Лінкі ўнівэрсальнага доступу

69. Правы акадэмічнае супольнасьці ў Беларусі <i>(працяг)</i>


Некалькі месяцаў таму Беларусь наведалі экспэрты міжнароднае праваахоўнае арганізацыі “Human Rights Watch” з мэтаю высьвятленьня стану правоў чалавека ў галіне вышэйшае асветы.

“Галоўная характэрная рыса цяперашняга акадэмічнага жыцьця Беларусі – гэта выключная цэнтралізацыя палітыкі прыняцьця пастановаў, якая выводзіцца з савецкага часу. Праяваю гэтае палітыкі было распараджэньне ўладаў аб забароне палітычнае дзейнасьці на тэрыторыі ўнівэрсытэтаў і ў студэнцкіх інтэрнатах”, – гэта ўрывак з тэксту справаздачы “Human Rights Watch”.

Але спробы ўладаў кантраляваць жыцьцё акадэмічнае супольнасьці, як сьцьвярджаюць экспэрты “Human Rights Watch”, далёка не абмяжоўваюцца забаронаю палітычнае дзейнасьці непасрэдна ва ўнівэрсытэтах ды інтэрнатах. Як і ў савецкія часы, беларускія ўлады з дапамогаю залежнай ад іх унівэрсытэцкай адміністрацыі намагаюцца татальна кантраляваць палітычную актыўнасьць выкладчыкаў і студэнтаў і па-за ўнівэрсытэтамі. З дамамогаю розных адміністратыўных сродкаў – непавышэньня заробкаў, адмовы вылучэньня стыпэндыяў і фінансаваньня навуковых праектаў, вымоваў і нават пазбаўленьня пасады й звальненьня – адміністрацыя дзяржаўных і недзяржаўных, але залежных ад уладаў, беларускіх вышэйшых навучальных установаў дае выкладчыкам і студэнтам зразумець, што іхны дабрабыт і кар’ера цалкам залежныя ад іхнай палітычнай ляяльнасьці.

Як і ў савецкія часы, улады унівэрсытэтаў маюць ў сваім распараджэньні такі моцны фактар уплыву на сваіх працаўнікоў, як вылучэньне дзяржаўных кватэраў. У размове з экспэртамі “Human Rights Watch” прадстаўнікі некалькіх унівэрсытэтаў, якія прасілі не называць у справаздачы іхных імёнаў, амаль аднагалосна сьцьвердзілі, што ўлады сьвядома блякуюць прадстаўленьне кватэраў тым выкладчыкам, якія маюць апазыцыйныя погляды, не кажучы ўжо пра тых, хто актыўна дзейнічае ў шэрагах апазыцыі.

Толькі некаторыя з суразмоўцаў “Human Rights Watch” згадзіліся даць паказаньні ў справе перасьледу іх з боку адміністрацыі вышэйшых навучальных установаў. Сярод іх быў чалавек, якога ў Беларусі ведаюць амаль усе – Мечыслаў Грыб, былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня. Пасьля разгону Аляксандрам Лукашэнкам Вяхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Грыб нейкі час працаваў юрыстам, пазьней уладкаваўся выкладчыкам крымінальнага права й крыміналістыкі ў недзяржаўны Інстытут права. У інтэрвію “Human Rights Watch” Мечыслаў Грыб расказаў, што адбылося пазьней (цытуем дакладна з арыгіналу справаздачы):

(Грыб: ) “Спачатку не было аніякіх праблемаў. Праўда, я намагаўся, каб ніхто ня ведаў, што я выкладаю ў інстытуце. Але гэта было немагчыма захаваць у таямніцы, калі выкладаеш дзясяткам студэнтаў. Інфармацыя аб маёй працы дайшла да прэзыдэнцкай адмінсітрацыі. І вось тады ў інстытут пачала наведвацца адная інспэкцыя за другой. І нарэшце людзі зь міністэрства адукацы сказалі рэктару майго інстытуту: “Калі тут надалей будзе працаваць Грыб, мы зачынім твой інстытут”. Я не хацеў ставіць мае інтарэсы вышэйшымі над інтарэсамі калектыву выкладчыкаў і студэнтамі, і таму я спакаваў свае паперы і адыйшоў”.

З гэтага часу Мечыслаў Грыб стаў беспрацоўным. Ён працягвае:

(Грыб: ) “Цяпер я ня маю працы, і я не магу яе знайсьці. У прынцыпе я мог бы працаваць выкладчыкам. Тры ці чатыры інстытуты прапанавалі мне працу, але як толькі я пачынаю афармляцца, да іх прыходзяць зь інспэкцыяй зь міністэрства й пасьля адпаведнай размовы прапанова працы для мяне анулюецца”.

