(эфір 17.09.2000)
Аўтар і вядучы: Юры Дракахруст
Да апошняга часу ў Югаславіі быў папулярны такі жарт: у Мілошавіча чатыры
апірышчы – яго партыя, фінансавыя крыніцы, дзяржаўныя мэдыі разам са спэцслужбамі
і … апазыцыя. Так, нярэдка сэрбская апазыцыя сваёй разьяднанасьцю, памылкамі,
гатоўнасьцю некаторых вядомых лідэраў прымаць з рук Мілошавіча ўладныя
партфэлі дапамагала дыктатару высклізаць з вельмі непрыемных сытуацыяў.
Але сёньня пра чатыры апірышча відаць ужо казаць немагчыма.
У жніўні апазыцыя зрабіла вельмі дакладны выбар. Таксама, зразумела,
не бяз цяжкасьцяў. Шматлікія невялічкія апазыцыйныя партыі так і ня здолелі
дамовіцца з найбольш буйным Сэрбскім Рухам Адраджэньня. Харызматычны лідэр
Руху Драшкавіч паставіў умову: ці ён адзіны кандадат у прэзыдэнты ад апазыцыі,
ці адзінай апазыцыі на выбарах ня будзе. Астатнія партыі не пагадзіліся
рабіць стаўку на непрадказальнага Драшкавіча і поўнага адзінства так і
не атрымалася.
Сэрбскія дэмакраты прапаноўвалі стаць адзіным кандыдатам апазыцыі нават
чарнагорскаму прэзыдэнту Джуканавічу. Пры ягонай згодзе сэрбская апазыцыя
атрымлівала двайны выйгрыш: удзел Чарнагорыі ў выбарах і моцнага кандадата.
Але Джуканавіч аддаў перавагу Чарнагорыі і байкоту.
І ўсе ж 18 сэрбскіх апазыцыйных партыяў здолелі стварыць агульны перадвыбарчы
блёк і вылучыць агульным кандыдатам у прэзыдэнты лідэра невялічкай Дэмакратычнай
партыі Сэрбіі, прафэсара канстытуцыйнага права Белградзкага ўніверсытэту
Ваіслава Каштуніцу. І адбыўся ў пэўным сэнсе электаральны цуд. Учора яшчэ
далёка ня самы папулярны палітык у краіне за лічаныя тыдні паводле папулярнасьці
пакінуў далёка ззаду ўсіх астатніх уключна з Мілошавічам.
Чаму мы гаворым пра цуд? Справа ў тым, што ўзлёт Каштуніцы не ўкладаецца
ў традыцыйныя сцэнары. Ён – не “чалавек ніадкуль”, у югаслаўскай палітыцы
ён – з канца 80-х гадоў, а ў пэўным сэнсе з 74-га году, калі за крытыку
Ціта яго звольнілі з унівэрсытэту. Але Каштуніца ўвесь час быў дзеячом
“другога эшалёну”. Нельга растлумачыць яго ўзьлёт і нейкім «гучным», папулярным
учынкам, кшталту якога-небудзь антыкарупцыйнага дакладу ці адстаўкі. У
адстаўку, дарэчы, яму не было адкуль сыходзіць. У адрозьненьне ад іншых
апазыцыянэраў, Каштуніца прынцыпова ніколі не супрацоўнічаў з рэжымам.
Але ў апошнія гады ён не вылучаўся і нейкімі надта празаходніцкімі заявамі
і дзеяньнямі.
Зразумела, адным з чыньнікау раптам узьніклай папулярнасьці Каштуніцы
зьяўляецца дастаткова нізкая папулярнасьць Мілошавіча. Шматгадовая эканамічная
блякада, крывавыя войны, страта тэрыторыяў – гэта можа падкасіць аўтарытэт
самага папулярнага кіраўніка. Але што мы выдатна ведаем на прыкладзе Беларусі,
гэта зусім не абавязкова аўтаматычна падымае аўтарытэт ягоных апанэнтаў
разам ці кагосьці зь іх пэрсанальна. Зразумела, гэта спараджае, можа нават
падсьвядомае, чаканьне альтэрнатывы, але і толькі. Трэба знайсьці свой
“ключык”, які “адкрые” народную душу.
Праграма дэмакратычных пераўтварэньняў, што прапануе блёк на чале з
Каштуніцам, утрымлівае даволі стандартны набор мераў дэмакратызацыі і эканамічных
рэформаў. Да асаблівасьцяў перадвыбарчай плятформы можна аднесьці абяцаньне
Каштуніцы, што ў выпадку яго абраньня праз год ён правядзе датэрміновыя,
цалкам свабодныя прэзыдэнцкія выбары.
Вось цытата з ягонага перадвыбарчага выступу:
(Каштуніца: ) “Людзі прыходзяць да мяне і гавораць: выратуй нас. Усе
ведаюць, што калі Мілошавіч застанецца ва ўладзе, у іх жыцьці нічога ня
зьменіцца. …Я меркаваў, што Мілошавіч усё дакладна пралічыў. Але зараз
я думаю, што ён пралічыўся: я ўпэўнены, што ён не чакаў майго зьяўленьня
на палітычнай арэне”.
Але, магчыма, галоўнае, на што зьвяртаюць увагу ўсе наглядальнікі –
гэта вельмі крытычнае стаўленьне кандыдата дэмакратычнай апазыцыі да Захаду,
у прыватнасьці, да Амэрыкі. Ён кажа, што падыходы як Амэрыкі, гэтак і Мілошавіча
– гэта “пятля на шыі Сэрбіі”. Напачатку перадвыбарчай кампаніі Каштуніца
заявіў, што для перамогі ня мае патрэбы ў амэрыканскай дапамозе, ён кажа,
што калі стане прэзыдэнтам, не аддасьць Мілошавіча трыбуналу ААН па вайсковых
злачынствах, бо, паводле меркаваньня Каштуніцы, гэта – амэрыканская ўстанова.
Магчыма, гэта і перадвыбарчы ход – зразумела, што калі Мілошавіч будзе
ведаць, што страта ўлады для яго азначае вязьніцу, то будзе трымацца за
ўладу любымі сродкамі. Але адмыслоўцы кажуць, што Каштуніца заўсёды быў
памяркоўным сэрбскім нацыяналістам. Хаця памяркоўнасьць ацэньваецца па-рознаму:
напрыклад, прыхільнікі незалежнасьці Чарнагорыі лічаць, што няма асаблівай
розьніцы паміж Каштуніцам і сэрбскім ультранацыяналістам, лідэрам радыкальнай
партыі Шэшалем.
Вось яшчэ некаторыя цытаты з перадвыбарчых інтэрвію Каштуніцы апошніх
тыдняў:
(Каштуніца: )“Вялікая схільнасьць часткі посткамуністычнага сьвету лічыць,
што ўсе рашэньні прымаюцца на Захадзе, як нядаўна лічылі, што гадзіньнік
трэба спраўджваць па крамлёўскім часе. У Вашынгтоне хочуць атрымаць кантроль
і над астатняй тэрыторыяй Сэрбіі, апроч Косава, а атрымаецца гэта з Мілошавічам
ці без яго – ім гэта ўсё роўна”.
Варта адзначыць, што яго стаўленьне да Эўропы – крыху іншае, ён абяцае
вярнуць Югаславію ў Эўропу, але не ахвяруючы нацыянальнымі інтарэсамі.
Падобная пазыцыя галоўнага апазыцыйнага кандыдата выклікае на Захадзе
пэўную насьцярогу. Як не зусім справядліва, але дасьціпна заўважыў адзін
наглядальнік: “Сэрбская апазыцыя вылучыла сваім кандыдатам “Мілошавіча
з чалавечым тварам”. Але ў рэшце рэшт усе пагаджаюцца, што лепш мець справу
з “Мілошавічам з чалавечым тварам”, чым з тым, што існуе зараз. Да таго
ж невядама, ці мог бы ў сучаснай Югаславіі палітык з выразнай празаходніцкай
арыентацыяй увогульле стаць рэальным канкурэнтам Мілошавічу.
Але высокі рэйтынг – гэта яшчэ не перамога, тым больш не перамога на выбарах, якія відавочна ня будуць вольнымі і справядлівымі. Паколькі апазыцыя перастала быць “хлопчыкам для біцьця”, асаблівую ўвагу Мілошавіч надае выкарыстаньню адміністрацыйнага рэсурсу. Мэтады гэтыя амаль аднолькавыя паўсюль. Менавіта ў гэтым годзе 10 тысячаў маладых сем’яў атрымліваюць кватэры. Напярэдадні выбараў узмацніўся ціск на незалежныя мэдыі: улада ўзяла пад свой кантроль папулярную незалежную радыёстанцыю і сталічную тэлестудыю, якую кантралявала апазыцыя. Незалежных журналістаў запалохваюць і перасьледуюць – некалькі месяцаў таму ваенны суд прыгаварыў журналіста Філіпавіча да 7 гадоў зьняволеньня за “шпіянаж”. “Шпіянаж” палягаў у рэпартажах Філіпавіча пра тое, што рабіла югаслаўскае войска ў Косаве да прыходу туды міратворцаў НАТА. У апошнія месяцы адбылася серыя нападаў на актывістаў апазыцыйнага студэнцкага руху “Отпор” – “Супраціў”: то паліцыя рабіла ператрусы ў офісе “Отпору”, то невядомыя асобы жорстка зьбівалі актывістаў Руху. Некалькі месяцаў таму ізноў жа невядомыя зрабілі замах на жыцьцё аднаго з лідэраў апазыцыі Драшкавіча, а ў мінулым месяцы загадкава зьнік былы кіраўнік камуністычнай Сэрбіі, крытык Мілошавіча Стамболіч. Паводле сьцьвярджэньняў улады, яна, зразумела, ня мае да гэтых інцыдэнтаў ніякага дачыненьня. Ёсьць і спэцыфічныя югаслаўскія прыёмы, абумоўленыя нядаўняй гісторыяй – улада эксплюатуе нацыянальныя пачуцьці сэрбаў, распальвае ксэнафабічныя настроі. Вельмі красамоўнымі прадстаўляюцца гісторыі з натаўскімі “шпіёнамі” і “дывэрсантамі”: якраз пад час перадвыбарчай кампаніі ў Сэрбіі арыштавалі датчанаў, якія нібыта прызналіся, што хацелі адрэзаць галаву Мілошавічу і паслаць у штаб-кватэру НАТА, у Чарнагорыі затрымалі ангельцаў нібыта з выбуховымі прыстасаваньнямі. Ня надта праўдападобна, але дзейнічае. Сам Мілошавіч пад час перадвыбарчай кампаніі вельмі рэдка зьяўляецца на публіцы. Упершыню ён выступіў некалькі дзён таму на адкрыцьці электрастанцыі на Дунаі, адбудаванай пасьля натаўскага бамбаваньня. Пры гэтым ён сказаў: (Мілошавіч: ) ”Гэтая электрастанцыя – ёсьць адказ на гвалт і несправядлівасьць, гэта ёсьць дэманстрацыя цывілізаванасьці і перавагі нацыі, якая не дазваляе сябе знішчыць”. Існуюць і сваеасаблівыя выбарчыя тэхналёгіі: на мінулых выбарах людзям, што працуюць на дзяржаўных прадпрыемствах, выдавалі на працы выбарчы бюлетэнь, з голасам, пададзеным за партыю Мілошавіча, і казалі : “Прынясеш з выбарчага ўчастку чысты бюлетэнь. А калі не – дык не спадзявайся ні на прэміі, ні на кватэру, ні на астатняе”. Для рэгістрацыі кандыдата ў прэзыдэнты трэба было сабраць 25 тысячаў подпісаў. За Мілошавіча сабралі больш за паўтары мільёны подпісаў, асабліва падкрэсьліваецца, што 200 тысячаў сабрана ў Чарнагорыі. Адзін з лідэраў апазыцыі пакпіў з гэтай нагоды, што, відаць, перадвыбарчы штаб Мілошавіча проста добрасумлена перапісаў насылы і імёны з тэлефоных кнігаў. Дзякуючы таму, што апазыцыя мае фракцыю ў парлямэнце і моцныя пазыцыі ў мясцовай уладзе ў буйных гарадох, яна мае і сваіх прадстаўнікоў у выбарчых камісіях. Амаль паўсюль, акрамя Косава і паўдневых раёнаў Сэрбіі, што мяжуюць з Косавам. Гэта фактычна прыфрантавая паласа, дзе пануе войска, а значыць – Мілошавіч. Колькасьць сэрбскіх уцекачоў з Косава ніхто ня ведае, тым больш няма і іх дакладнага сьпісу. Апазыцыя лічыць, што менавіта на поўдні будуць найбольш маштабныя фальсыфікацыі вынікаў выбараў. Да таго ж трэба ўлічваць і асаблівасьці народнай, прынамсі, сялянскай псыхалёгіі. Адзін журналіст быў сьведкам такой вельмі сымбалічнай гісторыі. Пасьля палымянага выступу Драшкавіча ў сэрбскай вёсцы да апазыцыянэра падыйшоў стары, паціснуў руку і сказаў: “Малойча, правільна гаворыш”. “Дык Вы будзеце за мяне галасаваць?” – пытае палітык. “Не”. “Чаму?”