Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаўдэамус


У Чэхіі студэнты-замежнікі – нармальная і распаўсююжаная зьява. Іхную арыгінальную чэскую мову, перамешаную з ангельскімі ды францускімі словамі можна пачуць апаль паўсюль у Празе. Толькі ў самым вялікім чэскім унівэрсытэце – Карлавым – амаль кожны дзесяты студэнт – замежнік. Чэскія ўнівэрсытэты маюць яшчэ адну важную спэцыфіку: працэдура прыёму сюды адбываецца ў летнія ды восеньскія месяцы. Расказаць пра тое, як стаць студэнтам Чэскага ўнівэрсытэту зараз добрая нагода.

Як і ў іншых краінах пасьля краху камунізму ў Чэхіі зьявілася даволі шмат прыватных навучальных установаў, але яны не зьяўляюцца даміноўнымі ў сыстэме вышэйшай адукацыі Чэскай Рэспублікі. Галоўную ролю тут адыгрываюць дзяржаўныя навучальныя ўстановы. Навучаньне ў іх бясплатнае, што дае дадатковы шанец беларусам, якія б хацелі вучыцца ў замежжы. Госьць праграмы – прарэктар праскага Карлавага ўнівэрсытэту прафэсар Яраслава Свобода. Яна гаворыць пра працэдуру прыёму замежнікаў у праскі Карлаў унівэрсытэт.

(Cвобода: ) “Першае пытаньне – гэта праблема рэгістрацыі. Другая – здача экзамэнаў. Гэта старая, я бы сказала, рымская традыцыя, але яна ў галоўных рысах аднолькавая як для чэскіх, так і для замежных абітурыентаў. Калі нехта з жыхароў вашай краіны сапраўды зацікаўлены вучыцца ў Карлавым унівэрсытэце, я б параіла яму перш за ўсё скантактавацца са спэцыяльным інстытутам для замежных студэнтаў, дзе можна атрымаць поўную інфармацыю. У нашым унівэрсытэце 17 факультэтаў, якія прапануюць вам больш за 300 розных кірункаў навучаньня. І кожны з гэтых кірункаў мае свае спэцыфічныя варункі прыёму. Але ёсць адзін уніфікаваны варунак прыёму, які базуецца на дзяржаўным законе Чэскай рэспублікі аб вышэйшай адукацыі: ангельскамоўныя і чэскамоўныя студэнты прыймаюцца ва ўнівэрсытэт паводле аднолькавых умоваў.

Іваноў: Сярод 17 факультэтаў Карлавага ўнівэрсытэту: факультэт права, філязофіі і мастацтва, фізыка-матэматычны, мэдычны, пэдагагічны, тэалягічны, сацыяльных навукаў, фізкультуры і спорту і інш. Бальшыня зь іх (напрыклад, факультэты права, філязофіі і мастацтва, тэалёгіі і мэдыцыны) маюць платныя ангельскамоўныя аддзяленьні, куды з замежжа прыймаюць амаль усіх жадаючых толькі пасля кароткай кваліфікацыйнай размовы. На чэскамоўныя аддзяленьні, дзе вучыцца можна бясплатна, трэба здаваць уступныя экзамэны разам з чэскімі абітурыентамі, але дзеля таго, каб падрыхтавацца да іх на працягу году можна вучыцца на падрыхтоўчым факультэце, дзе выкладаецца інтэнсыўны курс чэскай мовы”

А вось, што раіць прафэсар Свобада тым нашым слухачам, якія вырашылі зрабіць першыя крокі на шляху да вучобы ў Карлавым унівэрсытэце.

(Свобода: ) “Самая першая справа – гэта запаўненьне анкеты. Вы можаце атрымаць яе праь інтэрнэт на вэб-старонцы таго ці іншага факультэту. Я цяпер падаю вам адзін галоўны інтэрнэтаўскі адрас: www.cuni.cz (гэта скарачэньне Карлавага ўнівэрсытэту). Паўтараю:
Гэта вэб-старонка ўсяго ўнівэрсытэту, на якой вы зможаце знайсьці інфармацыю пра ўсе факультэты. Зь яго дапамогай вы зможаце ўсталяваць сувязь з вучэбным аддзяленьнем і з факультэтамі.

Мы папрасілі прарэктара Карлава ўнівэрсытэту ў Празе прафэсара Яраславу Свобаду дакладней апавесьці, у чым жа палягае спэцыфіка навучаньня замежных студэнтаў на чэскай і на ангельскай мове. Якія ўмовы абодвух кірункаў навучаньня.

(Свобода: ) “Сапраўды, існуюць два варыянты адукацыйнага працэсу ў Чэскай рэспубліцы. Першы варыянт бясплатны, за другі ж (на ангельскай мове) трэба плаціць. Гэтая плата розная на кожным факультэце. Дзеля таго, каб вучыцца па ангельску, на кожным факультэце існуюць свае варункі прыёму, якія вызначае асабіста дэкан факультэту. Калі ж нехта з замежнікаў хоча вучыцца па-чэску, тады ўся працэдура прыёму абсалютна аднолькавая для чэхаў і замежнікаў.

Паводле інфармацыі, атрыманай ад паасобных дэканаў факультэтаў Карлавага ўнівэрсытэту, прыем на ангельскамоўныя кірункі навучаньня практычна ўсюды адбываецца без экзаменаў. Прымаюцца пераважна ўсе жадаючыя пасля даволі простай кваліфікацыйнай размовы. Адна ўмова: вы павінны мець сярэднюю адукацыю і быць платаздольным. Але для нашых беларускіх слухачоў, зразумела, больш прывабны варыянт – гэта адукацыя на чэскай мове, за якую плаціць ня трэба. Якія тут існуюць магчымасьці? Прарэктар Карлавага ўнівэрсытэту прафэсар Яраслава Свобада адказвае:

(Свобада: ) “Што ж датычыць магчымасьцяў для замежнікаў вучыцца на чэскай мове, дык тут можна запісацца на гадавы курс чэскай мовы, які для вас арганізоўвае сам Карлаў унівэрсытэт. Інфармацыю на гэтую тэму можна знайсьці на вэб-старонках паасобных унівэрсытэтаў. Можна таксама зьвярнуцца ў спэцыяльны інфармацыйны цэнтар нашага ўнівэрсытэту, які знаходзіцца па адрасу: вул. Школьска 13, Прага – 1.”

У Праскім унівэрсытэце існуе спэцыяльны падрыхтоўчы факультэт, на якім на працягу году адбываецца паглыбленае вывучэньне чэскай мовы. Ягоны дыплём зьяўляецца пропускам на здачу экзаменаў на любы факультэт Карлавага ўнівэрсытэту.

З дэканам гэтага факультэту доктарам Іржы Прэслам я ўжо размаўляў і ён даў папярэднюю згоду прыняць удзел у перадачы беларускай Свабоды “Гаўдэамус”. Так, што размова з ім прагучыць у адной з наступных перадачах нашай адукацыйнай сэрыі.

Мікола Іваноў

XS
SM
MD
LG