Міхал Пастухоў – таксама даволі вядомая ў Беларусі асоба. Да лістапада 1996 году ён быў сябрам Канстытуцыйнага суду Беларусі. Пасьля пазбаўленьня яго пасады прэзыдэнцкім указам ён пачаў працаваць загадчыкам катэдры гісторыі дзяржавы й права ў адным зь недзяржаўных інстытутаў Менску. У красавіку 1997 году Міхал Пастухоў згадзіўся ўдзельнічаць у апазыцыйным Нацыянальным выканаўчым камітэце. Кароткія біяграфіі і фота сябраў камітэту былі надрукаваныя ў апазыцыйнай газэце “Народная Воля”, і адразу ж на наступны дзень у Інстытуце зьявіліся прадстаўнікі прэзыдэнцкае адміністрацыі. Міхал Пасутухоў узгадвае:

(Пастухоў: ) “Мяне выклікаў дэкан і ў нас адбылася размова. Ён заявіў, што прэзыдэнцкая адміністрацыя выказала сваё глыбокае незадавальненьне маім удзелам у апазыцыйным руху. Ён паведаміў таксама, што сябры маёй катэдры просяць, каб я адмовіўся ад кіраўніцтва. Вось чаму ў красавіку 1997 году я стаў простым выкладчыкам. Пазьней рэктар і дэкан у прыватных размовах папрасілі мяне, каб я абмежаваў мой удзел у палітычнай дзейнасьці, каб я не выступаў з вострай крытыкаю дзяржаўнае адміністрацыі. Слава Богу, пасля гэтага ня было аніякіх рэпрэсыяў супроць мяне”.

Але найбольш абуральны выпадак перасьледу з боку адміністрацыі вышэйшае навучальнае ўстановы здарыўся з Міколам Анціповічам, старшым выкладчыкам катэдры філязофіі Беларускае дзяржаўнае палітэхнічнае акадэміі ў Менску. У траўні 1997 году ён быў адным з арганізатараў апазыцыйнага мітынгу на пляцы Якуба Коласа ў Менску. Мітынг меў мірны характар, не было аніякіх сутычак з праваахоўнымі ворганамі. Аднак частка моладзі – удзельнікаў мітынгу – пасьля ягонага заканчэньня накіравалася да будынку адміністрацыі прэзыдэнта, каб тамака таксама выказаць свой пратэст.

Мікола Анціповіч узгадвае (таксама дакладная цытата са справаздачы “Human Rights Watch”):

(Анціповіч: ) “Дэманстарцыя адбылася ў пятніцу, а ў панядзелак я спакойна прыйшоў на працу й распачаў заняткі. Калі я падняўся на чацверты паверх, дзе была мая аўдыторыя, я пабачыў нейкіх незнаёмых людзей, якія знаходзіліся ля дзьвярэй аўдыторыі. Яны былі выразна старэйшыя ад маіх студэнтаў. Яны ўвайшлі разам са мною ў аўдыторыю і адзін паказаў мне пасьведчаньне сябра прэзыдэнцкае аховы. Ён сказаў мне: “Прайдзёмце с намі”. Я заявіў, што ў іх няма пастановы пракурору. “У мяне заняткі, я не магу пайсьці, я на працы”, – адказаў я.
– Добра, мы пачакаем да перапынку, – пачуў я ў адказ.
Літаральна праз 15 хвілінаў да мяне ў аўдыторыю ўвайшоў лябарант нашае катэдры, і паведаміў, што за мною прыйшла міліцыя. На мяне чакалі капітан і два сяржанты. Усе ў міліцыйнай форме.
– Мы вас арыштоўваем, - пачуў я.
– За што?
– За арганізацыю мітынгу й незаконную маніфэстацыю.
– Мітынг прайшоў мірна.
– Але мы мусім арыштаваць вас.
Яны забралі мяне. Усё гэта бачылі мае студэнты. Гэта быў сэмінар, у якім удзельнічала прыблізна 18 студэнтаў”.

Пазьней суд Савецкага раёну Менску аштрафаваў Анціповіча на 25 мільёнаў рублёў. У той час гэта раўнялася прыблізна 950 далярам, сам жа ён зарабляў усяго каля 100 даляраў на месяц.

Але самае ганебнае адбылося ў Акадэміі пазьней. Анціповіч атрымаў вымову рэктарату за тое, што ён самавольна пакінуў заняткі. Рэктар асабіста паведаміў яму, што ён мусіў паінфармаваць адмінстрацыю аб сваім арышце. За адсутнасьць на занятках адміністрацыя акадэміі аштрафавала Анціповіча на 1 мільён рублёў.

На падставе справаздачы сваіх экспэртаў арганізацыя “Human Rights Watch” сфармулявала 9 рэкамэндацыяў беларускаму ўраду, ажыцьцяўленьне якіх можа нармалізаваць жыцьцё акадэмічнае супольнасьці й вярнуць беларускую сыстэму вышэйшае асьветы ў эўрапэйскую і сусьветную дэмакратычную акадэмічную сям’ю. Першая і самая істотная рэкамэндацыя-патрабаваньне – гэта неадкладна прыпыніць перасьлед сябраў акадэмічнае супольнасьці за іх палітычныя перакананьні.

Мікола Іваноў, Прага

XS
SM
MD
LG