. “А вось калі ты ва ўладзе будзеш, я за цябе прагаласую” – адказаў стары. Ці то пра Сэрбію расповяд, ці пра Беларусь? На што ж спадзяецца апазыцыя? Доступу да дзяржаўных мэдыяў яна ня мае, штаб Каштуніцы абраў тактыку перадвыбарчай кампаніі “ад дзьвераў да дзьвераў”: агітатары ходзяць па кватэрах і пераконваюць людзей. Падаецца, што ці не галоўны спадзеў апазыцыі – на раскрутку ў адваротны бок той самай “спіралі маўчаньня”, пра якую мы распавядалі ў нашай мінулай перадачы. Паводле апытаньняў, за Мілошавіча, як за прэзыдэнта, гатовыя галасаваць прыблізна кожны пяты грамадзянін Сэрбіі, але ж 45% упэўненыя, што пераможа ў рэшце рэшт усё ж такі ён. Аднак паводле апытаньняў, праведзеных ужо ў верасьні, за Каштуніцу гатовы аддаць свой голас 40%. Дарэчы, і на парлямэнцкіх выбарах апытаньні абяцаюць апазыцыі перамогу: за апазыцыйны блёк на чале з Каштуніцам гатовыя аддаць галасы 38% выбаршчыкаў, а за сацыялістаў Мілошавіча – 23%. У рэшце рэшт і партапарат, і чынавенства, і вой ска – часткі грамадзтва. Калі яны адчуюць, што перамога на баку Каштуніцы, ён сапраўды пераможа, у тым ліку і дзякуючы іх паводзінам. Праўда, ёсьць небяспека, што ці то напярэдадні выбараў, ці паміж першым і другім турамі Мілошавіч зробіць які-небудзь нечаканы крок – “згуляе ў шахматы дошкаю”. Магчыма, што гэта будзе зьвязана з непакорнаю Чарнагорыяй, як заўважаюць экспэрты, чым больш тэрыторыяў губляла Югаславія, тым больш моцнай рабілася ўлада Мілошавіча. Дзярждэпартамэнт ЗША заклікае сэрбаў ісьці на выбары, падкрэсьліваючы, што яны відавочна ня будуць ані справядлівымі, ані свабоднымі. Цікавая паралель з Беларусьсю: у Беларусі ўлады заклікаюць на выбары заходніх наглядальнікаў, хаця і беспасьпяхова, урад Мілошавіча заяўляе, што не дапусьціць на выбары ніякіх назіральнікаў з краінаў НАТА, што ўдзельнічалі ў мінулагодняй вайсковай апэрацыі. І ўсё ж Захад робіць стаўку на выбары. Дзяржсакратар ЗША Олбрайт спрабавала нават пераканаць кіраўніцтва Чарнагорыі ўдзельнічаць у фэдэральных выбарах, каб дапамагчы сэрбскім апазыцыянэрам. Але што чарнагорцы, што сэрбы – народы ўпартыя: прэзыдэнт Чарнагорыі абраў байкот. Вельмі асьцярожную пазыцыю займае Расея. Днямі яна далучылася да закліку заходніх краінаў да Мілошавіча, каб выбары 24 верасьня былі справядлівымі. На афіцыйным узроўні Масква працягвае падтрымліваць Белград – у Маскве разумеюць, што любы іншы лідэр, акрамя Мілошавіча, будзе інтэграваць Югаславію ў Эўропу і больш дыстанцавацца ад Расеі. Але блізкасьць, якая існуе пры Мілошавічы, цешучы геапалітычныя амбіцыі Расеі, прыносіць ёй больш рэальных стратаў, чым перавагаў. Непрадказальны балканскі саюзьнік уцягвае за сабой у міжнародную ізаляцыю і Расею. Паўторым: 24 верасьня югаслаўскія выбаршчыкі будуць вырашаць ня толькі свой лёс, але ў значнай ступені, і лёс усёй эўрапейскай палітыкі. Адрозьненьні беларускай сытуацыі ад югаслаўскай навідавоку: у Беларусі няма аналягаў ані Косава, ані Чарнагорыі, яе не бамбавалі, яна ня ведала міжнароднай эканамічнай блякады. Але адрозьненьні, здаецца, толькі больш яскрава падкрэсьліваюць падабенства і пасткаў, у якія трапляюць народы, і доўгіх шляхоў выхаду з гэтых пастак. Юры Дракахруст, Прага