Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Галоўны рэжысэр тэатру “Вольная сцэна” Валер Мазынскі, які быў зьбіты невядомым мінулай суботай, пераведзены з рэанімацыйнага аддзяленьня ў хірургічнае. Аднак зарана казаць, што яму палепшала.

Стан Валера Мазынскага непакоіць дактароў шпіталю, дзе пасьля апэрацыі лечыцца зьбіты мінулай суботай галоўны рэжысэр тэатру “Вольная сцэна”.

Мазынскага перавялі з рэанімацыйнага аддзяленьня ў хірургічнае, але казаць пра выздароўліваньне зарана. Учора Мазынскаму паклалі гіпс на правую руку. Як паказаў рэнтгенаўскі здымак, рука паламаная. Гэтай рукой Валер Мазынскі спрабаваў абараніцца ад удараў, якія абрынуў на ягоную галаву невядомы бандыт.

Жонка рэжысэра Людміла Мазынская кажа, што дактары лячэбнай камісіі робяць усё магчымае, каб дапамагчы ейнаму мужу, але ён яшчэ адчувае сябе блага.

(Мазынская: ) "Зараз ён пачуваецца вельмі кепска, бо ўсё баліць, рука дужа баліць — пералом, гіпс паклалі. Галава круціцца, ён яе не адчувае, ён ня ходзіць. А зараз во й есьці ня будзе як, трэба вучыцца левай рукай, бо правая не працуе".

(Карэспандэнт: ) "Які дыягназ яму дактары паставілі?"

(Мазынская: ) "Сказалі, што чэрапна-мазгавая траўма ды пералом прамянёвай косткі. Яму колюць антыбіётыкі, тэмпэратура да 38 градусаў, так што змагаюцца. Калі б не зрабілі ўсяго гэтага ў час, дык чалавек бы памёр! Раны ж адкрытыя, яны б загнаіліся б. Крыві шмат страціў, яму кропельніцы дактары ставяць".

(Карэспандэнт: ) " І што дактары кажуць — калі паздаравее спадар Валеры?"

(Мазынская: ) "Гэтага ніхто ня кажа, бо трэба яшчэ тамаграфію галавы рабіць, трэба глядзець, каб не было гематомы, каб усё загаілася… Дужа ўсё гэта цяжка, і далёка. Трэба каб швы загаіліся, а гіпс — гэта ж тры месяцы рука будзе".

(Карэспандэнт: ) "Значыць, некалькі месяцаў трэба на лячэньне?"

(Мазынская: ) "Вядома. Пасьля рэабілітацыя, руку трэба будзе распрацоўваць".

(Карэспандэнт: ) "Ведаю, што вы тэлефанавалі ў міліцыю. Што вам сказалі?"

(Мазынская: ) "Яны сказалі, што хуткая дапамога ім паведаміла ўжо, што каля ўласнага дому забівалі чалавека, і яго з траўмамі накіравалі ў 9-ю бальніцу.

Званіў участковы наш, пытаўся, ці можа Валер прыйсьці да яго. Я й кажу: ведаеце, ён зараз у рэанімацыі, яго толькі пераводзяць у хірургічную палату, як жа ён прыйдзе! Ён ляжыць, нават не падымаецца яшчэ. Ну й тады ўчастковы кажа: што ж, запытайцеся тады як там ды што, буду вам званіць".

Нагадаю, пацярпелы заявіў учора Радыё Свабода, што яму, верагодна, адпомсьцілі за ягоную грамадзкую пазыцыю. У міліцыі, аднак, гэтак ня лічаць. Там увогуле яшчэ ня вызначыліся, ці трэба заводзіць крымінальную справу па факце нападу на Мазынскага.

У Цэнтральным райаддзеле міліцыі, на тэрыторыі якога адбылося здарэньне, мне адказалі, што інцыдэнт яшчэ правяраецца.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG