(эфір 14 лістапада 2000)
Аўтар і вядучая – Алена Ціхановіч.
Кажуць, што слова “Баця” – другое сама вядомае ў сьвеце чэскае слова пасьля
слова “робат”, якое прыдумаў Ёзэф Чапэк. Шырока вядомым яно стала ў 30-я
гады нашага стагодзьдзя, калі Тамаш Баця стаў найбуйнейшым экспартэрам
абутку ў сьвеце. Баця тады казаў: “Не баюся канкурэнцыі. Палова людзей
на сьвеце ходзіць босай, і толькі пяць працэнтаў насельнікаў зямлі добра
абута.” Урэшце, у некаторых найменш разьвітых краінах слова “баця” стала
сінонімам абутку.
Сёньня ў нашай праграме бярэ ўдзел сын Тамаша Баці – Тамаш Баця-малодшы.
Пра тое, чаму ён пакінуў радзіму і зараз жыве у Канадзе крыху пазьней,
але сьпярша пра тое, чым ёсьць сёньня “Баця” у сьвеце.
(Баця): “Недзе ў сьвеце гавораць “Баця”, недзе – “Бата”, у некаторай
частцы Злучаных Штатаў – “Бэйта”. Залежыць ад асаблівасьцяў розных моваў.
Але ўсюды ў сьвеце “Баця” – тая самая марка. Цяпер, у параўнаньні з агульным
рынкам чэская і славацкая долі “Баці” даволі нязначныя . Нашыя фабрыкі
цяпер сталі сваімі ў розных краінах: індыйцы, напрыклад, думаюць, што Баця
ў Індыі - індыйская фірма.”
Тамаш Баця-малодшы таксама прыгадаў, што буйныя філіялы “Баці” працуюць
таксама ў Італіі, Канадзе, Чылі. У Канадзе пад эгідай “Баці” створаны і
міжнародны музэй абутку. У Чэхіі працуе фундацыя Тамаша Баці, якая падтрымлівае
культурніцкія і адукацыйныя праекты.
Я запыталася ў суразмоўцы з Канады, колькі пар абутку мае Тамаш Баця-малодшы:
(Баця): “На штодзённае нашэньне маю так пар дваццаць. Я люблю выпрабоўваць
розныя маркі і розныя тыпы абутку , люблю на сваіх уласных нагах апрабаваць
тое, што мы прапануем пакупнікам”.
(Ціхановіч: ) “Які у вас памер нагі?”
(Баця: ) “Па-амэрыканску – адзінаццаты, што адпавядае эўрапейскаму сорак
шостаму памеру”.
(Ціхановіч: ) “Ці добра абуты чэскі народ?”
(Баця: ) “Я мяркую, што лепш быў абуты перад Другой Сусьветнай вайной,
калі працавала тая нашая вялікая фабрыка ў Зьліне. Цяпер гэта трошку інакш,
цяпер там больш імпартаванага тавару. Але я бачу, што пэўны пласт чэхаў
цэніць добры абутак і добра абутыя”.
Ягоны бацька, патомны шавец Тамаш Баця залажыў сваю фірму ў згаданым
ужо невялікім правінцыйным гарадку Зьліне у 1894-м годзе. Тут пачалі шыць
лёгкі і танны парусінавы абутак, які хутка заваяваў рынак Аўстра-Вугорскай
імпэрыі. Гэта быў пачатак унікальнага праекту: ён даказаў, што зь ініцыятывы
аднаго прадпрымальнага чалавека бедны і занядбаны край можа расквітнець
за дзесятак гадоў. Так , у Зьліне зьявіліся новыя цэхі з мадэрным абсталяваньнем;
прыйшла новая рабочая сіла; для патрэбаў рабочых пачалі будавацца дамы;
для патрэб будаўніцтва ўзьвялі цагельню, электрастанцыю; для хутчэйшага
збыту тавару былі праведзеныя водныя каналы; для патрэбаў рэклямы была
створаная ўласная кінастудыя… Урэшце, Зьлін пачаў вырабляць і ўласныя самалёты.
Летам 1932-га году Тамаш Баця на борце свайго Юнкерсу накіраваўся у Швайцарыю,
дзе будавалася новая фабрыка. Але з-за густога туману самалёт неўзабаве
пасьля ўзьлёту упаў. Тамаш Баця загінуў, калі яму было 56 гадоў.
Да дня гібелі Баці ягоная фірма ператварылася ў сапраўды сусьветную
імпэрыю абутку. У даваеннай, ці, як казалі, буржуазнай Чэхаславаччыне ды
і ўсёй Эўропе фірма “Баця” праз свой эканамічны цуд узьняла на новую прыступку,
ці, лепш сказаць, на новы абцас, жыцьцё бальшыні насельніцтва.
Цяпер васьмідзесяцігадовы жыхар мястэчка Славічын Ян Півечка – вэтэран
фірмы “Баця”. Ён згадвае, што на папулярных у свой час першамайскіх дэманстрацыях
ў Зьліне яго не раз узьнімаў на сваіх руках легендарны заснавальнік фірмы…
(Півечка: ) “Тое , што вылучала фірму “Баця” ў гады Першай рэспублікі,
была стымуляцыя людзей да працы. Пра Тамаша Бацю-старэйшага казалі, што
ён вымагальнік, рабаўладальнік, што руйнуе малыя арцелі. Я ж мяркую, што
Тамаш Баця не руйнаваў малых арцеляў, ён руйнаваў бізнэс няздатных. Ён
быў кіраўнік сацыяльны, таму што даваў працу людзям і плаціў ім больш,
але тым, хто хацеў таксама лепш працаваць”.
