Кампутарная прэса Беларусі
(эфір 24 Ліпеня 2000)
Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.
Сёньня прадметам дасьледваньня праграмы стане кампутарная
прэса Беларусі.
(Цыганкоў: ) “Кампутарны бізнэс – такая ўдзячная сфэра, якая разьвіваецца
паводле аб’ектыўных тэхналягічных законаў незалежна ад палітычнай ці эканамічнай
сытуацыі ў краіне. Нават ва ўмовах самага зацятага эканамічнага крызысу,
кампутарызацыя ідзе сваім парадкам. Гэта працэс, які можа паскарацца або
тармазіцца, аднак ён ня можа быць спынены. Лягічна, што й разьвіцьцё кампутарнае
прэсы, у адрозьненьні ад іншых сэгмэнтаў беларускіх мас-мэдыяў, уяўляе
сабою даволі роўны і аптымістычны працэс.
Першай зьвярнула ўвагу на кампутарныя тэхналёгіі газэта «Белорусский
рынок» яшчэ ў пачатку 90-х. Зразумела, што газэта асьвятляла гэтую тэму
выключна з пункту гледжаньня цэнаў, мадыфікацыяў, не давала інфармацыю
пра навіны й разьвіцьцё гэтае сфэры. Зрэшты, тады яшчэ не было трывалае
катэгорыі чытача, якія б мог сур'ёзна цікавіцца гэтай праблематыкаю.
Потым зьявілася ўласна кампутарная прэса, спачатку часопіс «Press-enter»,
які неўзабаве саступіў дарогу газэтам.
Цяпер у краіне выходзяць тры штотыднёвіка, прысьвечаныя гэтай тэме.
Аднак паказальна, што толькі адна зь іх – “Компьютерные вести”, найстарэйшая
з выданьняў падобнае тэматыкі – ёсьць выключна беларускім праектам. Іншая
газэта – “Компьютерра Белоруссия” – ўяўляе сабою беларускі варыянт моцнае
расейскае кампутарнае газэты з гэткай жа назваю. І нарэшце, «Компъютерная
газета» можна назваць хутчэй міжнародным выданьнем, якое зарэгістраванае
ў Менску. Яна выходзіць зь лютага 1995 года, і мае самы вялікі наклад па
Беларусі – каля 30 тысячаў асобнікаў.
Анатоль Кірушкін, дырэктар выдавецтва “Нестор”, якое зьяўляецца заснавальнікам
“Компъютерной газеты”, адказвае на наша пытаньне, чым ягонае выданьне адбірае
чытачоў у канкурэнтаў…”
(Кірушкін: ) “У кожнай газэты свае нішы. Дапусьцім, нашае выданьне я
б назваў народнай кампутарнай газэтаю, бо мы арыентуемся не на нейкія пэўныя
колы чытачоў, а на ўсіх, хто ў нейкай ступені зьвязаны з кампутарам. Гэта
й пачынальнікі, якія чытаюць тое, што дапамагае ім засвоіць кампутарную
тэхніку, і адмыслоўцы, якія знаходзяць для сябе сьвежыя і спэцыфічныя навіны.
Таму розным асьвятленьнем матэрыялу мы пакрываем аўдыторыю ад пачынальнікаў
да адмыслоўцаў”.
(Цыганкоў: ) “У мяне такое ўраджаньне, што ўва ўсіх трох кампутарных
выданьнях вельмі мала ўласна беларускай інфармацыі. У чым тут справа –
у вас недастаткова кадраў ці нічога не адбываецца і няма пра што пісаць?”
(Кірушкін: ) “Справа ў тым, што ў Беларусі ўсё-ткі мала чаго разьвіваецца
ў галіне кампутарных тэхналёгіяў, што магло б быць прынцыповым для чытача.
Беларуская тэматыка пераважна зводзіцца да праблемаў выставаў, сэмінараў,
прэзэнтацыяў – гэта хутчэй тэматыка дзелавых газэтаў, а не спэцыялізаванага
кампутарнага выданьня. Нашая газэта накіраваная на тэхналёгіі – праграмнае
забесьпячэньне, навіны “жалеза” й гэтак далей. У прынцыпе, я не зусім уяўляю
існаваньня кампутарнага выданьня, арыентаванага выключна на беларускую
тэматыку. Бадай, адзіны варыянт – асьвятленьне навінаў вакол кампутарнага
жыцьця. Але гэтая тэматыка больш тычыцца агульных газэтаў, а не спэцыялізаваных”.
