Лінкі ўнівэрсальнага доступу

95. Магчымыя шляхі паступленьня беларусаў у польскі ўнівэрсытэт.


Сёньня з ўсіх эўрапейскіх краінаў, якія знаходзяцца на Захад ад Беларусі, самая вялікая колькасьць беларускіх студэнтаў вучыцца ў Польшчы. Тут для іх створаны даволі спрыяльныя ўмовы вучобы і штодзённага жыцьця. Але ў чым палягае гэтая спрыяльнасьць? Які шлях прайшлі тыя маладыя беларусы, якія сёньня вучацца ў польскіх унівэрсытэтах?

Госьцем Беларускай службы Радыё Свабода сёньня ў рамках чарговай перадачы сэрыі “Гаўдэамус” зьяўляецца Янка Чурыловіч, якога без перабольшаньня можна назваць своеасаблівым каардынатарам беларускага студэнцкага жыцьця ў Польшчы. Нядаўна менавіта ён быў галоўным ініцыятарам мэмарандуму да прэм’ер-міністра Польшчы Ежы Бузэка с просьбай выдзяліць адпаведную квоту для беларускіх студэнтаў на польскіх унівэрсытэтах. Мэмарандум гэты быў станоўча прыняты ў польскіх урадавых колах, і цяпер ідзе практычная праца ў галіне ажыцьцяўленя гэтага праекту.

Мы ўжо размаўлялі ў папярэдняй перадачы сэрыі “Гаўдаэмус” пра тое, як трапляюць у польскія ўнівэрсытэты студэнты з Беларусі. Але некаторых нашых слухачоў цікавіць сама мэханіка, калі можна так сказаць, паступленьня ў польскую вышэйшую навучальную ўстанову. І таму я пытаюся ў Янкі: што трэба рабіць, куды зьвяртацца, каб паехаць на вучобу за блізкую мяжу ў Польшчу?

(Чурыловіч: ) “Пачну з самага пачатку працэсу паступленьня ва ўнівэрсытэт. Маладым беларусам, каб даведацца пра ўмовы паступленьня, трэба будзе зьвярнуцца ў амбасаду Рэспублікі Польшча ў Менску, якая знаходзіцца па адрасе Румянцава 6 недалёка ад плошчы Перамогі. Трэба будзе здаваць экзамен польскай мовы плюс дадаткова матэматыку ці яшчэ які-небудзь кірунак. Залежна ад таго, куды вы хочаце паступаць. Натуральна, што трэба будзе давесьці польскае паходжаньне. Часта так бывае, што некаторыя людзі маюць дзядоў ці прадзедаў-палякаў, але ня могуць гэтага давесьці. Тут варта было б заручыцца падтрымкай, напрыклад, Зьвязу палякаў Беларусі ці нейкай падобнай арганізацыі. Для тых жа беларусаў, якія ня маюць польскіх каранёў, трэба, на жаль пайсьці на нейкія ахвяры і прынесьці падобныя паперы”.

Але што адбываецца пазьней, пасьля таго, як гэтыя неабходныя фармальнасьці выкананыя, і чалавек атрымлівае згоду польскіх уладаў вучыцца ў Польшчы? Янка Чурыловіч адказвае:

(Чурыловіч: ) “Вас накіроўваюць не адразу ва ўнівэрсытэт, вы едзеце спачатку ў Лодзь на курсы польскай мовы, дзе вы будзеце знаходзіцца год і давучваць мову. Натуральна, гэта ўсё аплочваецца, вам даецца стыпендыя. Гэта прыбліна 600 злотых, можа цяпер крыху больш. Гэта адпавядае прыблізна 150 далярам. Але адразу хачу зазначыць, што няма чаго цешыцца. У Польшчы, асабліва ў Варшаве, гэта ня грошы, а капейкі. Студэнт на іх можа толькі выжыць, ня больш. Пасьля году ў Лодзі на моўных курсах польскія ўлады аўтаматычна паводле іх меркаваньняў пераводзяць вас у нейкі ўнівэрсытэт, але выбар кірунку застаецца за вамі”.

Няўжо пасьля першага падрыхтоўчага году навучаньня студэнт зусім ня мае права абіраць сам сабе ўнівэрсытэт? Чаму ягоныя дзеяньні ў гэтай галіне так абмежаваныя? Выпуснік факультэта эканомікі Варшаўскага ўнівэрсытэту Янка Чурыловіч працягвае свой расказ:

(Чурыловіч: ) “Менавіта ў выбары ўнівэрсытэту студэнт мае вельмі абмежаваныя магчымасьці. Тут яму даюць абмежаваны выбар, калі ўвогуле даюць. Калі вы згаджаецеся на пэўны ўнівэрсытэт, вы пачынаеце вучыцца. Калі не, вам трэба будзе ехаць дадому.

Ёсьць яшчэ адзін вельмі цікавы (цудоўны) шлях, які я сам асабіста прайшоў, - гэта перавод з беларускага ўнівэрсытэту ў польскі ўнівэрсытэт. Гэта найлягчэйшы шлях, каб трапіць у польскі ўнівэрсытэт.

Сыстэма вельмі простая. Трэба вучыцца два-тры гады ў якім-небудзь больш-менш прэстыжным беларускім унівэрсытэце. Трэба, зразумела, мець добрыя адзнакі і валодаць на адпаведным узроўні польскай мовай. На жаль, без амбасады Польшчы вам не абыйсьціся, трэба там таксама скласьці паперы. Вам ня трэба будзе здаваць экзамены, але трэба мець згоду польскага ўнівэрсытэту, што ён гатовы вас прыняць”.

(Іваноў: ) “Ці гэта азначае, што спачатку трэба самому паехаць у Польшчу і дамовіцца?”

(Чурыловіч: ) “Менавіта так. Пытаньне толькі ў тым, ці вы паедзеце ў Польшчу вучыцца на стыпендыю польскага ўраду, ці зробіце гэта без стыпендыі, але без аплаты за навуку. Вы выяжджаеце за дазволам… І тут я хацеў бы даць наступную параду: вы прыяжджаеце ва ўнівэрсытэт, прыносіце ўсе свае паперы, зразумела, перакладзеныя на польскую мову, размаўляеце ці з віцэ-рэктарам ці віцэ-дэканам на гэтую тэму. Вы гаворыце, што ідзеце па праграме адукацыі для палякаў, якія жывуць па-за межамі Польшчы, а амбасада, нібыта, выдала дазвол на ваш перавод у гэты ўнівэрсытэт. Патрэбная толькі згода гэтага ўнівэрсытэту. Маўляў ужо ёсьць стыпендыя, і ўсе неабходныя рэчы. І тады атрымаць гэты дазвол шмат лягчэй. Яны глядзяць на вас, на вашыя адзнакі, адбываецца размова 20-30 хвілінаў, і зазвычай гэты дазвол вельмі лёгка даецца.

Я, напрыклад, атрымаў два дазволы: з Варшаўскага ўнівэрсытэту і Эканамічнай Акадэміі ў Кракаве. Натуральна, ў свой час я выбраў Варшаўскі ўнівэрсытэт. Пазьней вы вяртаецеся ў польскую амбасаду, паказваеце ім дазвол на перавод і кажаце: вось у мяне ўжо ўсё ёсьць…
Гэтыя паперы павінны быць завізаваныя амбасадай, і пасьля гэтага яны ідуць у міністэрства адукацыі на канчатковае вырашэньне праблемы”.

А што рабіць тым асобам, якія такім чынам атрымалі згоду ўнівэрсытэту на перавод, але не атрымалі стыпендыі ад польскага міністэрства адукацыі? Ці ёсьць у іх нейкі шанец знайсьці альтэрнатыўныя крыніцы фінансаваньня сваёй вучобы. Янка Чурыловіч, выпускнік эканамічнага факультэту Варшаўскага ўнівэрсытэту адказвае:

(Чурыловіч: ) “Калі вам не даюць стыпендыю, вы можаце паехаць у Варшаву на вуліцу Смольная 31, дзе знаходзіцца Камітэт у справе замежнага навучаньня і паразмаўляць асабіста, як было ў маім выпадку. Польскі ўрад ня даў мне стыпендыю, але яны згадзіліся перавесьці мяне без стыпендыі. І ў мяне так здарылася, што першы год я вучыўся без стыпендыі і працаваў, дзе толькі можна, каб утрымацца”.

Наша размова з Янкам Чурыловічам, выпускніком эканамічнага факультэту Варшаўскага ўнівэрсытэту, хаця і была даволі зьмястоўная, але пакідае пасьля сябе крыху горкі прысмак. Што ж рабіць такому маладому беларусу, які хоча вучыцца ў Польшчы, але ня мае ніякіх польскіх каранёў альбо ня хоча паступіцца прынцыпамі і ня йдзе на фальшаваньне сваёй польскасьці. Няўжо перад ім тупік? Янка Чурыловіч адказвае:

(Чурыловіч: ) “Я мяркую, што навука вартая пэўных ахвяраў і, нават, ахвяраў у прынцыпах. Калі чалавек ня хоча давесьці тое, што ня зусім праўда, паўстае пытаньне: ці гэты чалавек сапраўды хоча вучыцца. Для чыстых беларусаў ёсьць, канешне, магчымасьць, але гэта магчымасьць платная. Прыйдзецца плаціць за навуку. Гэта ў межах некалькіх тысячаў даляраў у сэмэстар. Яшчэ патрэбныя грошы на ўтрыманьне.
Іншы шлях: у Польшчы могуць вучыцца людзі, якія перасьледуюцца палітычна ў Беларусі. Але даволі абмежаваная катэгорыя, і яе правяраюць вельмі моцна”.

Польшча, як я ўжо не аднойчы падкрэсьліваў, ня толькі надзвычай прывабная краіна для беларускіх студэнтаў. Яе ўнівэрсытэты, якія вызначаюцца эўрапейскім узроўнем адукацыі, найбольш даступныя для беларусаў. І таму сёньня мы яшчэ не заканчваем размову пра практычныя магчымасьці вучобы ў польскіх унівэрсытэтах. Мы працягнем яе ў наступных перадачах.

Акамя таго на заканчэньне нашай сёньняшняй сустрэчы ля мікрафону я хацеў бы заўважыць, што ад наступнай перадачы сэрыя “Гаўдэамус” зьмяняе свой фармат. Цяпер акрамя галоўнай тэмы (напрыклад, расказ пра адзін з заходніх унівэрсытэтаў ці размова з беларускім студэнтам у замежжы) мы будзем знаёміць вас з актуальнымі навінамі акадэмічнага жыцьця ў сьвеце. У праграме “Гаўдэамус” прагучыць аповяд пра найноўшыя кампутарныя мэтады адукацыі, пра новыя формы навучаньня, якія ўводзяцца заходнімі ўнівэрсытэтамі і шмат што іншае.

Мікола Іваноў

XS
SM
MD
LG