Філязофіяй прадпрымальніка-Баці было сьцвярджэньне:
“Усе могуць быць багатымі. Беднасць – адгаворка, дабрабыт – абавязак.”
Таму на сваіх прадпрыемствах ён завёў новы спосаб аплаты, які, як ня дзіўна,
ня быў зьвязаны ані з адпрацаваным часам, ні аб”ёмам вырабленай прадукцыі.
Фабрыкі атрымалі самакіраваньне, і зарплата кожнага супрацоўніка пачала
залежаць ад стратаў ці прыбытку цэлага прадпрыемства.
Я запытала Тамаша Бацю-малодшага, якую зарплату атрымлівалі шаўцы на
прадпрыемстве яго бацькі перад вайной.
(Баця): “Калі я там працаваў, дык гэта было так - прыблізна сто карун
за дзень”.
Для параўнаньня трэба сказаць, што найшыкоўныя мужчынскія туфлі ў той
час каштавалі 99 карун, а звычайныя каля пяцідзесяці. Такім чынам, шавец
Баці мог купіць на сваю зарплату больш як сорак пар абутку за месяц. Цяпер,
пры сярэдняй зарплаце ў Чэхіі каля 350 даляраў, шыкоўныя туфлі каштуюць
каля ста даляраў, а звычайныя – каля 30.
У Чэскім камітэце статыстыкі мне паведамілі, што цяпер сярэдні чэх купляе
за год 0,6 пары абутку, а чэская жанчына – у сярэднім адну пару.
Свой зайздросны эканамічны патэнцыял Чэхаславаччына пачала губляць пасьля
вайны. Краіна, якая фактычна не ваявала, была саветызаваная пераможцамі.
У 45-м сына Баці абвінавацілі ў калябарацыянізьме, маёмасьць фірмы нацыяналізавалі.
Тамаш Баця-малодшы ад”ехаў за мяжу, дзе працягвалі існаваць філіялы яго
спадчыннай фірмы. Падрабязнасьці згадвае Ян Півечка:
(Півечка: ) “Фірма “Баця” перастала быць фірмай “Баця” у 1945 годзе,
калі была нацыяналізаваная. Тады была перайменаваная на фірму “Сьвіт”,
акцыянэрнае таварыства стала народным прадпрыемствам. Фірма “Баця”, якая
зараз існуе у сьвеце – гэта холдынг, які працуе паспяхова і глябальна,
у многіх краінах. І са “Світам”, на жаль, ня мае нічога агульнага. Фірма
“Баця”, калі вярнулася сюды, правяла аналіз, як бы абутковая вытворчасьць
у Чэскай рэспубліцы зноў магла б разьвівацца. Аднак засталіся толькі праекты,
бо дамова паміж Тамашом Бацям і ўрадам не была магчымая. Таму фірма “Баця”
купіла 42 крамы і малую фабрыку ў Дольнім Немчыне.
Такім чынам, сёньня фірма “Баця” існуе ў Чэскай рэспубліцы, але не мае
нічога агульнага з тым, што тут засталося ад вялікай справы Тамаша Баці.”
Гаварыў Ян Півечка. Да яго словаў неабходна дадаць, што вядомая ў Беларусі
марка “Цэбо” зь фірмай “Баця” таксама не мае нічога агульнага. Баця заўсёды
экспартаваў свой абутак толькі пад сваёй маркай. Марка “Цэбо”, або “Чэскія
боты” была створана ў камуністычнай Чэхаславаччыне амаль выключна для задавальненьня
патрэбаў вялізнага і галоднага на добры абутак савецкага рынку.
Тыя пэрыпетыі, пра якія гаварыў Ян Півечка, могуць патлумачыць і тое,
чаму, напрыклад, сёньня ў чэскіх крамах “Баці” так мала абутку гэтай маркі
ўласна чэскага вырабу. Часьцей за ўсё “бацяўскія” туфлі вырабленыя ў Італіі.
Калі я апошні раз купляла туфлі ад “Баці”, мне прапанавалі электронную
картку “Баця-клюбу”. Яе я прад”яўляла пры кожнай наступнай пакупцы.
На мой адрас пачаў рэгулярна прыходзіць каталёг і часопіс “Баці”, а
потым я атрымала і свайго роду прэміяльны купон на ськідку – каля 10 даляраў.
“Баця” ганарыцца сваёй якасьцю і таму, магчыма, кожную рэклямацыю тут прымаюць
з надзвычайнай лёгкасьцю. Так, разьбітыя красоўкі сына тут прынялі амаль
праз паўгоду носкі і вярнулі мне іх поўную цану.
Калі гэтай практыкай і гэтым абуткам могуць цешыцца ў Беларусі? Я
спытала Тамаша Бацю-малодшага, ці мае намер і ці зацікаўленая яго фірма
прабівацца на эўрапейскі Ўсход і, у прыватнасьці, на Беларусь?
(Баця): “Увогуле , усе тыя месцы, дзе людзі маюць дзьве нагі і маюць
патрэбу насіць абутак, нас заўсёды цікавяць.”
Так адказаў Тамаш Баця-малодшы. Яго славуты бацька, між тым, марыў
экспартаваць свой абутак у Космас, незнаёмым цывілізацыям і хацеў, каб
недзе там знайшлося племя чатырохногіх.
Алена Ціхановіч, Прага