(эфір 29 жніўня)
Сёньня госьць перадачы, аўтар і ўдзельнік шматлікіх праектаў беларускага
інтэрнэту, Валеры Лабко. Гэта web-праекты: New
Town - Новы Горад, Ecohome - Экадом,
Nature - Прырода, Poetry
- Паэзія ды іншыя.
Валеры Лабко -- яшчэ й асоба, вядомая ў беларускай фатаграфіі, настаўнік,
які працаваў для незалежнай школы журналістыкі, бацька, які выпеставаў
са сваёй дачкі Веры таленавітага кампутарнага графіка.
(Карэспандэнтка: ) "Спадар Лабко, відаць, у адным з першых аглядаў беларускага
інтэрнэту яшчэ ў 96-м годзе Вы заўважылі: "чым больш інтэрнэту, тым менш
сацыялізму, і наадварот -- чым больш сацыялізму, тым менш інтэрнэту". Як
бы Вы акрэсьлілі тэндэнцыю апошніх гадоў у беларускім інтэрнэце? Чыя тут
бярэ?"
(Лабко: ) "Што тычыцца гэтай заўвагі, то ведаеце -- на той пэрыяд галоўнай
праблемаю быў доступ да інтэрнэту. Паколькі на самай справе была толькі
адна мадэмная лінія да Варшавы (потым і яе ня стала), потым быў нейкі вельмі
дзіўны доступ да інтэрнэту праз акадэмічную сетку праз Маскву, а ўжо потым
зьявіліся ўжо менш-больш сталыя, больш надзейныя каналы сувязі -- спачатку
праз таксама праз Маскву, а потым праз амэрыканскія спадарожнікавыя каналы.
І гэта была асноўная праблема. З таго часу зьмянілася шмат чаго, і зараз
можна сказаць, што больш-менш добры доступ.
Але не зьмянілася галоўнае -- не зьмяніўся падыход, самі кошты гэтага
доступу... Вельмі шмат людзей, асабліва гуманітарыяў, людзей, якія маглі
б садзейнічаць росту кантэнту беларускага інтэрнэту, гэтага доступу або
ня маюць, або, так бы мовіць, ня маюць нейкай школы, нейкай культуры ў
працы зь інтэрнэтам... І ў гэтым сэнсе анічога не зьмянілася.
Тыя грошы, якія былі ўкладзеныя ў разьвіцьцё інфраструктуры інтэрнэту
-- тое, што мы маем на ўзроўні Белпаку -- гэтыя грошы мусяць вяртацца.
А вяртаюцца яны йзноў жа як пры сацыялізьме, вельмі-вельмі марудна. І відаць,
з гэтай прычыны яшчэ ня будзе аніякай канкурэнцыі, аніякіх альтэрнатыўных,
даступных каналаў, даступных для бальшыні карыстальнікаў інтэрнэту".
(Карэспандэнтка: ) "Як Вы ацэньваеце ў гэтым пляне апошнія заявы міністра
сувязі Беларусі на гэтую тэму? Ён адказваў на папрокі так: "у нас поўная
свабода ў карыстаньні інтэрнэтам, зарэгіструйце мадэм і ўсё ў парадку".
(Лабко: ) "Я згодны ў тым пляне, што калі Вы маеце доступ да інтэрнэту,
то няма аніякіх абмежаваньняў. Але, справа ў тым, што большая частка насельніцтва
-- тая, якая патэнцыйна магла б карыстацца інтэрнэтам, тыя людзі, у якіх
ёсьць і кампутары, і мадэмы -- грашовая праблема фактычна не дае магчымасьці
выбару. Калі некалькі тысячаў карыстальнікаў кампутараў маюць такі больш-менш
прыстойны доступ да інтэрнэту -- то гэта фактычна не інтэрнэт".
(Карэспандэнтка: ) "Хачу ўзгадаць, што вядомы фотамайстар і фотанастаўнік,
які прыйшоў у інтэрнэт. Як бы Вы акрэсьліл судакрананьне гэтых дзьвюх сыстэмаў
пазнаньня сьвету -- фатаграфіі ды інтэрнэту?"