(Цыганкоў: ) “Працягваем праграму. Як вы пачулі раней, спэцыфіка кампутарных
выданьняў у тым, што яны імкнуцца не абмяжоўвацца толькі беларускім рынкам
і беларускай інфармацыяй.
Напрыклад, у Беларусі й Расеі зарэгістраваныя дзьве розныя “Компъютерные
газеты”, бо гэта дае права выдаўцоў распаўсюджвацца ў Расеі, карыстаючыся
ўсімі тымі ільготамі, якія дае расейскае заканадаўства. Беларускае ж заканадаўства
не дазваляе беларускім выданьням дзейнічаць у Расеі на тых самых умовах,
што й расейскім СМІ. А якая пэрспэктыва ў кампутарнай прэсы ў Беларусі?
Анатоль Кірушкін, дырэктар выдавецтва “Нестор”, якое зьяўляецца заснавальнікам
“Компъютерной газеты”, упэўнены, што тэматычная прэса будзе разьвівацца
тымі ж тэмпамі, што й кампутарныя тэхналёгіі ў Беларусі. Будучыня ж кампутарнае
прэсы ў спэцыялізацыі, і гэтыя працэсы праходзяць ужо зараз…”
(Кірушкін: ) “У “Компъютерной газеты” ўжо зараз ёсьць тры спэцыялізаваныя
штомесячныя дадаткі. Мы заўважылі такую тэндэнцыю, што йснаваньне “агульнае”
кампутарнае прэсы – гэта мінуўшчына. Цяпер стварыліся перадумовы для зьяўленьня
больш “вузкіх” выданьняў.
Так, у нас нарадзілася газэта “Издательские системы” – гэта выданьне,
якое асьвятляе больш дэтальна для прафэсіяналаў, а не для шырокай аўдыторыі,
кампутарныя тэхналёгіі ў галіне паліграфіі, мультымэдыяў – ва ўсіх працэсах,
зьвязаных з выдавецтвам. Далей у нас зьявілася газэта “Сетевые решения”,
якая апісвае праблемы, зьвязаныя як з лякальныя сеткамі, гэтак і больш
шырокія, як камунікацыя ў інтэрнэце, паміж офісамі. У чытачамі, якія цікавяцца
гэтым, свае патрэбы. Свае інтарэсы, агульнакампутарная прэса ня можа іх
задаволіць. Нарэшце, у нас ёсьць штомесячнік “Виртуальные радости”, дзе
асьвятляецца інтэрнэт з пункту гледжаньня карыстальніка й забаўляльнага
аспэкта.
А як аб’яднаць у адной газэце інтарэсы ўсіх такіх розных катэгорыяў
чытачоў? – камусьці будзе надта падрабязна, камусьці надта павярхоўна…
Гэта тое, з чым мы сутыкнуліся ў “Компъютерной газете” – маючы агульнае
выданьне, мы не маглі даваць дэтальную інфармацыю для пэўных групаў адмыслоўцаў.
Таму нашая газэта ўсё больш робіцца навінным выданьнем, а больш вузкую
інфармацыю мы пераводзім у дадаткі.
Я бачу, як гэта разьвіваецца ў Расеі і на Захадзе – гэта той жа працэс,
ідзе больш вузкая спэцыялізацыя”.
(Цыганкоў: ) “Гэтак лічыць Анатоль Кірушкін, дырэктар выдавецтва “Нестор”.
Дарэчы, штомесячнікі-дадаткі, пра якія казаў Кірушкін, якраз накіраваныя
пераважна на беларускага чытача. Спэцыялізацыя ў дадзеным выпадку дае свой
пазытыўны плён. Увогуле ж, на маю думку, усе тры беларускія кампутарныя
выданьні могуць дастаткова ўпэўнена глядзець у сваю сьветлую будучыню.
Я думаю, ім можна толькі зайздросьціць – аніякае палітыкі, аніякіх непрыемнасьцяў
рэклямадаўцам, адно толькі прывабныя пэрспэктывы наперадзе”.
Віталь Цыганкоў, Менск