Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Справа дэпутата Ўладзімера Кудзінава трапіла ў Барысаўскі раённы суд, дзе чакае перагляду па ўвядзеньні новага Крымінальнага кодэксу. Перагляд адбудзецца па ініцыятыве адміністрацыі калёніі, бо сам Уладзімер Кудзінаў адмовіўся падпісваць хадайніцтва пра перагляд.

Перамогай Уладзімера Кудзінава завяршылася ягоная спрэчка з адміністрацыяй калёніі УЖ-15/1 пра тое, хто павінен зьвяртацца ў суд з хадайніцтвам пра перагляд справы ў сувязі з увядзеньнем новага Крымінальнага кодэксу.

Адміністрацыя калёніі настойвала на тым, што гэта павінен рабіць асуджаны, аднак Уладзімер Кудзінаў палічыў інакш. Распавядае жонка Кудзінава Зоя, якая спасылаецца на дакладныя зьвесткі з калёніі.

(Кудзінава: ) "Валодзю выклікала адміністрацыя, там прысутнічалі прадстаўнікі міністэрстваў, і сказалі яму, каб ён напісаў сам гэтую наглядную скаргу, але ён адмовіўся пісаць. Ён кажа, што згодна з новым Крымінальным кодэксам ён мусіць быць ужо на волі, ды й прадстаўленьне ў суд мусіць рабіць сама арганізацыя".

Паводле Зоі Кудзінавай, Уладзімер спасылаўся на Закон аб увядзеньні новых кодэксаў, прыняты яшчэ летась. Паводле гэтага Закону, прадстаўленьне пра перагляд справаў павінна накіроўвацца ў суды адміністрацыяй турмы. Гэта мне пацьвердзіў вядомы юрыст Міхаіл Пастухоў, які кансультаваў і Зою Кудзінаву.

Як мяркуе спрадар Пастухоў, адпаведныя прадстаўленьні павінны былі зрабіць яшчэ да 1 студзеня, каб выключыць незаконнае ўтрыманьне вязьняў за кратамі нават на адзін дзень. Гэтак не зрабілі.

Адміністрацыя менскай калёніі, прыкладам, паспрабавала перакласьці адказнасьць на самога Кудзінава, але той не саступіў. І ўрэшце выйграў.

Як стала вядома сёньня Зоі Кудзінавай, прадстаўленьне пра перагляд справы дэпутата было днямі накіравана ў Менскі абласны суд, а адтуль трапіла і ў Барысаўскі раённы суд, які выносіў прысуд Кудзінаву. Такім чынам, Зоя Кудзінава спадзяецца, што хутка яна сустрэне мужа дома.

(Кудзінава: ) "Сёньня гэтае прадстаўленьне атрымаў ужо Барысаўскі суд. Зараз старшыня гэтага суду хварэе і ня можа прызначыць разгляд гэтай справы. Але думаю, што наступным тыднем справа будзе перагледжаная. У мяне настрой нават палепшаў, я спадзяюся, што да канца наступнага тыдня мы ўжо будзем разам", — кажа жонка дэпутата Ўладзімера Кудзінава Зоя.

Нагадаю, Уладзімер Кудзінаў ужо адседзеў за кратамі чатыры гады.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG