Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная інфармацыя ў беларускіх мас-мэдыях


Міжнародная інфармацыя ў беларускіх мас-мэдыях

(эфір 28 Лютага 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

Тэмаю нашае сёньняшняе перадачы стане міжнародная інфармацыя ў беларускіх мас-мэдыях:
- Чаму беларуская прэса, у параўнаньні з прэсаю суседніх краінаў, амаль не асьвятляе міжнародныя падзеі?
- У чым прычыны таго, што сусьветныя навіны й тэндэнцыі фактычна не адлюстроўваюцца ў беларускай інфармацыйнай прасторы, якая цалкам запоўненая мясцовай і расейскай інфармацыяй?
У гэтым мы паспрабуем разабрацца ў сёньняшнім выпуску “Ад панядзелка да панядзелка”.

(Цыганкоў: ) “Пачнем, бадай, з таго, што ў беларускай прэсе міжнародныя навіны звычайна загнаныя ў своеасаблівую рэзэрвацыю – калёнку нататак на першай або трэцяй старонцы. Паведамленьні гэтыя часьцей за ўсё паўтараюць выпускі тэлевізійных навінаў папярэдняга дня і ня могуць прэтэндаваць на нейкую эксклюзыўнасьць.

Канешне, газэты спрабуюць падаваць замежную інфармацыю і іншымі журналісцкімі жанрамі, але падыход, якім звычайна кіруюцца рэдактары, даволі адэкватна адлюстраваны на прыкладзе апошняга, суботняга нумару “Советской Белоруссии”. Міжнароднай тэматыцы тут прысьвечаная адная з 24 старонак газэты, якая называецца “Стракаты сьвет”. Загалоўкі матэрыялаў скажуць вам усё пра характар і зьмест гэтай інфармацыі – “Султан і самагон”, “Карціна Эль-Грэка ў турэмнай камэры”, “Вадарод зь нечыстотаў” і “Старажытныя вікінгі былі наркаманамі”…

Напэўна, у “СБ” сапраўды ўпэўненыя, што беларускага чытача з замежнага жыцьця хвалююць толькі падобныя цікавосткі з сэрыі “Відавочнае – неверагоднае”. Зрэшты, падыход недзяржаўнае “Народнай Волі” канцэптуальна не адрозьніваецца.

“Белорусская Деловая Газета” і “Белорусский Рынок” зьяўляюцца пэўным выключэньнем з гэтага шэрагу правілаў і надаюць міжнароднай інфармацыі даволі значнае месца на сваіх старонках. “БДГ” – адзінае выданьне, якое мае свайго замежнага карэспандэнта (у Варшаве) і адзінае, якое часам зьмяшчае артыкулы на міжнародныя тэмы на першай паласе.

Пра прычыны недастаковае ўвагі беларускіх мас-мэдыяў да замежнай інфармацыі мы размаўляем з карэспандэнтам “БДГ” Сяргеям Верасам, які займаецца ў газэце міжнароднай праблематыкаю…

Чаму, на вашую думку, у беларускім друку так мала прадстаўленая замежная тэматыка? Хто ў гэтым вінаваты? Ці не хапае кадраў, ці рэдактары самі не заахвочаюць зьяўленьні такіх матэрыялаў, ці можа чытачы не выяўляюць цікавасьць да міжнародных паведамленьняў?”

(Верас: ) “Беларусь можна параўнаць зь нейкім хутарам. Мы яшчэ вельмі мала езьдзім па свеце, вельмі мала цікавімся, што там здараецца. Мы прызвычаіліся жыць у вялікай дзяржваве – у Савецкім Саюзе – і нават зараз нам хапае таго, што паказваюць расейскія каналы.

Зь іншага боку, рэдактары, якія хацелі бы зацікавіць сваіх чытачоў, вымушаны глядзець на сваю аудыторыю і таму больш вылучаюць інфармацыю зь мясцовых навінаў”.

(Цыганкоў: ) “У «БДГ» існуе даволі моцная зваротная сувязь з чытачамі. Ці можаце вы сказаць, як яны рэагуюць на міжнародную інфармацыю ў газэце?”

(Верас: ) “Калі мы пачалі друкаваць лісты нашых чытачоў, то амаль палова зь іх датычылася міжнароднае тэматыкі. Былі звароты чытачоў, якія хацелі больш пачуць навінаў пра той ці іншы рэгіён, якія хацелі нават пакрытыкаваць нашых карэспандэнтаў за тое, што яны не зусім аб’ектыўна напісалі пра тую ці іншую падзею”.

(Цыганкоў: ) “Іншымі словамі, можна сказаць, што чытач, прынамсі, вашага выданьня, хоча атрымліваць замежную інфармацыю не з расейскіх крыніцаў, а празь беларускіх журналістаў? Што ў такім выпадку трэба зрабіць, каб у нашай прэсе было больш міжнароднае тэматыкі?”

(Верас: ) “Я лічу, што кожная дзяржава й народ глядзіць на падзеі ў сьвеце праз свой асабісты гістарычны досьвед. Таму абавязкова беларускія журналісты павінны самі больш пісаць на гэтую тэму. Наша рэдакцыя, напрыклад, зацікаўленая ў тым, каб мець як мага больш карэспандэнтаў за мяжою, але з-за эканамічных прычынаў мы ня можам сабе гэтага дазволіць. Таму мы вымушаныя выкарыстоўваць іншыя крыніцы, у першую чаргу інтэрнэт, які дазваляе ў вельмі кароткі час пазнаёміцца зь вялікім аб’ёмам інфармацыі. Але тут жа зноў нам патрэбна больш людзей, якія валодаюць замежнай моваю”.

(Цыганкоў: ) “Так, як слушна адзначыў Сяргей Верас, беларусы звыклі адчуваць сабе часткаю вялікае самадастатковае дзяржавы. Усе вартыя ўвагі навіны адбываліся або ў нутры гэтае дзяржавы, або непасрэдна яе датычыліся. Але ў іншым аскепку імпэрыі, Летуве, сытуацыя выглядае трошку па-іншаму. Пра гэта нам распавядзе дырэктар радыёстанцыі “Балтыйскія Хвалі” Сяргей Шупа”.

(Шупа: ) “Найперш просіцца само сабою параўнаньне паміж летувіцкімі газэтамі й беларускімі. З пункту гледжаньня фармату беларускія газэты нагадваюць хіба што колішнія старыя савецкія – гэта некалькі палосаў, значная частка зь якіх займаецца рэклямаю. Летувіцкія ў гэтым сэнсе нагадваюць газэты іншых краінаў Усходняй Эўропы. Сярод штодзённых усёлетувіцкіх газэтаў, якія пашыраюцца на ўсю краіну, можна назваць хіба дзьве – “Letuvаs ritas” і “Respublika”.

Гэта выданьні, якія маюць 20-40 старонак, у залежнасьці ад дня, і рэч у тым, што замежная інфармацыя там мае сваю спэцыяльную нішу. Гэта канткрэтныя спэцыяльныя старонкі, якія адведзеныя менавіта паведамленьням з усяго сьвету. Калі зірнуць на сам зьмест, напоўненасьць гэтых аддзелаў, то кідаецца ў вочы, што пераважна гэта паведамленьні інфармацыйных агэнцыяў. Гэта значыць, што гэтыя газэты – самыя буйныя ў Летуве – ня маюць сваіх штатных карэспандэнтаў за мяжою. Часам усё ж зьяўляюцца паведамленьні нейкіх сваіх пазаштатных карэспандэнтаў, найчасьцей з тых краінаў, інфармацыя зь якіх можа найбольш хваляваць летувіцкага чытача. Гэта найбліжэйшыя суседзі – Латвія, Эстонія, Беларусь, Польшча або Расея”.

(Цыганкоў: ) “А колькі прыблізна займаюць гэтыя міжнародныя старонкі месца ў аб’ёме газэты?”

(Шупа: ) “Пераважна гэта дзьве паласы – часам тры. Часам замежная спэцыфічная інфармацыя даецца на старонках, прысьвечаных эканамічнай інфармацыі. Калі адбываюцца нейкія экстраардынарныя падзеі, якія да таго ж маюць свой візуальны ашэраг – скажам, яскравыя, істотныя здымкі – то такія падзеі атрымліваюць сваё месца на першых старонках”.

(Цыганкоў: ) “Гаварыў Сяргей Шупа. Летува ўяўляе сабой нейкі пераходны этап – міжнароднай інфармацыі дастаткова, але ўласных карэспандэнтаў яшчэ няма. Пра сытуацыю ў Польшчы нам распавёў карэспандэнт “Gazety Wyborczaj” у Беларусі Цэзары Галіньскі”.

(Галіньскі: ) “Звыклым чынам мы маем дзьве або тры паласы міжнароднай інфармацыі – у залежнасьці ад таго, як шмат падзеяў адбываецца за мяжою. Карэспандэнтаў маем у самых галоўных для нас зараз кропках сьвету – Брусэль (бо мы ўваходзім у эўрапейскія структуры), Масква, Вашынгтон… ну й ва ўсіх цэнтрах усясьветных міжнародных арганізацыяў. Ну й дапамагаюць нам даўнія эмігранты, якія працуюць у замежных СМІ, валодаюць польскай моваю і зьяўляюцца прафэсійнымі журналістамі”.

(Цыганкоў: ) “Гаварыў карэспандэнт “Gazety Wyborczaj” у Беларусі Цэзары Галіньскі, паведамленьні якога зь Беларусі неаднаразова зьяўляліся на першай паласе гэтага выданьня.

(Цыганкоў: ) “У эфіры – ад панядзелка да панядзелка. Мы абмяркоўваем праблему асьвятленьня беларускай прэсаю замежнай інфармацыі. Параўнаўшы пра цэнтральныя выданьні з польскімі й летувіцкімі, зьвернем свой пагляд на беларускую рэгіянальную прэсу? Можа, суседзтва зь іншымі краінамі прымушае мясцовыя выданьні быць больш уважлівымі да міжнародных праблемаў? З Горадні перадае Сяргей Астраўцоў…”

(Астраўцоў: ) “Замежнай інфармацыі ў гарадзенскай прэсе няшмат. Незалежныя газэты – “Пагоня” й “Биржа-информации” выкарыстоўваюць паведамленьні “БелаПАН”у, якія датычаць Беларусі. Паездкі, візыты Сямёна Шарэцкага ды іншых прадстаўнікоў апазыцыі, рэакцыя Белага дому або іншых міжнародных арганізацыяў на парушэньне правоў чалавеку ў нашай краіне. Афіцыйную “Гарадзенскую праўду”, наадварот, гэта не цікавіць.

Апошнім часам “Биржа информации” надрукавала шэраг матэрыялаў журналісткі Тамары Калько пра жыцьцё ў суседняй Летуве. Яна ймкнулася не крытыкаваць, а паказаць станоўчыя зьмены й дасягненьні летувякоў”.

“Гарадзенская праўда” вельмі рэдка, але таксама зьмяшчае падборкі летувіцкай інфармацыі, але яны звычайна аднабаковыя. У колішнія часы падборка замежных навінаў была ў гэтай газэце абавязковай у кожным нумары. Цяпер я пагартаў апошнія нумары – амаль нічога. Знайшоў толькі “БелТА”ўскую нататку пад назваю “Башкірскія вучоныя знайшлі новы мэтад барацьбы з каларадскім жуком”. Праўда, мінулы чацьвер на апошняй старонцы каля рэклямы надрукавана было шэсьць замежных інфармацыяў, але без подпісаў і спасылак. Хаця, калі чытаеш, бачыш, што яны ўзятыя з расейскай прэсы, прычым зусім некрытычна.

Самай насычанай на замежную інфармацыю зьяўляецца газэта “Glos znad Niemna”. У кожным нумары яна абавязковая – друкуецца на чацьвертай і трэцяй старонках. Некалькі разоў трапляла на першую – калі варшаўская паліцыя затрымала на рынку беларусаў, і яны былі дэпартаваныя, калі пачаліся баявыя дзеяньні ў Косаве, і апошні раз – калі расейскія дыпляматы былі абвінавачваныя ў шпіёнстве й мусілі пакінуць Польшчу.

Анджэй Кусельчук, рэдактар выданьня, паведаміў, што яны карыстаюцца навінамі “БелаПАН”у і “PAP”. Але адзін супрацоўнік рэдакцыі стала выкарыстоўвае міжнародныя навіны, якія можна знайсьці ў інтэрнэце. Адзінае, што газэту на польскай мове чытае далёка ня кожны, а сама яна ў вабласной бібліятэцы знаходзіцца ўвогуле ў замежным аддзеле”.

(Цыганкоў: ) “Гаварыў Сяргей Астраўцоў. Паказальна, што ў рэгіёне пра сусьветныя падзеі найшырэй паведамляе газэта польскае мяншыні. У Магілеве такога выданьня не йснуе, можа, таму няма каму й пісаць пра замежныя навіны. Перадае Марыя Ўсьціновіч…”

(Усьціновіч: ) “Калі чытаць выключна магілеўскія абласныя і раённыя газэты – няма розьніцы, дзяржаўныя ці незалежныя – дык узьнікае ўражаньне, што акрамя Магілеву й навакольля, у сьвеце больш анічога не йснуе. Густ чытачоў Магілеўшчыны вызначыўся ў прыхільнасьці да “газэта-таўстушкі”, дзе можна даведацца пра ўсё – ад навінаў з абласнога выканаўчага камітэту да інструкцыі па севу на лецішчах. Замежныя матэрыялы ў гэтым шэрагу звычайна ёсьць, але выключна забаўляльнага характару.

Напрыклад, суботні выпуск дзяржаўнае газэты “Могилевские ведомости” распавёў жыхарам вобласьці пра навіны жыцьця Майкла Джэксана. Праўда, тут ёсьць рубрыка “Інтэрфакс” паведамляе”, дзе час ад часу распавядаецца пра замежныя падзеі, але толькі з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, і ў адпаведным ідэялягічным афармленьні. Асаблівая ўвага надаецца суседняй дзяржаве. Вельмі часта на першай старонцы “Магілеўскай праўды” ў перадавіцы йдзе размова пра Расею – крытычна-зьедлівая. Але гэта хутчэй з-за немагчымасьці пісаць падобнае пра беларускія падзеі.

Стыль незалежных выданьняў у асьвятленьні жыцьця плянэты прынцыпова не адрозьніваецца. “Тыднёвік Магілеўскі” на мінулым тыдні абмежаваўся аналітыкаю пра Расею. Газэта “Де-факто” – расповедам пра Марадону й вытрымкамі з артыкула пра Ніязава з прапановаю правесьці паралелі паміж Туркмэн-башы й Лукашэнкам.

Дзяржаўнае “Новае Радыё – Магілеў” на ультракароткіх хвалях кожныя дзьве гадзіны рыхтуе кароткі выпуск паводле матэрыялаў інфармацыйных агэнцыяў. Мясцовая тэлевізія не кранае міжнародныя праблемы ўвогуле. Відаць, Магілеўшчына – рэгіён самадастатковы, якога ня вельмі цікавіць, што адбываецца за ягонымі межамі”.

(Цыганкоў: ) “Відаць, няма сэнсу далей працягваць традыцыйны для нашае праграмы рэгіянальны агляд, паколькі сытуацыя ў іншых правінцыйных газэтах аналягічная магілеўскай. Зрэшты, як мы раней пераканаліся, бальшыня цэнтральных, менскіх выданьняў не вылучаецца тут у лепшы бок. Карэспандэнт “Gazety Wyborczaj” у Беларусі” кажа, што, чытаючы толькі беларускую прэсу, ён ніколі б не даведаўся пра падзеі ў сьвеце…”

(Галіньскі: ) “Беларуская прэса вельмі малаапэратыўная. Зь вялікім зьдзіўленьнем чытаю, напрыклад, у “Советской Белоруссии” ў пятніцу пра тое, што адбывалася ў аўторак. Думаю, што справа тут, па-першае, у тым, што менавіта дзяржаўная прэса займаецца не пошукам інфармацыі, а яе перапрацоўкаю і апрацоўкаю. Таму падзеі не такія важныя – больш важна, як іх падаць”.

(Цыганоў: ) “А падача гэтая звычайна вытрыманая ў ідэялягічна патрэбным ракурсе?”

(Галіньскі: ) “Так, абавязкова. Мы бачылі, як асьвятляліся падзеі ў Югаславіі, калі нічога не было чуваць пра тыя злачынствы, якія рабілі сэрбскія ўлады й войскі. Тым часам, калі можна было проста ўключыць, да прыкладу, канал “CNN”, “Euronews” ці кожны з польскіх інфармацыйных каналаў тэлевізіі ды паглядзець на сапраўдную сытуацыю ў Югаславіі – што рабілі сэрбы, што рабілі альбанцы”.

(Цыганкоў: ) “У чым, на вашую думку, прычыны такой сытуацыі? У газэтах працуюць старыя кадры ці беларускі чытач недастаткова падрыхтаваны, каб цікавіцца міжнароднай тэматыкаю?”

(Галіньскі: ) “Я думаю, што чытач вельмі зацікаўлены тым, што адбываецца на Захадзе. Нават вяртаючыся да сумежнае Польшчы, мы ведаем, як шмат людзей езьдзяць у Польшчу – турыстычным чынам ці за пакупкамі.

Рэч палягае ў іншым. Мне падаецца, што й беларускія журналісты й чыноўнікі ад прэсы ўсьведамляюць беларускі друк як рэспубліканскі. У вадрозьненьні ад цэнтральнага – то бок, маскоўскага. Усё ж такі застаецца тут вялікі беларускі комплекс.

Калі б хацелася падаваць міжнародную апэратыўную інфармацыю, ня трэба абавязкова пасылаць карэспандэнта ў Варшаву, Прагу, Берлін, Брусэль. Дастаткова купіць тэлевізар, падарожнікавую антэну, наняць маладога хлопца, які ведае некалькі моваў, і такім чынам забясьпечыць сьвежую замежную інфармацыю”.

(Цыганкоў: ) “Цэзары Галіньскі, на маю думку, выдатна вылучыў асноўную прычыну недахопу замежнай інфармацыі ў беларускім друку – гэта нутраная правінцыйнасьць беларускае прэсы, яе другаснасьць у дачыненьні да маскоўскай. Правінцыйнасьць, вельмі небясьпечная для беларускае нацыянальнае сьвядомасьці. Бо гэта тое, што трымае беларусаў у расейскім інфармацыйным полі, прымушае іх адчуваць сябе нейкай выспаю, “хутарам” на ўзбочыне цывілізацыі”.

Віталь Цыганкоў, Менск

XS
SM
MD
LG