Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правы чалавека ў беларускай прэсе


Правы чалавека ў беларускай прэсе

(эфір 11 Сьнежня 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

У чарговую гадавіну прыняцьця Дэклярацыі правоў чалавека нашая праграма задалася пытаньнем — ці вінаватая прэса ў тым, што правы чалавека дасюль ня сталі прыярытэтам для бальшыні беларусаў?

(Цыганкоў: ) “Сацыялягічныя дасьсьледваньні пераканаўча паказваюць, што тэма правоў чалавека на сёньня пакуль не зьяўляецца галоўнай для жыхароў Беларусі. Так, паводле праведзенага сёлета ў кастрычніку дасьследваньня НІСЭПД, беларусаў сёньня найбольш непакоіць рост цэнаў, які адзначылі 82%, і галеча — 73%. Усяго рэспандэнтам прапаноўвалася 11 варыянтаў адказаў — можна было выбраць некалькі, так што агульная сума перавышае 100 адсоткаў. Парушэньне правоў чалавека заняло 9 месца, набраўшы 27,5%.

У сёньняшняй праграме разам з нашымі суразмоўцамі мы паспрабуем разабрацца, ці ёсьць у такім становішчы віна беларускіх СМІ, у прыватнасьці незалежнай прэсы? Наколькі поўна й разнастайна асьвятляюцца праблемы правоў чалавека ў беларускіх мэдыях? Вось што лічыць аглядальнік газэты “Белорусский рынок” і карэспандэнт расейскага праваабарончага выданьня “Экспресс-хроника” Паўлюк Быкоўскі”.

(Быкоўскі: ) “На маю думку, у Беларусі ня вельмі актыўна падымаецца тэма правоў чалавека, прычым як у дзяржаўнай, гэтак і ў недзяржаўнай прэсе. Недзяржаўная прэса зьвяртае на яе больш увагі, але хучэй у палітычным аспэкце. Правы чалавека часьцей успрымаюцца як парушэньне палітычных правоў чалавека, прычым, як гэта вядома з сацыялягічных апытаньняў, гэта не дадае папулярнасьці самой недзяржаўнай прэсе з-за таго, што грамадзтва ўспрымае правы чалавека ня як самую першасную праблему. Таму публікацыі на гэтую тэму не зьяўляюцца такімі цікавымі для чытача”.

(Цыганкоў: ) “Ці лічыце Вы памылкаю такі вось акцэнт менавіта на палітычную складную частку правоў чалавека?”

(Быкоўскі: ) “Палітычная частка правоў чалавека — гэта вельмі важна, але калі акцэнт робіцца толькі на гэтым, дык мне гэта падаецца абсалютна няслушным, бо акрамя гэтага ёсьць шмат іншых аспэктаў правоў чалавека і сацыяльная складная таксама важныя. Акрамя таго, ёсьць яшчэ праблемы розных мяншыняў, ёсьць праблемы ня толькі адукацыі на беларускай мове — гэта сапраўды праблема, але таксама ёсьць праблема адукацыі на польскай мове й гэтак далей…

Праблемаў, якія можна падвесьці пад назву “правоў чалавека”, вельмі шмат. Але часьцей за ўсё і мне, і бальшыні журналістаў, прасьцей пісаць пра вядомыя рэчы, зьвязаныя з палітыкаю, бо тады правы чалавека ўспрымаюцца як частка вялікае праблемы”.

(Цыганкоў: ) “Што да дзяржаўнае прэсы, дык яе пазыцыя ўяўляецца больш простай і адназначнай. Рэдактар праваабарончага часопіса “Чалавек” Сьвятлана Курс лічыць, што дзяржаўныя СМІ зараз папросту займаюцца дыскрэдытацыяй такога панятку, як правы чалавека…”

(Курс: ) “Напрыклад, за 99-ты й 2000 год у “Савецкай Беларусі” і “Народнай газэце” прайшлі публікацыі, дух якіх вытрыманы ў такім стылі, што на Захадзе правы чалавека ніяк не вытрымліваюцца, а ў Беларусі вытрымліваюцца. А ўвогуле — правы чалавека ёсьць навязаным нам Захадам стандартам і таму беларусам спрадвечна былі “присущи другие ценности”, як яны там пісалі, “православие, соборность, а не индивидуальность” і ў гэтай саборнасьці правы чалавека ня маюць сэнсу — бо калектыў абараняе чалавека. Вось як яны намагаліся гэта павярнуць.

У міжнароднай супольнасьці існуе такі прынцып, як непадзельнасьць правоў чалавека. Аднолькава важныя і палітычныя правы й грамадзянскія, сацыяльна-эканамічныя і культурныя. А дзяржава праз свае сродкі масавай інфармацыі гаворыць, што важныя сацыяльна-эканамічныя правы, а палітычныя — гэта выдумка “тлустых буржуяў”. Атрымліваецца, што няма ані тых, ані іншых правоў і найбольш церпяць якраз сацыяльна-эканамічныя правы людзей…”

(Цыганкоў: ) “Зрэшты, Сьвятлана Курс мае істотныя прэтэнзіі і да недзяржаўнай прэсы, якая, на яе думку, відавочна недаацэньвае тэму сацыяльных правоў”.

(Курс: ) “І тут якраз можна выставіць рахунак незалежнай прэсе. Трэба паварочваць праблему такім чынам, што без палітычных правоў не рэалізуюцца сацыяльна-эканамічныя, і трэба паказваць мэханізм рэалізацыі сацыяльна-эканамічных правоў праз палітычныя. Трэба паказваць, што неабходныя правы на мітынгі й шэсці, права на незалежны суд, якое ў нас парушаецца як раз найбольш.

Выразны прыклад гэтага мы прасачылі на тым, калі нашыя рабочыя, якія паехалі рабіць ў Расею, былі там на становішчы рабоў, іх не адпускалі назад. Іх сем’і выйшлі да адміністрацыі прэзыдэнта пікетаваць, іх скруцілі, і вось тады яны зразумелі, чаму сацыяльна-эканамічныя правы бароняцца палітычнымі. Але яны не павінны гэта разумець на сваёй скуры — мы ім мусім тлумачыць”.

(Цыганкоў: ) “Іншымі словамі, я б дадаў, што не бывае дылемы паміж свабодаю і каўбасою. Або воля і каўбаса, або ні таго ні іншага. Менавіта гэтую простую ідэю мусяць даводзіць беларускім чытачам незалежныя СМІ…”

* * *
(Цыганкоў: ) “Працягнем праграму. Як сьцьвярджаюць удзельнікі нашае перадачы, незалежная прэса зьвяртае найбольшую ўвагу на палітычны аспэкт правоў чалавека, хаця б таму, што гэта прасьцей і больш звыкла. А чаго самі чытачы чакаюць ад журналістў у справе асьвятленьня гэтае праблемы? Меркаваньне Паўлюка Быкоўскага…”

(Быкоўскі: ) “Калі браць сацыялягічныя дадзеныя, што хацелі б чытачы ці гледачы бачыць у беларускіх мэдыях, дык на першых пазыцыях знаходзяцца дабрабыт, здароўе і гэтак далей. Потым ідзе палітыка й толькі недзе потым — правы чалавека. Гэта ўспрымаецца як ня самае першае.

А разам з тым, калі, напрыклад, браць недзяржаўныя газэты, дык часьцей за ўсё чым больш радыкальнае выданьне, тым больш часта яно ўжывае тэрмін “правы чалавека” і, мне падаецца, што гэта йдзе на шкоду самому выданьню. У нейкай ступені, такім чынам, тэма правоў чалавека зьмяншаецца — успрымаецца, што любы палітычны працэс, калі ёсьць нейкія пакараньні — гэта абавязкова парушэньне правоў чалавека…”

(Цыганкоў: ) “Тое, што значная частка беларускага грамадзтва застаецца абыякавай да праваабарончае тэматыкі, відавочна. Але ў чым першапрычына такога стаўленьня? Няўжо справа ўся ў журналістах, ці проста беларускае грамадзтва пакуль сасьпела толькі да абмежаванага ўспрыняцьця тэматыкі правоў чалавека?”

(Быкоўскі: ) “Я думаю, што праблема тут найперш не ў журналістах. Мы зьяўляемся толькі часткаю грамадзтва, бальшыня журналістаў імкнецца да таго, каб адлюстроўваць менавіта тое, што бычыць. У грамадзтве правы чалавека проста яшчэ не набылі такога значэньня.

Заўтра правы чалавека, магчыма, набудуць большую актуальнасьць, бо сапраўды грамадзтва праходзіць ад такой “подданической” палітычнай культуры да ўспрыняцьця сябе як грамадзяніна. Між іншым, арганізацыя абароны правоў спажыўцоў — гэта таксама правы чалавека. Таварыства Беларускае Мовы — гэта таксама абарона правоў чалавека. Усё гэта вельмі пераплецена…”

(Цыганкоў: ) “Што трэба зрабіць, каб правы чалавека ва ўсіх аспэктах гэтае тэмы занялі належнае месца ў грамадзкай сьвядомасьці? І з таго, што гэтая праграма прысьвечаная праблемам прэсы, удакладню пытаньне: што трэба зрабіць журналістам, каб іхныя матэрыялы наконт правоў чалавека выклікалі ўсё большы рэзананс, каб грамадзтва адчула патрэбу ў такой інфармацыі?”

(Курс: ) “Праблема яшчэ ў недастатковай адукаванасьці журналісцкае масы ў галіне правоў чалавека. Гэта проста часовая зьява. На Захадзе існуюць журналісты, якія пішуць пра скачкі, якія пішуць пра культуру, пішуць пра правы чалавека — і кожны ў сваёй галіне вельмі адукаваны. Яны ведаюць ўсе заканадаўчыя акты, якія падпісала наша краіна, яны крытыкуюць яе за тыя акты, якія не падпісаныя, або якія не выконваюцца, яны ведаюць які мэханізм рэалізацыі гэтых актаў…

Калі нашыя людзі сьцямяць, што правы чалавека — гэта выгодна, патрэбна, дык, я думаю, што правасьвядомасьць яго, відавочна, уздымецца. Проста журналістам трэба больш адукоўвацца — кожнаму, хто піша на тэматыку чалавека ўвогуле, а ня толькі “правоў чалавека”. Томік пра ўсе заканадаўчыя акты, якія падпісала Беларусь, мусіць заўсёды ляжаць на стале…”

(Цыганкоў: ) “У пачатку праграмы я прыводзіў сацыялягічныя лічбы, якія сьведчаць, што парушэньні правоў чалавека непакояць толькі 27% беларусаў. Зь іншага боку, я наўмысна адразу не назваў яшчэ адну лічбу — два гады таму, паводле дасьсьледваньня гэтага ж інстытуту, парушэньні правоў чалавека хвалявалі толькі 10% апытаных. Такім чынам, маем рост амаль у тры разы. Можа гэтая станоўчая дынаміка і зьяўляецца ўскосным адказам на пытаньне, ці ёсьць нейкі прагрэс у асьвятленьні праблемы правоў чалавека беларускімі незалежнымі мэдыямі?”

Віталь Цыганкоў

XS
SM
MD
LG