Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спартовая прэса


Спартовая прэса

(эфір 2 Кастрычніка 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

У першы пасьляалімпійскі дзень мы распавядзем пра спартовую прэсу Беларусі.

(Цыганкоў: ) «У Беларусі сёньня выходзіць чатыры агульнанацыянальныя спартовыя выданьні. Два зь іх — “Спортивная панорама” і “Всё о футболе” — фінансава падтрымліваюцца дзяржаваю і на сёньня знаходзяцца пад адным арганізацыйным дахам. Некалькі месяцаў таму зьявіўся недзяржаўны штотыднёвік “Спорткур’ер”, рэдактарам якога стаў вядомы журналіст Уладзімер Даўжэнка, які нядаўна скандальна пакінуў Беларускую тэлевізію, дзе доўгія гады вёў унікальную перадачу “Асілак”.

Але безумоўным лідэрам спартовае прэсы Беларусі як паводле масавасьці, гэтак і паводле зьместу зьяўляецца незалежная газэта “Прессбол”, якая хутка будзе адзначаць 10-годзьдзе свайго існаваньня. “Прессбол» цяпер выходзіць 4 разы ў тыдзень і мае тыднёвы наклад амаль 100 тысячаў асобнікаў…

Што дапамагае заставацца лідэрам, ці не набралася ў газэты тут пэўная інэрцыя, інэрцыя перамогі? На гэтае пытаньне адказвае намесьнік галоўнага рэдактара «Прессболу» Сяргей Новікаў…»

(Новікаў: ) “Калі казаць пра інэрцыю, дык інэрцыя — гэта зьява, зьвязаная зь нечым нерухомым, з тым, што спыніла разьвіцьцё, нейкі прагрэс. На маю думку, нашай газэты гэта ніяк ня можа тычыцца ў першую чаргу з тае прычыны, што, на нашую думку, тыя, хто нас рэгулярна чытае й назірае за працэсамі нашага разьвіцьця, ня можа не пагадзіцца, што гэзэта расьце, набывае новыя рысы і ў сэнсе тэматыкі, і ў сэнсе жанравага, і ў сэнсе новых людзей, якіх за апошні час у нас зьявілася шмат, і якія вельмі цікава пра сябе заявілі.

Ну а ў чым прычына нашага лідэрства — мне здаецца, што можна казаць ўжо пра нейкую школу “Прэссбола”. За дзесяць гадоў існаваньня нашае газэты, дзесяцігадовы юбілей мы будзем сьвяткаваць у студзені, склаліся нейкія традыцыі, нейкая мэтода працы, якая стала добрай традыцыяй”.

(Цыганкоў: ) «Гаварыў Сяргей Новікаў. Наяўнасьць школы «Прессбола» даказваецца хаця б тым фактам, што напрыклад, у той жа «Спортивной панораме» вядучыя ролі займаюць былыя «прессболаўцы». Ці задавальняюць існуючыя спартовыя выданьні краіны патрэбу беларускага чытача ў спартовай інфармацыі? Адказвае Сяргей Новікаў…»

(Новікаў: ) “Мне здаецца, што попыт на спартовую інфармацыю зараз у нашай краіне ўвогуле здавальняецца, хаця й нельга сьцьвярджаць, што няма ніякіх надзеяў на прагрэс, на тое, што ён будзе расьці. Калі прыгадаць савецкі час, дык тады адзіная, агульнанацыянальная газэта “Советский спорт” выдавалася ў Беларусі накладам за поўмільёна. Яе раскупалі, яе чыталі — гэта значыць, што тыя людзі, якія былі ў той час чытачамі, у бальшыні сваёй нікуды ня зьніклі і яны ёсьць. Гэта значыць, што патэнцыйна яны зноўку могуць аднавіць сваю цікавасьць да спорту, але гэта, відаць, працэс не такі ўжо й хуткі”.

(Цыганкоў: ) «Сяргей Новікаў лічыць, што ў беларускай спартовай прэсы яшчэ ёсьць істотны рэзэрв для павялічэньня накладу. Аднак намесьнік рэдактара газэты «Спортивная панорама» Руслан Васільеў у гэтым пытаньні не нагэтулькі аптымістычны…»

(Васільеў: ) «Можаце спытацца каго заўгодна ў спартовай прэсе, але нажаль, на сёньня йснуе востры дэфіцыт маладога прытоку сілаў у спартовую журналістыку. Час мяняецца, і калі раней людзі нагэтулькі цікавіліся спортам, што нават на сваім дылетанцкім узроўні спрабавалі, напрыклад, весьці статыстыку, дык цяпер у моладзі зьяўляюцца іншыя інтарэсы. Як няма прытоку ў сьвет самога спорту, дык няма прытоку кадраў і ў сьвет спартовае прэсы».

(Цыганкоў: ) «Працягваем наш расповед пра спартовую прэсу Беларусі. Акрамя агульнанацыянальных выданьняў, у краіне выходзіць некалькі рэгіянальных газэтаў. “Футбол Гомельшчыны” выдаецца ў Мазыры на базе мясцовага футбольнага клюбу “Славія” — дзейнага чэмпіёна Беларусі. Але напрыклад, бабруйскага газэта “Футбольны кур’ер” памерла, пэўныя складанасьці з выхадам мае гомельскае футбольнае выданьне.

Тут назіраецца прыкметная заканамернасьць — пакуль мясцовы футбольны клюб на вышыні, рэгіянальная газэта мае шанцы на йснаваньне.

Сяргей Новікаў лічыць, што правінцыйнае спартовае выданьне сёньня наўрад ці можа быць рэнтабельным. Патрэбны заснавальнік і фундатар, тым больш, што правінцыйная газэта ня можа выходзіць вялікім накладам, каб за кошт масавасьці пакрываць свае страты. Падобную пазыцыю падзяляе і намесьнік рэдактара газэты «Спортивная панорама» Руслан Васільеў…”

(Васільеў: ) «Канешне, рэгіянальныя выданьні канцэнтруюць сваю ўвагу на гульні нумар адзін — на футболе. Гэта зразумела. Іншая справа, дрэнна тое, што яны вузкаспэцыялізаваныя. Але гэта адбываецца таму, што яны пераважна ўтвараюцца пры футбольных клюбах. Нажаль, іншыя кірункі беларускага спорту сёньня нагэтулькі фінансава недастатковыя, што ім бы хаця б мінімальна разьвязаць свае праблемы, не кажучы пра тое, каб падтрымліваць яшчэ й выдавецкую дзейнасьць».

(Цыганкоў: ) «Трэба аднак адзначыць, што сярод рэгіянальных спартовых выданьняў ёсьць адно неардынарнае выключэньне – незарэгістраваная барысаўская газэта «Оff-side». Яна ніяк не зьвязаная зь мясцовым клюбам, бо «Оff-side» выпускаюць барысаўскія маладафронтаўцы. Выпускаюць, дарэчы, пераважна на беларускай мове, да таго ж «тарашкевіцаю». Мяркую, пра гэта ўнікальнае выданьне нам варта распавесьці ў адным з выпускаў спартовае перадачы «Заўзятар».

Што вылучае беларускую спартовую прэсу ад спартовых выданьняў іншых краінаў? Як выглядае, напрыклад, «Прессбол» на тле лепшых замежных прыкладаў? Намесьнік рэдактара газэты Сяргей Новікаў відавочна, не пакутуе ад залішняе сьціпласьці…»

(Новікаў: ) «Што тычыцца зьместу і якасьці таго, як мы працуем, дык даволі часьцяком даводзіцца браць у рукі замежныя спартовыя выданьні. Мне здаецца, што “Прэссбол”, у добрым сэнсе, працягвае традыцыі, якія існавалі яшчэ ў савецкай спартовай прэсе, якая значна апярэджвала прэсу ўсіх без выключэньняў краінаў сьвету па такім якасьцям, як публіцыстычнасьць, аналітычнасьць, лірычнасьць, здольнасьць прапусьціць спартовыя падзеі праз душу чалавека, праз ягоныя ўласныя ўспрыманьні. Нічога гэтага ў большасьці замежных спартовых выданьняў вы ня ўбачыце. Там голыя, як кажуць, лічбы, ачкі, мінуты, сэкунды і ўсё.

Я сьцьвярджаю не галаслоўна, у ліку нашых падпісчыкаў ёсьць і замежныя грамадзяне. І яны ўсе, без выключэньняў, хто мае дачыненьне да “Прэссболу”, хто яго чытае, вызначаюць, што нічога, з чым яго можна параўнаць, яны ў сваіх краінах ня бачаць”.

(Цыганкоў: ) «І нарэшце, нельга абмінуць адну балючую для беларускае спартовае прэсы тэму — супрацьстаяньне паміж «Прессболам» і «Спортивной панорамой». Нават сярод палітычных апанэнтаў я не сустракаў такое зацятае варожасьці, якая існуе паміж дзьвюма рэдакцыямі. Здаецца, забытыя ўжо першасныя прычыны канфлікту, аднак амаль кожны тыдзень нейкая падзея падкідвае новыя факты ў агонь процістаяньня. У выніку журналісты ня хочуць ужо нават бачыць адзін аднаго і абмяркоўваць разам гэтую тэму. Зрэшты, самае прадаксальнае, што гэта не замінае беларускай спартовай прэсе разьвівацца ды йсьці наперад».

Віталь Цыганкоў

XS
SM
MD
LG