Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьнік як канструктар дый стваральнік уласнага лёсу


Пісьменьнік як канструктар дый стваральнік уласнага лёсу

(эфір 20 Ліпеня 2000 г.)

Удзельнік: літаратуразнаўца Пятро Васючэнка.
Аўтар і вядучы – Вячаслаў Ракіцкі.

(Ракіцкі: ) “У пісьменьніку звыклі бачыць стваральніка тэкстаў, фармавальніка грамадзкае думкі, рэтрансьлятара боскае волі або дзяржаўнае ідэялёгіі. Нарэшце, паслугача, адэпта, апалягэта але рэдка згадваюць на тое, што пісьменьнік творца паралельнага сьвету. Ён сутворца грамадзтва, саўдзельнік гістарычнага працэсу або, у любым выпадку, творца ўласнага лёсу. Дык якім чынам і як пісьменьнік стварае ўласны лёс? Уласнае жыцьцё й сьмерць? Маім госьцем літаратуразнавец Пятро Васючэнка…

Пятро, ці можна сказаць, што літаратар у творах стварае мадэль уласнага жыцьця?”

(Васючэнка: ) “Можна. Я б сказаў і пра тое, што пісьменьнік стварае нейкія ўнівэрсальныя мадэлі экзыстэнцыі, якія ў першую чаргу належаць да яго асабіста, ягонага існаваньня. У якасьці такой літаратурнай ілюстрацыі можа служыць творчасьць Эрнэста Хэмінгуэя, які ня толькі тварыў жыцьцё сваіх пэрсанажаў, а й сваё асабістае жыцьцё праз творы.

У ягонай твочасьці і ў ягоным жыцьцяпісе прысутнічае матыў паляваньня. Спачатку гэта паляваньне на людзей, вайна. Ягоныя героі – прадстаўнікі “згубленнага” пакаленьня – удзельнічаюць у паляваньні чалавека за чалавекам. Потым героі Эрнэста Хэмінгуэя даюць даніну рыбалцы й паляваньню. Сам ён, дарэчы, таксама быў заўзятым паляўнічым”.

(Ракіцкі: ) “Мне здаецца, што Вы тут маеце нешта ў кантэксьце пра беларускае. Ці не на Караткевіча Вы тут намякаеце?”

(Васючэнка: ) “Так. Безумоўна, у нас тут ёсьць паралель з творчасьцю Караткевіча. Зрэшты, паляваньне Хэмінгуэя скончылася паляваньнем на сябе – ён скончыў жыцьцё, як вядома, самагубствам, ён застрэліўся. Што належыць да жыцьця Караткевіча, дык ён таксама мадэляваў яго сваімі творамі. Ягоныя героі – вандроўнікі, таксама паляўнічыя або аб’екты паляваньня. Сам Караткевіч, як вядома, быў заўзятым паляўнічым, і рыбаком, і плаўцом. Інакш кажучы, калі ёсьць мадэль жыцьця паводле Хэмінгуэя, ёсьць мадэль жыцьця паводле Ўладзімера Караткевіча”.

(Ракіцкі: ) “Калі мы гаворым пра планіду, а гаворка акурат ідзе пра планіду, дык гэта і працягласьць жыцьця, і яго насычанасьць падзеямі. Ці канструявалі працягласьць жыцьця пісьменьнікі і найперш нашыя, беларускія?”

(Васючэнка: ) “Я прывяду два прыклады. Адзін з прыкладу ўсясьветнае літаратуры. Творчы досьвед Бэрнарда Шоў, які напісаў даволі нудны але канцэптуальны твор “Назад да Мафусаіла”, у якім прагназаваў доўгажыхарства чалавецтва. Ён лічыў, што людзі неразумныя таму, што жывуць мала. І героі ягоных твораў жывуць па 300, 400 і 700 гадоў і дасягаюць гармоніі ў сваім соцыюме.

І сам Бэрнард Шоў як быццам бы падыходзіў пад гэтую мадэль, ішоў за ёю. Ён, як вядома, ня піў, не паліў, быў вегетарыянцам, выключэньне рабіў для жанчынаў і дажыў да 94-х гадоў. Здаровенькі памёр у гэтым узросьце. Інакш кажучы, увайшоў у шэрагі сваіх літаратурных доўгажыхароў.

Што ж належыць да беларускіх аўтараў, дык я часьцей назіраю прыклады праграмаваньня, так бы мовіць, малажыхарства, калі пісьменьнік праграмуе сваю заўчасную сьмерць. Гэта можна прасачыць на прыкладзе таго ж Максіма Багдановіча, які ў сваіх творах шмат кажа пра хваробу й пра заўчасную сьмерць”.

(Ракіцкі: ) “Спачатку ў літаратурных творах яе прагназуюць, а затым і сваім жыцьцём скарачаюць гэтае жыцьцё?”

(Васючэнка: ) “Паглядзіце “Страцім лебедзь” Максіма Багдановіча, дзе ён падае вобраз птушкі, якая спрачалася з усім сьветам і якая пасьля сябе не пакінула нашчадкаў”.

(Ракіцкі: ) “Але ўсё ж такі літаратура, Пятро, гэта пэўная фантазія. Дык вось, наколькі дакладна пісьменьнік можа запраграмаваць свой лёс, фінал свайго жыцьця?”

(Васючэнка: ) “Жыцьцё ўладкаванае так, што ў ім могуць матэрыялізавацца самыя неўтаймаваныя фантазіі. Яны, часам, пацьвярджаюцца шалёнай дакладнасьцю. Асабліва гэта заўважаем у тых выпадках, калі гаворка йдзе пра фінал жыцьця. У тым жа выпадку з Хэмінгуэем, з Джэкам Лёнданам… і сярод нашых беларускіх літаратараў можна пабачыць запраграмаванасьць жыцьця й сьмерці Янкі Купалы. “Формула падзеньня” або “спыненага палёту”, я бы гэта назваў так.

Калісьці літаратуразнавец Алег Лойка заўважыў, што сьмерць Купалы, яго падзеньне ў лесьвічны пралёт было ўласна кажучы не падзеньнем, а, менавіта, “спыненым палётам”…

І вецер, і сокал, і я –
Сыны адной долі-жыцьця,
Наводзім маркотныя мы
І думы і песьні адны.

Раняў вецер крыльлі свае,
Ляціць, і шуміць, і пяе,
Пяю а свабодзе сваей,
Пяю а бязвольлі людзей.

Як вецер, і я б так ляцеў,
Як вецер, аб тым самым пеў,
Як вецер, свабодны мой дух,
Хоць гора цягаю ланцуг.

Пад зорамі сокал завіс,
Глядзіць па-арлінаму ўніз.
Там сокалу сьвету ня жаль,
Мілей яму небная даль.

Як сокал, і я б мкнуў да зор:
Там сонца, раздольле, прастор,
Бяз жалю б пакінуў зямлю,
І хатку, і долю сваю.

І вецер, і сокал, і я –
Сыны адной долі-жыцьця,
Наводзім маркотныя мы
І думы і песьні адны.

(Ракіцкі: ) “Пятро, калі мы паглядзім на знакаміты й папулярны сяньня твор Вацлава Ластоўскага “Лябірынты”, дык мы заўважаем, што Ластоўскі як бы запраграмаваў “лябірынты” жыцьця. І менавіта гэтыя “лябірынты” жыцьця паглынулі таго ж Ластоўскага. Якія яшчэ варыянты праграмаваньня, драматызму й трагізму, фіналу?”

(Васючэнка: ) “Мне хацелася б паглыбіць паралель з Вацлавам Ластоўскім, нагадаць пра тое, што лябірынт – гэта ня проста сымбаль падземнага жыцьця, а й сымбаль сьмерці. У перакладзе з крыцкае мовы, лябірынт яшчэ абазначае сякеру з двума лёзамі, вобраз сьмерці. Нагадаю, што і ў “Лябірынтах” Ластоўскага адбываецца загадкавае забойства. І сапраўды, у 30-я гады, ён, як і ягоны падземны чалавек сыходзіць у гэтыя “лябірынты сьмерці”.

(Ракіцкі: ) “Уражвае пры ўсім гэтым ня гэтулькі дакладнасьць дэталяў, а найперш канцэптуальная адпаведнасьць. Ці можна казаць пра нейкія канцэптуальныя адпаведнасьці фатуму, ці прададчуваньня чалавечае канкрэтнае сьмерці?”

(Васючэнка: ) “Наш вялікі пісьменьнік ды інтэлектуал Максім Гарэцкі стварыў менавіта канцэптуальную мадэль уласнага жыцьця й сьмерці. Сфармуляваць яе можна такім чынам – “служэньне пісьменьніка свайму народу”, “вяртаньне пісьменька ў народ” але, як модна было казаць сярод расейскай інтэлігенцыі, “хаджэньне пісьменьніка ў народ…

Інтэлігентам першага пакаленьня, Максім Гарэцкі, усё жыцьцё пакутаваў на комплекс служэньня народу. У многім сваю інтэлектуальную працу ён лічыў здрадаю простаму люду. Імкнуўся вярнуцца ў гэтую мітычную, аддаленную ад яго вёску да простага чалавека. Так было ў яго і ў ранейшай прозе, так было і ў аповесьці “Дзьве душы” і ў пазьнейшай прозе. І жыцьцё, так бы мовіць, адказала на гэтае памкненьне абсалютна парадаксальным гратэскавым чынам. Гарэцкі нібыта свайго й дамогся, калі яго судзілі на працягу некалькі хвілінаў, дык прысуд выносіла тройка, як раз абсалютна малапісьменных, “цёмных” людзей, на чале якіх стаяў нейкі невядомы Антонаў. Пратакол склалі зь пісьмовымі памылкамі, і вёску, у якой нарадзіўся Максім Гарэцкі – Малая Багацькаўка – назвалі Малое Бачачкава”.

(Ракіцкі: ) “Адпаведна з тым, што Гарэцкі пісаў?”

(Васючэнка: ) “Мяркую, што гэта хутчэй перакуленая копія, гратэск”.

(Ракіцкі: ) “Дарэчы, пра Гарэцкага… Пятро, ці ня можа быць ягоная творчасьць прыкладам ня толькі канструяваньня сьмерці але й новага нараджэньня, праз увасабленьне пэрсанажу, я маю на ўвазе вобраз Ігната Абдзіраловіча?”

(Васючэнка: ) “Вядома, спадар намякае на тое, што Ігнат Абдзіраловіч, як літаратурны пэрсанаж, адрадзіўся ў асобе Ігната Канчэўскага, які ўзяў яго імя за свой псэўданім, падкрэсьліўшы пад гэтым духоўную лучнасьць з улюбёным героям прозы Гарэцкага… Але жыцьцё літаратурных пэрсанажаў не заўсёды бывае гэтакім бясьпечным. Ёсьць унікальны выпадак у гісторыі нашае літаратуры, калі літаратурны пэрсанаж замахваецца на жыцьцё свайго стваральніка. Я маю на ўвазе вядомыя “Запіскі Самсона Самасуя” Андрэя Мрыя і вобраз галоўнага героя Самсона Самасуя, які выйшаў зь межаў літаратурнага твора, трансфармаваўся ў рэальнае чалавечае аблічча, няважна хто гэта быў: ці ягоны судзьдзя, ці фатум, а проста артыкул прысуду – бо Андрэя Мрыя судзілі за ягонага пэрсанажа, перад намі ўнікальны выпадак – пэрсанаж забівае свайго аўтара”.

(Ракіцкі: ) “Вось мы гаварылі з Вамі, Пятро, пра тое, што пісьменьнік прагназуе ўласны лёс. Тут як бы ўсё зразумела. Але ці не здараюцца выпадкі, калі пісьменьнік прагназуе лёс блізкага яму чалавека?”

(Васючэнка: ) “Можна знайсьці характэрны прыклад у творчасьці таго ж Купалы, у жыцьці якога былі дзьве Паўлінкі. Адна зь іх рэальная Паўлінка, Паўліна Мядзёлка, выканаўца ролі ў першым спэктаклі паводле гэтае няўміручае камэдыі Купалы і другая, літаратурная Паўлінка. Паглядзіце, тая літаратурная Паўлінка ўсё жыцьцё намагаецца ўцячы з бацькоўскага дому, а потым вярнуцца ў яго разам з суджаным. І мы маем лёс рэальнае Паўлінкі, Паўліны Мядзёлкі… Уявіце сабе, каб купалаўская Паўлінка трапіла ў высылку, камэру папярэдняга зьняволеньня. Каб яна бачыла на сьцяне вочы людзкія, як гэта апісвае Паўліна Мядзёлка ў сваім творы. Зьнітоўвае гэтыя два пэрсанажы верш Купалы, прысьвечаны Паўлінцы. Ён як бы прарочыць яе будучую нядолю. Верш напісаны ў 1913 годзе, называецца “Сьнілася дзяўчыне”.

(Ракіцкі: ) “Давайце зараз паслухаем гэты верш…”

Сьнілася дзяўчыне
Квяцістае поле,
А наяве выйшла –
Палыны, гугольле.

Сьнілася дзяўчыне
Воля і багацтва,
А наяве выйшла –
Няволя, жабрацтва.

Сьнілася дзяўчыне
Дома жыць да сьмерці,
А наяве выйшла –
Ў чужакоў памерці.

(Ракіцкі: ) “Пасьля ўсяго Вамі тут сказанага, Пятро, напрошваецца выснова, што прафэсія пісьменьнік вельмі небясьпечная. Гэта жахліва, на мой погляд, – прарочыць сабе будучыню, дый яшчэ драматычную, трагічную”.

(Васючэнка: ) “Літаратурныя гульні часам бываюць надзвычай небясьпечныя, згадаем гульні Сяргея Ясеніна ў сьмерць, калі яму зьяўляўся “чорны чалавек”, гульня была надзвычай небясьпечнаю. Але бываюць выпадкі, калі прагназуе і мадэлюе ня толькі ўласнае жыцьцё але жыцьцё ўсяго грамадзтва”.

(Ракіцкі: ) “Я думаю, што гэта зусім ужо новая тэма і напэўна тут варта паразважаць, таму што відавочна, што невыпадкова грамадзтва, дзяржава вельмі часта акурат і баяцца пісьменьнікаў-мастакоў, творцаў, бо яны могуць сказаць і праўду пра гэтае грамадзтва, пра гэтую дзяржаву, і, ведаючы гэтую праўду, напрарочыць яму.

Спадзяюся, што на гэтую тэму мы з Вамі пагаворым у адной з нашых бліжэйшых перадачаў, а зараз, дзякуй Вам, Пятро, за размову”.

Вячаслаў Ракіцкі, Менск

XS
SM
MD
LG