Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанатае сьвятарства


Аўтар і вядучы Сяргей Абламейка

Сёньня для неабазнаных у царкоўных рэаліях людзей сямейны стан праваслаўнага сьвятарства, як і бясшлюб'е альбо цэлібат каталіцкіх ксяндзоў, здаецца нармальным і натуральным. А між тым так было не заўсёды.

У першыя стагодзьдзя Хрысьціянства ня толькі сьвятары, але й біскупы, нават Апосталы, былі жанатымі. Жанатым быў сам Апостал Пётр. Але жаніцца сьвятарам дазвалялася толькі аднаго разу. Царква стаяла на варце абсалютнае манагамі як для сьвятароў гэтак і для вернікаў. У першыя стагодзьдзі ў царкве не дазвалялася таксама жаніцца і пасьля прыняцьця сьвятарскага сану. Толькі - да. Штопраўда, недзе да канца 4-га стагодзьдзя на хрысьціянскім Усходзе яшчэ талеравалі шлюбы дыяканаў. Але гэтае правіла было скасаванае імпэратарам Юстыніянам.

Апрача гэтага, сьвятарам забаранялася жаніцца з удовамі, з разведзенымі жанчынамі і з акторкамі.

У часы кіраваньня імпэратара Юстыніяна біскупам было забаронена быць жанатымі. Гэта значыць, што кандыдатаў на біскупы сталі пераважна шукаць сярод нежанатых сьвятароў альбо сярод манахаў. Гэтае правіла было пацьверджанае на 6-м Сусьветным Саборы. Але цікава, што пакуль усе герархі сталі нежанатымі, у гісторыі царквы быў нейкі час, калі на біскупаў выбіралі і жанатых сьвятароў, але яны пры гэтым павінны былі быць разлучаныя са сваімі жонкамі. Вось як пра гэта пісалася ў 48-м каноне: "Жонка, муж якое выбраны на біскупа, будзе ў сэпарацыі са сваім мужам на падставе іх агульнае згоды, а пасьля яго біскупскае хіратоніі яна пойдзе ў аддалены ад біскупскае сядзібы манастыр..."

Пазьней, аднак, епіскапамі ставаліся толькі нежанатыя сьвятары альбо ўдаўцы.

Сьвятары ж паўсюдна былі жанатымі. Толькі ў Каталіцкай царкве лацінскага абраду ў сувязі з сімоніяй у 13 стагодзьдзі канчаткова быў уведзены цэлібат. У астатніх каталіцкіх абрадах, у тым ліку ў знаёмым нам грэцкім ці ўсходнім, уніяцкім, сьвятарам засталося права выбару - яны могуць заставацца нежанатымі, але маюць права і жаніцца.

Тут таксама трэба дадаць, што доўгі час у Праваслаўнай царкве захоўваўся парадак, паводле якога жанатыя сьвятары прызначаліся толькі ў парафіі, а нежанатыя, пераважна манахі, высоўваліся на пасады ў адукацыйнай і адміністрацыйнай сфэры.

Сёньня сьвятары розных абрадаў нават пакепліваюць адно з аднаго. Рэаліі, аднак, застаюцца нязьменнымі. У Беларусі жаніцца маюць права толькі праваслаўныя і уніяцкія сьвятары, а ксяндзы застаюцца цэлібатамі.

Я пазваніў u Берасьце да пробашча тамтэйшае грэка-каталіцкае парафіі айца Ігара Кандрацьева, рэдактара газэты "Царква", каб распытацца ў яго пра жыцьцё жанатага сьвятарства і пра перавагі, якія, на яго думку, дае шлюб сьвятару.

(Абламейка:) Айцец Ігар, што Вы можаце сказаць пра багаслоўскія падставы жанатага сьвятарства? Напэўна яны тыя ж самыя, што і жанатага чалавека, жанатага мужчыны? Тут, відаць, адна тэалягічная падстава?

(а. І. Кандрацьеў) Гэтае пытаньне з самага пачатку ня ставілася ў Хрысьціянскай царкве. Бо ад самага пачатку першыя біскупы, нават Апосталы, былі жанатыя. Не кажучы ўжо аб простых сьвятарах. Што датычыць падставаў багаслоўскіх, эвангельскіх, дык можна зьвярнуцца да Першага Пасланьня Апостала Паўлы да Цімафея, дзе ён дае парады што да маральнага аблічча біскупа. Раздзел трэйці: "Біскуп павінен быць беззаганны, адной жонкі муж." Гэта як бачыце датычыцца біскупа, не кажучы ўжо аб сьвятрах. Што ж яшчэ казаць аб падставах...

