Удзельнічае: Уладзімер Колас.
(эфір 30.11.2000)
Аўтар і вядучы: Мікола Іваноў.
У сыcтэме вышэйшай адукацыі сёньня адбываюцца такія самыя працэсы глябалізацыі
і інтэрнацыяналізацыі, як і ў іншых галінах жыцьця чалавечага грамадзтва.
Вышэйшая школа паволі губляе нацыянальнае аблічча і ўсё больш і больш падпарадкоўваецца
ўнівэрсальным усясьветным законам унівэрсытэцкай асьветы. А як жа падрыхтаваныя
беларускія выпускнікі сярэдніх школаў, каб актыўна, на роўных, з прадстаўнікамі
іншых краінаў вучыцца ў заходніх унівэрсытэтах?
У нашай перадачы “Гаўдэамус”, якая выходзіць у эфір рэгулярна на працягу
больш як 2 гадоў, прагучалі размовы і інтэрвію з дзесяткамі беларускіх
студэнтаў, якія вучацца ў блізкім і далёкім замежжы. І калі нейкім чынам
падсумаваць гэтыя размовы, атрымліваецца, што падрыхтоўка, якую атрымалі
нашыя суродзічы ў беларускай школе ў галіне дакладных навук, абсалютна
дастатковая, каб вучыцца на Захадзе. Больш таго, узровень падрыхтоўкі ў
галіне матэматыкі, фізыкі, хімііі і іншых дакладных навук нават даволі
часта перавышае той узровень ведаў, які атрымліваюць у школе іх калегі
з заходніх краінаў.
Але абсалютна адваротная карціна назіраецца ў галіне грамадзкіх навук.
Падрыхтоўка бальшыні нашых выпускнікоў сярэдніх школаў у галіне гісторыі,
грамадзтвазнаўства, замежных моваў, геаграфіі і інш. зусім недастатковая.
Чаму? Магчыма гэта спадчына савецкай сыстэмы адукацыі. А калі так, дык
ці робяцца сёньня ў Беларусі спробы пераадолець гэтую аднабаковасьць? Ці
нарэшце ідзе тут станаўленьне сваёй беларускай нацыянальнай адукацыйнай
сыстэмы, арыентаванай на найлепшыя заходнія стандарты? З такім пытаньнем
я зьвярнуўся да аднаго зь вядомых беларускіх пэдагогаў, дырэктара беларускага
гуманітарнага ліцэю ў Менску Ўладзімра Коласа:
(Колас: ) “У Савецкім Саюзе школа была надта ідэалягізаваная. Яна выконвала
перш за ўсё палітычныя функцыі, выконвала дзяржаўны заказ. Яна рыхтавала
перш за ўсё грамадзянаў таталітарнай дзяржавы і кадры для ваенна-прамысловага
комплексу. Цяпер, як быццам бы, і дзяржавы гэтай няма, і комплекс гэты
нам для Беларусі ня вельмі патрэбны, а школа працягвае прадукаваць такія
кадры. Атрымліваецца парадокс: любяць нашыя чыноўнікі хваліцца, што ў нас
шмат пераможцаў міжнародных алімпіядаў ва ўсіх гэтых дысцыплінах, нават
у эканоміцы. Таму я заўсёды задаю пытаньне: чаму ж у нас эканоміка ў такім
стане? Калі выпускнікі нашай школы трапляюць у замежжа, вельмі добра там
арыентуюцца і добра ўладкоўваюцца, вельмі добра працуюць і цэняцца. І чаму
ж яны ня могуць нармальнае жыцьцё наладзіць на сваёй Бацькаўшчыне? Гэтая
праблема карэніцца ў школе, у тым як рыхтуюць, у тым, якое месца там займаюць
дысцыпліны гуманітарнай сфэры: літаратура, гісторыя і г.д. Іншымі словамі,
мы ня вучым арыентавацца ў часе, у прасторы, у грамадзтве. І зтое, што
ў нас робіцца на палітычным ляндшафце, гэта, відавочна, ілюструе”.
(Іваноў: ) “А што ж канкрэтна трэба зрабіць, каб пераадолець гэтую аднабаковасць
беларускай сыстэмы асьветы, каб нашыя абітурыенты адчувалі сябе на роўных
са сваімі заходнімі калегамі? Уладзімір Колас, дырэктар беларускага гуманітарнага
ліцэю адказвае:”
(Колас: ) “Павінна быць дзяржаўная воля. На дзяржаўным узроўні павінна
быць накіраванасьць на пабудову незалежнай дзяржавы, дэмакратычнай і прагрэсыўнай
дзяржавы. Мы ж пакуль што рухаемся ў адваротным кірунку, да адраджэньня
таталітарнага ладу. Канкрэтна ж, што трэба зрабіць, - гэта перш за ўсё
падзяліць адукацыю. Пакуль у нас школа адлюстроўвае ўтапічнасць таталітарнай
сыстэмы, маналітнасць, немагчымасць выбару. Выбар – самая галоўная прыкмета
дэмакратыі. Школа павінная вучыць рабіць выбар. Выбар: якія дысцыпліны
я хачу вывучаць і на якім узроўні. Такой магчымасьці пакуль што ў школы
няма. Асабліва трэба даваць выбар на апошнім этапе адукацыі на перадунівэрсытэцкім
узроўні. І другое – гэта роля выкладчыка, гэта роля кіраўніка адукацыйнага
працэсу. Пакуль што ў нас гэта людзі абсалютна паднявольныя, гатовыя бяздумна
выконваць любыя загады: ствараць нейкія піянерския арганізацыі, зганяць
бацькоў на нейкія выбары, запалохваць, не пускаць на дэманстрацыі. Ад усяго
гэтага трэба пазбаўляцца”.