(Лабко: ) "Цяжка ў адной размове адказаць на гэта. Але інтэрнэт дае,
так бы мовіць, працяг таго, што для мяне было вельмі важлівым у фатаграфіі.
І дае дадаткова магчымасьць працаваць з тэкстамі на ўзроўні інтэрнэту,
з выяваю. І гэта дае большыя магчымасьці, чым было раней -- пры такім вузкім,
фатаграфічным падыходзе..."
(Карэспандэнтка: ) "Так, я гляжу, што ў Вашых старонках прадстаўлена
фатаграфія -- лепшыя ўзоры. Я ўзгадаю фота Булгака -- гэта старая Вільня..."
(Лабко: ) "Гэтыя старонкі
Яна Булгака... Ня так даўно было знойдзена ў Нацыянальнай бібліятэцы
партфоліо здымкаў, і была выстава ў Галерэі "Нова". Вось пад гэты праект
я падрыхтаваў такі электронны вэрнісаж. Галоўным чынам гэта здымкі старой
Вільні. Але Булгак -- гэта агульны мастак і для Беларусі, і для Летувы,
і для Польшчы. Я лічу, што гэта вельмі йстотны ўклад у беларускі кантэнт".
(Карэспандэнтка: ) "Наколькі на ваш погляд палітызаваны ці актуалізаваны
беларускі інтэрнэт? Што зьмянілася, да прыкладу, з прыходам сюды электронных
варыянтаў беларускае прэсы?"
(Лабко: ) "Вось што тычыцца прэсы... Такая вялікая прадстаўленасьць
беларускае пэрыёдыкі ў інтэрнэце -- гэта вельмі такая цікавая рэч, але
справа ў тым, што гэта йзноў жа такі дыялёг з тымі, хто мае доступ да інтэрнэту,
або з замежнымі гасьцямі-наведнікамі. А што тычыцца бальшыні мяйсцовае
аўдыторыі, то іх прываблівае расейскі інтэрнэт -- больш вялікі, з большай
колькасьцю розных падзеяў і г.д. І нейкія камэрныя падзеі, нейкія камэрныя
размовы, якія вядуцца -- яны не закранаюць бальшыні, нажаль.
Я думаю, што вось тое, што спрабаваў зрабіць IREX -- прыблізна некалькі
месяцаў таму гэты праект
быў спынены -- але гэта была такая спроба падняць беларускую тэматыку на
ўзроўні таго буйнога
праекту, які які IREX вядзе наогул у журналістыцы. Але не было працягу,
праект быў спынены.
Тое, што робіцца на Miles
Away -- гэта галоўным чынам размова з замежнымі наведнікамі, гэта ангельская,
а не беларуская мова. Тое, што ёсьць на Драніках
-- там у некаторыя моманты размову зашкальвае, і гэта, відаць, таксама
адштурхоўвае нейкую частку, больш асьцярожных, талерантных наведнікаў.
І справа ў тым, што галоўнае ня ў тым -- дзе і якая размова йдзе, а галоўная
праблема ў тым, што пра гэта немагчыма нідзе прачытаць, паколькі няма такога
агульнага мейсца ў беларускім інтэрнэце, дзе, да прыкладу, на працягу дня
ці тыдня было б вядома -- што дзе робіцца..."
(Карэспандэнтка: ) "Вы маеце на ўвазе сыстэму такой агульнай арыентацыі?"
(Лабко: ) "Так. Гэтага няма. Беларускі інтэрнэт наогул непразрысты.
І на мой погляд -- гэта галоўная бяда, якая будзе яшчэ працягвацца магчыма
не адзін год".
Удзельнікам нашае сёньняшняе праграмы быў аўтар і ўдзельнік шматлікіх
праектаў беларускага інтэрнэту, вядомы фотамастак Валеры Лабко. Пазнаёміцца
зь ягонымі web-праектамі можна па адрэсах: www.nsys.by/newtown
або ecohome.org.by, www.nsys.by/hronatop,
www.nsys.by/netizen
Алена Ціхановіч, Прага