У старажытныя часы быў такі загад: тыя, што адступяць ад Бога і будуць
пакланяцца сонцу, месяцу, зоркам - падлягаюць сьмяротнаму пакараньню.
Пакланеньне ім - гэта вялікі грэх супраць Бога. Гэта настолькі страшны
грэх, што людзі надта апаганьваюцца, і вось у старажытныя часы за гэты
грэх проста забівалі.
Узьнікае пытаньне: што ж тут страшнага? Рэч у тым, што культ сонца,
месяца й зорак - гэта элемэнты рэлігіі Антыхрыста. Праз гэтыя культы
адбываецца ўшанаваньне д'ябла й дэманаў, а гэта - вялікі грэх.
У нашыя часы гэтыя культы досыць сур'ёзна трансфармаваліся. Цяпер
найбольш вядомыя з гэтай катэгорыі - астралёгія, гараскопы. Іх можна
клясыфікаваць як нэарэлігію. Гэта рэлігія новага кшталту, якой захапляецца
мноства людзей. І астралёгія і гараскопы маюць дэманічнае паходжаньне.
Гэта рэлігія, якая створаная сіламі цемры і празь якую яны дзейнічаюць.
Аднак характэрна, што тут ёсьць прыкметы рэлігійнай сыстэмы. Найперш
- вера. Чалавек верыць у тое, што яму гавораць астролягі або той,
хто складае гараскопы. І ня проста верыць, але жыве ён так, як тыя
раяць. Даверлівы чалавек чуе па радыё або па тэлебачаньні, што зоркі
гавораць рабіць у сераду тое, а у чацьвер не рабіць гэтага, і калі ён верыць
і робіць так, тады ён сам не заўважае, што ўцягнуты у практыку нэарэлігіі.
Астролягі спрабуюць неяк навукова абгрунтаваць сваю веру, пашырыць яе
уплыў у грамадзтве, але ніякіх навуковых абгрунтаваньняў тут няма і быць
ня можа. Тут усё пабудавана на веры. Калі ж зірнуць на вынікі
гэтых парадаў астролягаў у доўгачасовай пэрспэктыве, то можна ўбачыць,
што людзі, якія давяраюць сваё жыцьцё дэманам празь іхных служак-астролягаў,
у рэшце рэшт прыходзяць да краху.
Мне распавядалі пра маладых людзей, што стварылі сям'ю паводле гараскопу.
Яны пакутавалі, і нарэшце ўсё скончылася разводам. Такіх прыкладаў
шмат. Верыць у астралёгію і гараскопы - гэта грэх. Практыкаваць
іх - гэта значыць даверыць сваё жыцьцё дэманам. Зьвяртацца да бабак-шаптухаў,
экстрасэнсаў, чарадзеяў і ведзьмакоў - гэта грэх. Хто зьвяртаецца
да іх, той трапляе ва ўладу сілаў цемры і усё жыцьцё ён застаецца пад гэтай
уладай. Але тыя шаптухі й чарадзеі бываюць часам вельмі хітрыя.
Яны могуць выкарыстоўваць крыжыкі ды іншую царкоўную сымболіку, сьвечкі,
сьвятую ваду. Некаторыя гавораць нават малітву "Ойча наш".
І гэта некаторых людзей бянтэжыць. Яны думаюць, што усё гэта
ад Бога. Але гэта - не ад Бога, і хто зьвяртаецца да шаптухаў і чарадзеяў
ды карыстаецца іх паслугамі - чыніць вялікі грэх.
Хто ж можа вызваліць чалавека з-пад уладаў цемры? Толькі адзін
Бог. Толькі Ісус Хрыстос. Сваёй сьмерцю за грахі людзей Ён
перамог д'ябла і дэманаў. Ён узяў нашыя грахі на Сябе і цяпер можа
ачысьціць нас ад грахоў і дараваць нам іх. Ён - наш Збаўца.
Давайце памолімся: "Сьвяты Божа, выратуй мяне ад вечных пакутаў, прабач
мае грахі, вызвалі мяне ад духаў цемры, дай спасьцігнуць Тваю ісьціну.
Прашу ў імя Ісуса Хрыста. Слава Айцу і Сыну і Сьвятому Духу. Амін".
Ісус Хрыстос дапамагае ўсім. Бог магутнейшы за д'ябла. Калі
мы зьвяртаемся да Бога, тады Бог нам дапаможа. Не маўчы. Бог
вызваляе нас ад грахоў і ад наступстваў гэтых грахоў.
брат Андрэй Дылюк, прапаведнік Царквы Эвангельскіх Хрысьціянаў, Кобрын
Самае папулярнае
1