(Абламейка) Зразумела, што падставы ёсьць і важкія - словы самога Апостала. А як было з традыцыяй. Калі і як у царкве ўводзіліся традыцыі адносна жанатага і нежанатага сьвятарства?

(а. І. Кандрацьеў) Я магу сказаць наступнае. На Ўсходзе прынцып жанатага сьвятарства ніколі не ставіўся пад сумненьне. Там сьвятары заўсёды былі жанатыя, хоць побач існавала практыка і нежанатага сьвятарства - цэлібатаў і манаства. На Захадзе, на вялікі жаль, з часам зьявіліся праблемы. Некаторыя сьвятары, маючы сям"ю, пачалі клапаціцца больш аб ёй, і гэта прывяло да прыняцьця ўсеагульнага цэлібату. Сьвятарам было забаронена жаніцца.

(Абламейка) У Каталіцкай Царкве лацінскага абраду цэлібат існуе даўно і вось лічыцца, што адсутнасьць сям"і ў сьвятара дапамагае яму сублімаваць сваю сэксуальную энергію на сваіх духовых дзяцей, гэта значыць на паству ў сваёй парафіі. Лічыцца таксама, што адсутнасьць сям"і ўвогуле дае сьвятару магчымасьць больш часу прысьвячаць сваёй працы. І наадварот, нібыта, калі ў сьвятара ёсьць сям"я, ён меньш часу надае сваёй працы. Што Вы можаце сказаць на гэты конт?

(а. І. Кандрацьеў) Я магу пагадзіцца з тым, што нежанаты сьвятар можа больш часу прысьвяціць сваёй працы, сваёй парафіі і сваім вернікам. Але як сьвятар жанаты, як сьвятар бізантыйскага абраду, я не магу пагадзіцца з тым, што гэта правіла. З аднаго боку нежанаты сьвятар, цэлібат, як быццам мае болш часу для сваёй працы. Але ён сам павінен забяспечваць сабе побыт. Я ведаю прыклады, калі місіянэры лацінскага абраду, прыязжаючы на нашыя місійныя пляцоўкі, бяруць з сабой для дапамогі сёстраў-законьніцаў. А жанаты сьвятар, маючы жонку, разам зь ёй працуе для ўсёй Царквы. І можна сказаць, што ён не адзін працуе, але разам з жонкай і цэлай сваёй сям"ёй. Жонка каталіцкага сьвятара ўсходняга абраду працуе з дзецьмі парафіянаў, яна працуе з моладзьдзю, яна сьпявае ў царкве, яна пячэ прасфоры, яна ва ўсім дапамагае свайму мужу. Калі нас прызначаюць на іншае месца, мы разам з усёй сям"ёй едзем на новае месца, на місію, і працуем, даючы прыклад тым людзям, якія жывуць навокал.

Якасьць працы сьвятара залежыць не ад стану, у шлюбе ён ці халасты, але ад ягонае падрыхтаванансьці, ягонае веры, ад тае Ласкі Божае, якая яму дадзена.

(Абламейка) У мяне тады ўзьнікае такое пытаньне. Уласна кажучы, я тут не магу нічога Вам запярэчыць і пагаджаюся з тым, што Вы кажаце. Бо большасьць нашых людзей, нашага народу, належыць да нармальнай хрысьціянскай, эўрапейскай цывілізацыі, а гэта значыць і манагамнай. Гэта значыць, што большасьць людзей у нас сямейныя. І натуральна, што сямейны сьвятар сваёй сям"ёй падае прыклад астатнім. Але. Ці лёгка Вам жывецца як жанатуму сьвятару. Бо вось Вы - беларускі каталіцкі сьвятар усходняга абраду. А ў Беларусі сярод каталіцкага народу існуе традыцыя, што, напрыклад, лацінскі ксёндз павінен быць матар"яльна незалежны. Так вось у вёсках прынята лічыць, што ксёндз - гэта заўсёды чалавек пры грашах, які жыве годна. А як Вы, як вам жывецца як жанатаму сьвятару?

(а. І. Кандрацьеў) Я магу адказаць наступным чынам. Зараз у Беларусі ўсе людзі жывуць ня так добра, як хацелася б. Але я так зразумеў, што вы пытаецеся наконт грошай і ці дастаткова мы маем падтрымкі з боку нашых парафіянаў, ці хапае нам грошай каб утрымаць сям"ю...

