Лінкі ўнівэрсальнага доступу

65. Унівэрсытэцкая асьвета ў Вялікабрытаніі (15)


Ангельскі горад Манчэстар мае сваю непаўторную легенду. Гэта горад, дзе нарадзіўся сучасны рух прафэсыйных зьвязаў, горад вядомы сваімі першымі вялікімі прамысловымі прадпрыемствамі, што паўсталі ўжо на пачатку вялікае прамысловае рэвалюцыі, горад адной з найбольш папулярных у сьвеце футбольных камандаў. Але мала хто ведае, што гэта таксама горад студэнтаў. І таму сёньня ў перадачы сэрыі Гаўдэамус расказ пра Манчэстарскі ўнівэрсытэт.

Гаворка, як і ў папярэдняй перадачы, пойдзе пра Manchester Metropolitan University – гэтая другая паводле колькасьці студэнтаў вышэйшая навучальная ўстанова ў Вялікабрытаніі. Вучыцца тут больш за 30 тысячаў студэнтаў, а усяго студэцкая сям’я Манчэстару налічвае не менш 150 тысячаў чалавек. Што ж гэта такое – Манчэстарскі ўнівэрсытэт? У чым палягае ягоная спэцыфіка?

Каб атрымаць адказ на гэтае пытаньне я затэлефаніў у рэктарат унівэрсытэту й паспрабаваў скантактавацца з дырэктарам аддзелу міжнародных сувязяў доктарам Дэвідам Робэртсам. Нажаль, доктар Робэртс, як і бальшыня ягоных калегаў, быў у адпачынку. Але я раней ужо размаўляў зь ім наконт інтэрвію, і таму дазволіў сабе патэлефаніў яму дахаты. На пачатку доктар Робэртс у агульных рысах абмаляваў свой Унівэрсытэт:

(Робертс: ) “Гісторыя нашага Ўнівэрсытэту пачынаецца недзе ў палове мінулага стагодзьдзя, але як унівэрсытэт ён стаў вядомы толькі ў 90-х гадох нашага стагодзьдзя. Тут вучыцца больш за 32 тысячы студэнтаў, і гэта першы з самых вялікіх унівэрсытэтаў Вялікабрытаніі. Або друг, калі ўлічваць Лёнданскі адкрыты Ўнівэрсытэт, але ж там даволі шмат завочнікаў.

Наш Унівэрсытэт усеагульны. Тут выкладаюцца амаль усе кірункі ведаў, за выключэньнем, можа, медыцыны. Слова “мэтраполітан” азначае, што Ўнівэрсытэт знаходзіцца на вялікай плошчы. У нас 7 кампусаў. Некаторыя зь іх у цэнтры гораду, а некаторыя ў ваколіцах. Некаторыя знаходзяцца аж за 60 кілёмэтраў на поўдзень ад гораду.

У нас вучацца студэнты амаль із 100 краінаў. Мы праводзім вельмі шмат праектаў па ўсім сьвеце, якія можна назваць кансультацыйнымі. Гэтыя праекты ажыцьцяўляюцца амаль у кожнай краіне былога Савецкага Саюзу, за выключэньнем, магчыма, Таджыкістану”.

Другое пытаньне, якое я задаў доктару Робэртсу было традыцыйнае для гэтай перадачы. Датычыла яно коштаў адукацыі, а дакладнней кажучы, дзе і якім чынам маладыя беларусы могуць знайсьці грошы, каб паехаць у Ангельшчыну? Вось, што я пачуў у адказ:

(Роберт: ) “У нашым Унівэрсытэце няма спэцыяльнае стыпэндыяльнае праграмы для ўсходніх студэнтаў. Вельмі мала брытанскіх унівэрсытэтаў маюць стыпэндыі для маладых студэнтаў. “Брытыш Каўнсіл”, як вы напэўна ведаеце, мае стыпэндыю Шэвенінг для прыблізна 20 тысячаў студэнтаўю І кожная філія “Брытыш Каўнсіл”: у Менску, Маскве ці Празе прапануе іх. Там вялікі конкурс, але яны йснуюць. Я згаджаюся з вамі, што праблема фінансаваньня навучаньня – адная з самых складаных.

Што ж тычыцца ўсіх тых выкладчыкаў і дасьледнікаў, якія ёсьць у нас, дык усе яны фінансуюцца Эўрапейскім Зьвязам. Яны пераважна прыязжджаюць на год. Цяпер мы маем двох ці трох расейскіх выкладчыкаў, якія выкладаюць тэорыю пераходнае да рынку гаспадаркі. Але яны ўдзельнічалі ў конкурсе нароўні зь іншымі кандыдатамі. І гэтыя кандыдатуры былі прызнаныя найлепшымі”.

А ці можа паасобны беларускі студэнт ці абітурыент непасрэдна асабіста зьвярнуцца ў штаб-кватэру Эўрапейскага Зьвязу (у адукацыйны аддзел) і паспрабаваць здабыць грошы на тое, каб паехаць вучыцца ў Вялікабрытанію? Загадчык аддзелу міжнародных стасункаў Манчэстарскага ўнівэрсытэту доктар Дэвід Робэртс адказвае:

(Робертс: ) “Для некаторых краінаў існуе спэцыяльная праграма “Сакратэс” – гэта Вугоршчына, Славенія, Славаччына ды інш. У рамкох гэтае праграмы студэнты могуць прыяжджаць на паўгады ці год вучыцца ў нас. Аднак, іхны ўнівэрсытэт мусіць мець пагадненьне зь нейкім унівэрсытэтам Эўрапейскага Зьвязу. Колькасьць падобных краінаў павялічваецца. У гэтым годзе далучылася Баўгарыя, прыкладам. І таму кожны студэнт мусіць даведацца: ці ягоны ўнівэрсытэт мае пагадненьне аб супрацоўніцтве з адным з унівэрсытэтаў Эўрапейскага Зьвязу. І тады можна атрымаць грошы з праграмы “Сакратэс”. Але наколькі мне вядома, Беларусь і Расея не ўваходзяць у гэтую праграму”.

У Вялікабрытаніі каля ста вышэйшых навучальных установаў, кожная зь якіх пераконвае патэнцыйных студэнтаў у сваіх добрых якасьцях. Нават Оксфард і Кэмбрыдж актыўна праводзяць кампанію набору студэнтаў ва ўсім сьвеце. А што ж спэцыфічнага прапануе Манчэстарскі ўнівэрсытэт? Доктар Робэртс сьцьвярджае наступнае:

(Робэртс: ) “Мы ня так даўно праводзілі апытаньне нашых студэнтаў: чаму яны вырашылі прыехаць вучыцца ў Манчэстар? Высьвятлілася, што на першым мейсцы былі не акадэмічныя якасьці, а сам горад Манчэстар, ягоная вядомая футбольная каманда, студэнцкі характар гэтага гораду. Гэта адзін з самых студэнцкіх гарадоў Эўропы. Тут чатыры вялікія ўнівэрсытэты. Тут непаўторная студэнцкая атмасфэра. Манчэстар вельмі вядомы ў сьвеце сваёй футбольнай камандаю.

Што ж тычыцца самога Ўнівэрсытэту, дык ён вядомы сваім высокім узроўнем навучаньня, я бы сказаў, прафэсыйным узроўнем. Калі вы хочаце стаць кваліфікаваным архітэктарам ці пэдагогам – вы мусіце прыехаць сюды. Шмат хто разглядае Ўнівэрсытэт як нешта адмысловае”.

І на заканчэньне нашае размовы загадчык аддзелу міжнародных сувязяў Манчэстарскага ўнівэрсытэту доктар Дэвід Робэртс падзяліўся з нашымі слухачамі сваімі думкамі аб сутнасьці брытанскае сыстэмы вышэйшае асьветы:

(Робэртс: ) “Толькі ўчора я пазнаёміўся зь вельмі цікавым дакумэнтам. Гэта вынікі апытаньня расейскіх студэнтаў на тэму, чаму яны прыяжджаюць вучыцца ў Вялікабрытанію. Вядома, што таньней паехаць вучыцца ў Аўсталію, да прыкладу. Або у тыя эўрапейскія ўнівэрсытэты, якія зусім не бяруць плату за навучаньне. Цікава, што яны падаюць такую прычыну, што ангельская мова – гэта сусьветная мова, а брытанская ангельская мова значна лепшая за амэрыканскую ангельскую мову.

Брытанская адукацыя мае вельмі глыбокія традыцыі. Яна роўная, справядлівая. Адзнакі тут атрымліваюцца толькі паводле заслугаў. Тут ніколі не было аніякага скандалу ў адукацыі ў справе справядлівасьці адзнакаў.

Вялікабрытанія таксама вельмі талерантная краіна. І таму, калі б я быў студэнтам, скажам са Славеніі, я б выбраў дзеля навучаньня Вялікабрытанію як вельмі прывабную і спакойную краіну”.

Мікола Іваноў

XS
SM
MD
LG