(Іваноў: ) “Дырэктар беларускага гуманітарнага ліцэю ў Менску Ўладзімір
Колас прыехаў у Прагу на паседжаньне Міжнароднага аб”яднаньня гуманітарных
ліцэяў, арганізацыі, якая займаецца ня толькі наладжваньнем супрацоўніцтва
паміж ліцэямі ў розных краінах, але і пошукам для сваіх выхаванцаў магчымасьцяў
атрыманьня вышэйшай адукацыі, пошукам стыпендыяў і іншых формаў фінансавай
дапамогі. Вось што ён расказаў пра сваю працу ў Беларусі ў гэтай галіне:
(Колас: ) “Я зьяўляюся старшынём беларускага аддзяленьня Міжнароднай
арганізацыі гуманітарных каледжаў. Гэта вельмі важная і вядомая міжнародная
адукацыйная структура. Магчымасць замежнага навучаньня для нашых студэнтаў
абмежаваная перш за ўсё матэрыяльна. И тут трэба шукаць не навучальныя
ўстановы, у якіх можна вучыцца, а шукаць крыніцы фінансаваньня. І вашая
перадача магла б у гэтым пляне дапамагаць нашым выпускнікам і нашым абітурыентам.
І другое, трэба працаваць над тым, каб дапамагаць рабіць правільны выбар,
каб ехаць за мяжу толькі ў тым выпадку, каб атрымаць адукацыю, якой няма
ў нас. І думаць ня толькі пра карысьць для самога сябе, але і для краіны”.
(Іваноў: ) “Калі б да Вас, спадар Колас, зьвярнуўся нехта з вашых выхаванцаў
з прозьбай дапамагчы ў тым, каб знайсьці сродкі на навучаньне ў адным з
прэстыжных заходніх унівэрсытэтаў? Ці ў Вас ёсць магчымасць яму дапамагчы?”
(Колас: ) “Пакуль што трэба шукаць гранты и арганізацыі, якія даюць
гранты, толькі за мяжой. Ёсць арганізацыи, якія могуць дапамагаць. Вось
у нас ёсць Інфармацыйная служба амбасады ЗША ў Менску, ёсць там і інтэрнэт.
Дапамога ёсць, але ніхта табе на сподышку з галубой каёмачкай не прынясе
табе гэты грант. Трэба самому працаваць”.
(Іваноў: ) “А вось, што дырэктар беларускага гуманітарнага ліцэю Ўладзімір
Колас распавёў пра свае непасрэдныя кантакты з заходнімі ўнівэрсытэтамі:”
(Колас: ) “Гэтым летам гэты кантакт на нас неяк зь неба зваліўся, дзякуючы
фонду “Дзецям Чарнобылю”. Наладжваецца вельми добры кантакт з Цэнтральным
унівэрсытэтам штату Вашынгтон. Ён знаходзицца ў горадзе Элізбург. Штат
Вашынгтон ня трэба блытаць з горадам Вашынгтонам. Ён знаходзіцца на Ціхім
акіяне каля мяжы з Канадай, каля гораду Сіэтл. Цудоўны ўнівэрсытэт. Нядаўна
мы вярнуліся адтуль. Я туды вазіў сваіх ліцэістаў. Мы ўдзельнічалі ў праграме
“business week”. Гэта навучаньне бізнэсу для моладзі. Я ўзяў туды, зразумела,
з адпаведным адборам, пераможцаў нашых нацыянальных алімпіядаў – 6 чалавек.
І вось яны там так “прабамбілі глебу”, так сябе зарэкамэндавалі, што нават
зрабілі сэнсацыю. І мы вырашылі стала ўдзельнічаць у гэтым “business week”.
У гэтай імпрэзе прымаюць удзел не выкладчыкі, а бізнэсмэны-практыкі. Там
і Біл Гейц прымаў ўдзел. Стала ўдзельнічае “Майкрасофт” і “Боінг”. Яны
такім чынам кадры сабе падбіраюць. Вырашана, што наступным летам яны прыязджаюць
да нас і праводзяць “business week”. для дзьвюх соцень нашых цінэйджэраў.
Больш таго, там адбыліся перамовы на ўзроўні загадчыка катадры для замежных
студэнтаў, і мы будзем змагацца за некалькі грантаў для навучаньня беларускіх
студэнтаў у гэтым унівэрсытэце”.
(Іваноў: ) “Уладзімір Колас – адзін з найбольш дасьведчаных у Беларусі
людзей у галіне магчымасьцяў атрыманьня вышэйшай адукацыі ў замежжы. І
таму я зьвярнуўся да яго з прозьбай даць некальки парадаў тым, хто нас
слухае цяпер и хто разважае магчымасьць накіравацца на вучобу ў адну з
заходніх краінаў. Дырэктар беларускага гуманітарнага ліцэя адказвае:”
(Колас: ) “Галоўная мэта адукацыі, я заклікаю, каб яна была ня толькі
адукацыяй для сябе, дзеля задавальненьня сваіх уласных патрэбаў, але і
для той дзяржавы, у якой мы будзем жыць, дзе будуць жыць нашыя дзеці і
нашыя ўнукі”.
(Іваноў: ) “Менскі Беларускі гуманітарны ліцэй – адна з найбольш прэстыжных
і шанаваных сярэдніх школаў Беларусі. Свой прэстыж ён заваяваў, дзякуючы,
не ў апошнюю чаргу, сваім міжнародным кантактам, дзякуючы імкненьню свайго
настаўніцкага калектыву быць перш за ўсё эўрапейскай навучальнай установай.
Ягоная беларускасьць і эўрапэйскасьць – дзьве найважнейшыя складаныя выдатнага
посьпеху”.
Мікола Іваноў, Прага