божае Валадарства.

Сёмы анёльскі хор – Княствы. Да іх людзі маюць зьвяртацца, каб яны прыйшлі да іх, слабых і грэшных, у кожнай патрэбе як падтрымка.

Восьмы хор – Арханёлы. Гэта – пасланцы Неба, якія адкрываюць нам яго і абараняюць нас ад моцаў пекла.

І апошні, дзявяты хор – Анёлы-апекуны. Яны спадарожнічаюць нам цэлае жыцьцё і натхняюць нас добрымі думкамі.

Апрача гэтага, як мы чулі, ёсьць і злыя анёлы, якімі кіруе былы Сэрафім, гэта значыць самы магутны з анёлаў, шасьцікрылы, які, дарэчы, зваўся Анёлам Сьвятла (на лаціне - Люцыфэрам), – сатана. Ён выракся Бога, быў выгнаны з рая і вядзе са Стваральнікам вечную барацьбу. Ёсьць і ў яго службовыя духі – бесы. Яго сродак у гэтай барацьбе – спакуса. Сродак Бога – дабрыня, любоў і вечнае жыцьцё.

Бог спакойна глядзіць на высілкі сатаны. Ён даў людзям свабоду выбару, і чакае гэтага выбару на сваю карысьць ад кожнага з нас. Сатана ўжо пераможаны крыжовай сьмерцю і ўваскрашэньнем. І зараз гэтая перамога павінна адбыцца ў кожным з нас асабіста. Бо кожны з нас мае свабоду выбару. Вечнае жыцьцё пачынаецца ня ў момант нашае сьмерці, але з моманту прыняцьця Ісуса за збаўцу, фактычна з нашым Хростам.

Хрысьціянская традыцыя, як сказала сястра Марына Пашук, уважае, што ў залежнасьці ад місіі, да якой пакліканы Богам кожны чалавек, яго могуць суправаджаць у жыцьці ня толькі Анёлы-апекуны дзявятага хору, але й больш моцныя духі з вышэйшых хораў. Гэта могуць быць і Княствы, Моцы, Валадарсты, Панаваньні, Троны. А могуць чалавека весьці і самыя магутныя зь нябесных духаў-служак Бога: чатырохкрылыя Хэрубімы альбо й шасьцікрылыя Сэрафімы.

На гэтым сёньня – усё. Жадаю вам не згубіць свайго Анёла-апекуна.

Сяргей Абламейка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG