Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Традыцыя паленьня тытуню ў Беларусі


Традыцыя паленьня тытуню ў Беларусі

(эфір 10 Жніўня 2000 г.)

Удзельнік: архэоляг Алег Трусаў.
Аўтар і вядучы – Вячаслаў Ракіцкі.

(Ракіцкі: ) “Неяк у кнізе “Жывапісная Расея” я зьвярнуў увагу на прадстаўлены там вобраз тыповага, з гледзішча расейцаў, беларуса. Запомнілася мне, што ён быў зь люлькаю. Пазьней, у савецкіх фільмах, неаднойчы абгульвалася беларуская махорка. Дык ці сапраўды паленьне тытуню было ў мінулым вельмі характэрным для беларускага селяніна? А можа й да шляхты?

Дзеля адказу на гэтае, ды й іншыя пытаньні, зьвязаныя з ужываньнем тытуню, беларусамі, а запрасіў у студыю адмыслоўца, архэоляга Алега Трусава, які цягам сваёй 20-гадовай архэалягічнае працы знайшоў больш за 200 люлек, піпак, фаек. І гэтыя прылады для паленьня тытуню прывялі Алега Трусава да цікавых высноваў. Алег Трусаў – маім госьцем”.

(Трусаў: ) “Па ўжываньню тытуню мы зьяўляемся тыповай эўрапейскай нацыяй, і пачалі яго ўжываць амаль адразу, як пачалі ўжываць такія народы, напрыклад, як галяндцы, ангельцы. Дарэчы, тытунь у Эўропу завезьлі менавіта ангельцы й галяндцы, бо радзіма тытуню – Паўночная Амэрыка, і менавіта індэйцы іракезы вакол вогнішча палілі гэтак званую “люльку міру”. Менавіта адтуль пайшла традыцыя вырабу люлек і традыцыя паленьня тытуню, і першыя люлькі, якія трапілі ў Беларусь, былі вырабленыя або бэльгійскімі майстрамі, або галяндзкімі. Іх мы знаходзілі ў раскопках. Самыя старыя – канца ХVІ стагодзьдзя”.

(Ракіцкі: ) “Значыць, да ХVІ стагодзьдзя нашыя продкі не палілі, а ў ХVІ стагодзьдзі адначасова зьяўляецца і тытунь, і люлька?!”

(Трусаў: ) “Так. Да нас спачатку прыйшла традыцыя паліць тытунь. Жаваць ды нюхаць навучыліся ў ХVІІІ стагодзьдзі, і з гэтым прыйшло новае слова – табак, табака”.

(Ракіцкі: ) “Тытунь і табака маюць зусім рознае значэньне”.

(Трусаў: ) “Так. Слова тытунь прыйшло да нас хутчэй за ўсё з турэцкае мовы праз украінскую. І, навогул, другі шлях люлек на Беларусі гэта ўжо турэцкі шлях. Гэта люлькі зробленныя з т. зв. “чырвонай” гліны – “чырвонаглянцавыя”. Вырабляліся яны масава на тэрыторыі сяньняшняй Малдовы, Валахіі. Дакладней, на той тэрыторыі, якія належылі Турцыі. І вельмі шмат нам завезьлі люлек украінскія запарожцы. Гэта адбывалася пад час вайны 1648–1654 году, а потым “новае вайны”, калі яны былі хаўрусьнікамі расейцаў супроць нас, гэта ўжо вайна Аляксея Міхайлавіча”.

У тых гарадох, у якіх былі казацкія гарнізоны, архэолягі знаходзяць сотні люлек менавіта турэцкага паходжаньня. І першымі сталі шырока паліць тытунь, як народная маса, украінцы. На Беларусь патрапілі ўкраінскія люлькі. Мода паліць перайшла ад шляхты, магнатаў да мяшчан, а потым была падхоплена і сялянамі. Гэта другая палова ХVІІ і ХVІІІ стагодзьдзя. Менавіта з другой паловы ХVІІ стагодзьдзя на Беларусі пачаўся масавы выраб люлек.
(Ракіцкі: ) “Гэтыя люлькі імітавалі эўрапейскія ўзоры люлек. І напэўна ў хуткім часе ўзьнікла нейкая ўласная традыцыя?..”

(Трусаў: ) “Цікава, што галяндзкія люлькі, якія ўвесь час былі ў Беларусі і былі зробленныя ў Галяндыі – яны маюць свае клеймы, яны “белагліняныя”, маюць такія доўгія цыбукі, і яны ў нас існавалі пад канец ХVІІІ стагодзьдзя як імпартны тавар. Іх не падраблялі. Падрабляць пачалі турэцкія люлькі. Вельмі хутка сталі вырабляць каля сотні ўласных варыянтаў. У ХVІІІ стагодзьдзі былі ўжо й “белагліняныя”, і “паліваназялёныя” палівы, і “карычневыя” з глазуры, і задымленныя “чорныя”, і нават драўляныя люлькі для жабракоў, для тых людзей, у якіх не было магчымасьці набыць керамічную люльку. У Менску знойдзена шмат драўляных люлек, зробленных з абсмоленых пянькоў сасны”.

(Ракіцкі: ) “А вось цікавае пытаньне. Табаку імпартавалі ці завозілі кантрабандна?”

(Трусаў: ) “У адрозьненьне ад Расеі, у Беларусь табаку прывозілі цалкам легальна. І дзесьці ўжо ў ХVІІІ–ХІХ стагодзьдзі на Поўдні Беларусі яго сталі вырошчваць. Але ўсё ХVІІ стагодзьдзе беларусы былі самымі злоснымі кантрабандыстамі ў дастаўкі тытуня ў Расею, бо ў Расеі на той час Аляксей Міхайлавіч забараняў паліць тытунь. Вельмі сур’ёзна ставіліся да тых, хто асьмельваўся аслухацца расейскага цара. Білі бізуном, адсякалі рукі. Таму звычайна гэтыя люлькі, тытунь зашывалі ў конскія хамуты й тавар пасьпяхова трапляў у Расею”.

(Ракіцкі: ) “Значыць традыцыя кантрабынды тытунём, алькаголем мае далёкія карані?”

(Трусаў: ) “Так. І самае цікавае, што тое, чым нашыя продкі займаліся ў ХVІІ стагодзьдзі, мы бачым сяньня на кожным тралейбусным прыпынку. Бабулі прадаюць штучныя цыгарэты і гэты т. зв. бізнэс неабкладаецца ніякімі падаткамі. Гэтая “шэрая” эканоміка працуе зараз так, як працавала ў ХVІІ стагодзьдзі, але ёсьць вялікае адрозьненьне – тады беларускія кантрабандысты гандлявалі нелегальна ў Расеі, а зараз мусяць гэтае рабіць дома, нажаль”.

(Ракіцкі: ) “Слухачы Вас узьнікае пытаньне. А што, у Беларусі, у Рэчы Паспалітае вельмі добра ставіліся да паленьня? Як увогуле ставілася грамадзтва да таго, што мы сяньня называем “адмоўнай звычкаю?”

(Трусаў: ) “Спачатку грамадзтва ставілася як бы адмоўна. Лічылася, што гэта не прыгожа, што гэта д’ябальскі занятак паліць, але вельмі хутка ў ХVІІ стагодзьдзі, пад час жахлівых войнаў, паленьне як бы стала нацыянальнай традыцыяй. Пасьля ўкраінцаў, беларусы другая ўсходнеславянская нацыя, якая паленьне давяла да сялянаў. І ўжо ў ХVІІІ стагодзьдзі супраць паленьня не выступае афіцыйна ані царква, ані касьцёл. Больш таго, у Расеі Пётар І загадам уводзіць паленьне як абавязковую зьяву для любога расейскага двараніна, як і піць каву, напрыклад. Калі не паліш, то зноўку будуць наступствы. У Расеі, як кажуць, заўжды наадварот. Менавіта Пётар І зноў жа ў Расею завёз галяндзкія люлькі. Калі ён у Эўропе праходзіў стажыроўку, там навучыўся паліць. Таму ў Санкт-Пецярбурзе былі, як і на Беларусі, галяндзкія люлькі”.

(Ракіцкі: ) “Але хіба людзі не разумелі, хіба яны не адчувалі, што паленьне тытуню выклікае шэраг хваробаў, ну, скажам чалавек кашляе?”

(Трусаў: ) “Тады гэтае людзі ня вельмі адчувалі, бо па-першае, не так часта палілі – тытунь быў вельмі дарагі й паліць штодня не было звычкі. Па-другое, у ХVІІІ стагодзьдзе па ўсёй Эўропе была мода яго не паліць, а нюхаць, і табакеркі як раз трапілі ў Беларусь са словам нямецкім табак, вось чаму другая вэрсія – табака”.

Дамы, напрыклад, не палілі люлькі, яны нюхалі гэты тытунь і з асалодаю чхалі. Гэта было як своеасаблівае лека для тых, хто быў прастужаны. Панюхаўшы тытунь, ён прачыхваўся і папраўляўся. Жанчыны не палілі ані ў Беларусі, ані ў Расеі. Але тытунь часам нават жавалі, быў такі спэцыяльны тытунь, каб яго можна было як жуйку жаваць але ня есьці.
(Ракіцкі: ) “А давайце зараз паглядзім на больш позьні пэрыяд, на ХVІІІ–ХІХ стагодзьдзе, з моманту ўваходжаньня Беларусі ў склад Расейскай імпэрыі, ці памянялася стаўленьне да паленьня?”

(Трусаў: ) “Калі Пётар І загадам санкцыянаваў тытунь, дык ужо прыкладна праз 10-15 гадоў былі закладзеныя першыя плантацыі на Поўдні Расеі па вырошчваньню тытуня, і вельмі хутка тытунь стаў айчынным расейскім прадуктам. Калі Беларусь трапіла ў Расею, дык тытунь ужо быў расейскі, мясцовы і ў Беларусі яго пачалі масава вырошчваць на Палесьсі, і вырошчвалі яго амаль да апошніх дзён. Асабліва пад час войнаў, калі не было магчымасьці купіць. Апошні тытунь вырошчвалі для нашых партызанаў – махорку. Адмыслова сяляне вырошчвалі, прадавалі, круцілі г. зв. “козьі ножкі” з газэты, і Божа ўпасі, калі з партрэтам Сталіна, бо можаш трапіць на гадоў 10 у пэўнае месца…”

(Ракіцкі: ) “А калі зьнікаюць люлькі, і становяцца вельмі папулярнымі папяросы, цыгарэты?”

(Трусаў: ) “Па-першае, яны ня зьніклі па-сяньняшні дзень. Іншая справа, што люлька зноў вярнулася да першага стану, калі люлькаю карысталіся толькі магнаты ды шляхта. І зараз люлькі каштуюць дорага, і люлькамі карыстаюцца толькі інтэлігенты, а таксама тыя, хто мае нейкія дачыненьні да мора. Напрыклад, сапраўдны марак паліць толькі люльку.

І зараз люльку паліць нашмат больш ня шкодна – у ХVІІІ стагодзьдзі прыдумалі мунштукі з бурштыну, у Беларусі іх нават выраблялі. І бурштын як бы вось гэтыя канцэрагены затрымлівае. Мы часта знаходзілі гэтыя мунштукі пад час раскопак. Гэта менавіта традыцыя ХІХ стагодзьдзя, бо людзі тады ўжо разумелі, што паленьне тытуню абавязкова шкодзіць здароўю. Таму разумныя людзі спачатку прыдумалі мунштук з бурштыну, а пасьля й фільтар для папіросы.

Папіросы й цыгарэты – гэта ўжо пачатак ХХ стагодзьдзя. І дарэчы, у савецкай Расеі заўжды эканомілі на здароўі людзей, і зьявіліся такія шкодныя здароўю тытуні, як напрыклад, папіросы “Беломорканал”. Нармальны эўрапеец, калі запальваў такую папіросу, мог, натуральна, не памерці, але кепска пасьля сябе адчуваць”.

З свайго дзяцінства я памятаю, што былі такія цыгарэты як “Памір”, іх называлі “жабрак у гарах”. Гэтыя яшчэ горшыя за “Беломорканал”.
(Ракіцкі: ) “Што належыць да эканамічных пытаньняў, дык тут усё зразумела. Краіны, якія вырошчваюць табаку, на гэтым маюць вельмі вялікія грошы. Але ці маглі бы Вы сфармуляваць, які ўплыў зьяўленьня тытуню ў Беларусі аказала на культуру нацыі?”

(Трусаў: ) “Па-першае, вялі ўплыў на дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Напрыклад, у Наваградку я знайшоў унікальную люльку, якая ўяўляе сабою прыгожую манашку, якая нясе на плячах цэлы кораб. Былі люлькі ў выглядзе чалавечых галоў, у выглядзе абутку, самыя розныя. Гэта ўнікальныя творы дэкаратыўна-прыкладнога маствацтва. Па-другое, ужываньне тытуню ў ХVІІІ–ХІХ стагодзьдзях наклала на беларусаў своеасаблівую аўру эўрапэйскага народа – мы й парокі запазычылі ад Эўропы раней за суседзяў. Напрыклад, гульня ў карты, як і тытунь, прыпадае на ХVІ стагодзьдзе. Гэта гаворыць у першую чаргу пра тое, што мы да канца ХVІІІ стагодзьдзя былі складовай часткаю заходняй эўрапэйскае культуры. І Расея толькі пры Пятры І і Кацярыне ІІ, прымкнула да гэтага заходнеэўрапэйскага культурнага абшару. А раней гэта быў іншы, цюрскі абшар”.

І мне здаецца, што ўжываньне тытуню на Беларусі трэба разумець як тую, ня вельмі добрую, прыкмету заходняй эўрапейскай цывілізацыі, як і пэўныя хваробы. Мы бралі адтуль ня толькі каштоўнае але і адмоўнае.


Вячаслаў Ракіцкі

XS
SM
MD
LG