(Абламейка) І гэта таксама...

(а. І. Кандрацьеў) Хапае. Мы цяжка жывем, але ня горш за нашых ксяндзоў лацінскага абраду. А ў некаторым сэнсе і лепш.

Прабачце за прозу, але жонка і шкарпэткі пасьцірае, і кашулю, і прасфораў напячэ, дапаможа ў царкве, прыбярэ ў хаце. Дзеці таксама дапамагаюць і ў службе і ў астатняй працы. Гэта і мне дапамога і - добры прыклад для парафіянаў.

Я часам бываю ў розных лацінскіх парафіях, езжу ў госьці да ксяндзоў, дапамагаю ім спавядаць. Людзі ведаюць, што я грэка-каталіцкі сьвятар, і што я - жанаты. І жанатыя парафіяне вельмі часта падыходзяць да мяне з такімі пытаньнямі, якія яны саромеюцца задаваць свайму ксяндзу. А жанатага сьвятара яны не саромеюцца і часта просяць у мяне парады, як у чалавека, які ведае жыцьцё ў шлюбе.

(Абламейка). І пошняе пытаньне. Тут у мяне досыць складанае становішча. Бо ў прынцыпе, я з Вамі пагаджаюся. Сам будучы жанатым чалавекам, я ёсьць прыхільнікам жанатых сьвятароў. Гэта натуральна. Але вось такое пытаньне. У мінулым стагодзьдзі, калі расейскія царскія ўлады касавалі Унію ў Беларусі, і ў гэтым стагодзьдзі, калі расейскія, ўжо савецкія, ўлады касавалі Унію на Заходняй Украіне ў 1946 годзе, шмат сьвятароў здрадзілі сваёй веры, пайшлі ў Праваслаўе дзеля таго, што хацелі дабра сваёй сям"і. Яны мелі сем"і і мусілі іх утрымліваць. Што Вы можаце сказаць на гэты конт? Ці ня ёсьць сям"я ў пэўных выпадках цяжарам для сьвятара?

(а. І. Кандрацьеў) Канешна, сям"я ў нейкім сэнсе - гэта і цяжар. Але ў сьвятара ёсьць і бацькі, і парафіяне, якія таксама зьяўляюцца ягонымі дзецьмі, духовымі. Я лічу, што гэта залежыць не ад яго становішча, жанаты ён ці не. Гэта залежыць ад ягонае веры. Перш за ўсё, гэта залежыць ад ягонае веры, ад ягонае вытрываласьці. Мы ведаем, што некаторыя сьвятары пайшлі да Сібіры разам з жонкамі, з сем"ямі. Гэта пытаньне не сямейнага стану, гэта - пытаньне веры сьвятара. Былі цэлібаты, якія не вытрымлівалі зьдзекаў, і былі жанатыя, якія да канца трымаліся сваёй веры і засталіся вернымі Богу і Сьвятому Айцу.

(Абламейка) Ну і тут я з Вамі магу пагадзіцца. Некалі, працуючы ў архівах, я сустракаў выпадкі, бачыў шмат прозьвішчаў беларускіх сьвятароў, якія, маючы па 5-6 дзяцей, былі асуджаныя на выгнаньне ў Сібір, на катаргу, і загінулі там у ХІХ стагодзьдзі, пакінуўшы сваеі сем"і...

(а. І. Кандрацьеў) Ну вось вы самі адказалі на гэтае пытаньне...

(Абламейка) Так. Таму я і сказаў, што маю такое складанае становішча. Пытаньне было троху правакацыйнае. Я хацеў пра гэта ў Вас запытацца, але практычна ведаў, што Вы адкажаце.

Дзякую Вам, айцец Ігар, за гутарку і жадаю Вам посьпеху ў Вашай працы.

Да гэтага, шаноўныя слухачы, я хацеў бы толькі дадаць, што айцец Ігар Кандрацьеў усяго тры гады таму прыехаў у Беларусь з Расеі для працы ў берасьцейскай грэка-каталіцкай парафіі. Ён мае расейска-нямецкія карані. Як вы чулі, у яго зусім неблагая беларуская мова. Па-беларуску размаўляе і яго маленькі сын.

Мне чамусьці здалося, што гэты маленькі штрых дапоўніць карціну нашае перадачы.

Сяргей Абламейка, Прага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG