“Прэса для прэсы”
(эфір 18 Верасьня 2000)
Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.
Сёньняшняя тэма — ці патрэбнае журналістам уласнае
прафэсійнае выданьне — так бы мовіць, “прэса для прэсы”.
(Цыганкоў: ) “Уласныя тэматычныя друкаваныя выданьні сёньня маюць прадстаўнікі
амаль усіх прафэсіяў — лекары й чыгуначнікі, пажарныя і міліцыянты, настаўнікі
й будаўнікі. Свае газэты ёсьць у апазыцыі і ўлады, палітычных партыяў і
грамадзкіх арганізацыяў. Здаецца, толькі ў беларускіх журналістаў няма
ўласнага выданьня, на старонках якога абмяркоўваліся б прафэсійныя праблемы.
Беларуская Асацыяцыя журналістаў амаль адразу пасьля свайго ўтварэньня
яшчэ чатыры гады таму ўзялася за выданьне падобнага бюлетэня. Назвалі яго
даволі сымбалічна — “Чацьвертая ўлада”. Так бы мовіць, адлюстраваўшы ў
назве спрадвечную мару прафэсіяналаў пяра й мікрафона. Для чаго беларускім
журналістам патрэбнае такое выданьне? На гэтае пытаньне адказвае рэдактар
“Чацьвертае ўлады” Ўладзімер Дзюба…”
(Дзюба: ) “Я думаю, што патрэбна. І гэта не маё асабістае меркаваньне,
а меркаваньне тых нашых калег, якія на працягу амаль трох гадоў атрымоўвалі
бюлютэнь, і яны багата чаго зь яго ўзялі. Гэта дапамагае і ў прафэсійнай
дзейнасьці. І Вы ведаеце, што гэта ніша, на вялікі жаль, не занятая. У
нас няма на сёньняшні дзень канкурэнтаў. Галоўны кірунак бюлетэня — фармаваць
пачуцьцё прафэсійнае годнасьці ў журналістаў. Зразумела, што мы пазьбеглі,
як і ў іншых краінах, адхіленьняў ад нейкіх маральных прынцыпаў. Увогуле
ад простага прызначэньня журналістыкі — працаваць дзеля грамадзтва”.
(Цыганкоў: ) “Што канкрэтна могуць і павінны знаходзіць у сваім прафэсійным
выданьні журналісты-практыкі?”
(Дзюба: ) “Паводле дасьледваньняў Беларускай Асацыяцыі журналістаў,
каля сямідзесяці адсоткаў нашых калег, асабліва якія працуюць у рэгіянальных
СМІ, ня маюць адмысловай прафэсійнай адукацыі. Гэта бачна,у першую чаргу,
паводле ўзроўню іхных выданьняў, паводле той тэматыцы, якая адлюстроўваецца
на старонках іхных газэтаў. Яны просяць нейкую літаратуру, і бюлетэнь у
гэтым ім дапамагае. Напрыклад, рубрыка “Сам сабе адвакат”. Там канкрэтныя
парады: як бараніць свае правы — і журналісту, і незалежнай рэдакцыі. Справа
ў тым, што многія нашы калегі, асабліва ў рэгіёнах, увогуле не могуць напісаць
заяву ці нейкі пазоў, юрыдычна слушна яго аформіць”.
(Цыганкоў: ) “…Уладзімер Дзюба ўпэўнены, што адной з асноўных тэмаў
журналісцкага прафэсійнага выданьня можа стаць дапамога ў засваеньні прафэсійнага
майстэрства. Алесь Анціпенка, кіраўнік Беларускага Калегіюму, грамадзкай
арганізацыі, якая сярод іншага займаецца й навучаньнем будучых журналістаў,
асноўную ўвагу таксама надае адукацыйнаму аспэкту такога выданьня…”
(Анціпенка: ) “Я думаю, што патрэба ў нейкай прафэсійнай рэфлексіі,
у нейкім прафэсійным поглядзе з боку на тое, што робяць журналісты, безумоўна
патрэбна. І ў гэтым сэнсе, я думаю, гаворка можа йсьці ня толькі пра нейкі
прафэсійны часопіс або бюлетэнь, але, таксама, можа быць пра нейкія аналітычныя
рэчы, якія могуць зьяўляцца і ў выглядзе кніжак. Бо навучыцца прафэсіі
журналістам так жа немагчыма, як навучыцца плаваць без вады, калі журналіст
або будучы журналіст, дакладна ня мае такога асяродку, у якім бы ён мог
выявіць, ці нейкім чынам вучыцца гэтай прафэсіі”.
(Цыганкоў: ) “Журналісцкія прафэсійныя выданьні не зьяўляюцца чымсьці
ўнікальным для постсавецкае прасторы. У ЗША, дзе, здаецца даўно няма праблемы
свабоды друку, выходзіць каляровы часопіс “Journalist”. Свой часопіс “Журналіст”
ёсьць і ва Ўкраіне. У Арменіі і Кыргызстане журналісцкія арганізацыі выпускаюць
тэматычныя бюлетэні. У Расеі выходзіць часопіс, прысьвечаны праблемам цэнзуры,
што выпускае Фонд абароны галоснасьці. Але найбольш прафэсійным прыкладам
прафэсійнага журналісцкага выданьня на постсавецкай прасторы застаецца
расейскі часопіс усё з той жа неарыгінальнай назваю “Журналист”. Ён выходзіў
яшчэ ў савецкі час, і здолеў захаваць добры творчы ўзровень і маральную
планку. Іншая справа, што ў сёньняшняй расейскай журналістыцы маральныя
крытэрыі мала каго непакояць.
У беларускіх журналістаў іншая нягода — падзеленасьць і разьяднанасьць.
Менавіта гэта, на думку многіх, замінае злучыць намаганьні й стварыць добры
прафэсійны часопіс. Вось што лічыць Алесь Анціпенка…”
(Анціпенка: ) “Сёньняшняя сытуацыя — гэта сытуацыя падзеленасьці, у
тым ліку, і ў журналісцкім асяродзьдзі. Бо занадта шмат ёсьць нейкіх ідэялягічных
заданьняў, якія выконваюць або бяруць на сябе правы выконваць, журналісты.
У той час, як сярод усяго мусіць быць нейкі прафэсійны абавязак. І ў гэтым
ёсьць праблема. Гэтая праблема, думаю, ня так лёгка й ня так хутка будзе
вырашаная, але зь цягам часу, безумоўна, такі сур’ёзны, прафэсійны часопіс,
які б змог злучыць журналістаў проста на глебе прафэсійнасьці й тых праблемаў,
якія важныя для іхнае прафэсіі, ён мусіць паўстаць”.
(Цыганкоў: ) “Хочацца верыць у аптымістычны прагноз спадара Анціпенкі,
але пакуль рэальнасьць гаворыць пра іншае — розныя беларускія журналісцкія
арганізацыі ня могуць зьяднаць свае намаганьні. Пакуль БАЖ імкнецца запусьціць
новае жыцьцё ў бюлетэнь “Чацьвертая ўлада”, СЖБ выпускае газэту “Вдохновение”.
Яна выходзіць непэрыядычна прыблізна 4 разы ў год на 16 палосах. Хаця заснавальнікам
фармальна лічыцца Канфэдэрацыя творчых саюзаў, фактычна ўсе выдаткі бярэ
на сябе СЖ. Газэта безганарарная, і распаўсюджваецца бясплатна ў рэдакцыях
тых выданьняў, дзе ёсьць суполкі Саюзу. На маё пытаньне, ці мог бы СЖБ
разам з БАЖам рыхтаваць выданьне для журналістаў, старшыня Саюзу Леанід
Екель адказаў…”
(Екель: ) “Справа ў тым, што вельмі многія пазыцыі ў нас зусім не супадаюць
— і штучна іх не сумясьціш. Тое, што робіць БАЖ — дык часам я проста паціскаю
плячыіма — навошта пра гэта? Ёсьць дробязі, якія заўсёды будуць у самым
ідэальным грамадзтве. Так, адбыліся канфлікты, улада паказала сябе з самага
горшага боку ў дачыненьні да прэсы. Без сумненьня, але навошта дробязі?
Ведаю я бюлетэнь “Чацьвертая ўлада”, чытаў. Па-першае, пачнем з галоўнага.
Я катэгарычна супраць таго, каб журналісты называлі сябе ўладаю. Гэта поўны
абсурд, зь ім я ніколі не пагаджуся. Сама назва загадзя кажа пра неабгрунтавасьць
выданьня. Называць сябе ўладаю — гэта вялікае глупства, кімсьці запушчанае,
якое стала штампам. Ніколі журналісты не былі ўладаю. Вось мая пазыцыя,
так што якое можа быць аб’яднаньне?
Усе недзяржаўныя газэты ня хочуць друкаваць нарысы пра людзей без скандальных
момантаў. А мы гэтых людзей найперш бачым нашымі героямі, сучасьнікамі.
Вось другое несупадзеньне будзе. Бачыце, колькі я ўжо несупадзеньняў назваў?”
(Цыганкоў: ) “…Гаварыў старшыня саюза Журналістаў Леанід Екель, даказваючы,
што аб’яднаньня беларускае журналісцкае супольнасьці пакуль не прадбачыцца.
Так што абедзьве прафэсійныя арганізацыі працягваюць ісьці сваім шяхам,
пры гэтым — у розныя бакі.
Ці здолее бюлетэнь БАЖу “Чацьвертая ўлада” перарасьці рамкі бюлетэня
й стаць нармальным сталым пэрыядычным выданьнем са сваімі падпісчыкамі,
сыстэмаю распаўсюду. Ці знойдуцца матэрыяльныя і творчыя сілы для рэалізацыі
такога праекту? Адказвае Ўладзімер Дзюба…”
(Дзюба: ) “У гэтым ёсьць вялікі сэнс і ў гэтым ёсьць патрэба. Можна
“раскруціць” такое выданьне, дзе будзе сталы аналіз. Аналіз, скажам так,
журналісцкага сумленьня нашае прафэсіі без усялякае палітычнае заабмежаванасьці
— таго, што зараз робіцца на старонках многіх дзяржаўных газэтаў, ды й
недзяржаўнае прэсы таксама. Адчуваецца палітычная палярнасьць. Няма сярэдзіны,
няма такое непрадузятае пазыцыі ясьвятленьня падзеяў. Такога не павінна
быць. Каб мэдыі сапраўды сталі “чацьвертай уладаю”… — у добрым сэнсе слова,
нам журналістам улада не патрэбная, нам патрэбна, каб мы маглі вольна працаваць
і нам ніхто не замінаў. На вялікі жаль гэтага сёньня няма, але ёсьць вялікае
жаданьне стварыць вось такое выданьне. Вялікай каманды, якая б працавала
сапраўды на гэтае, на сёньня, нажаль, няма. У кожнага свае справы, клопаты.
Усе працуюць, зарабляюць грошы. Але зараз ёсьць група аўтараў, яна аднавілася,
якія згодныя пісаць. Ёсьць ініцыятыўная група, ёсьць жаданьне, таму бюлетэнь
у бліжэйшы час стане часопісам. Заўсёды трэба камусьці йсьці наперадзе”.
(Цыганкоў: ) “Ісьці наперад — гэта заўсёды самае цяжкае. Тым больш калі
іншыя цягнуць назад, пераконваючы, што гэта адзіны слушны шлях”.
Віталь Цыганкоў