У Страсбургу, дзе ідзе зімовая сэсія Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, сёньня
ў парадку дня сярод іншага абмеркаваньне сытуацыі ў Ічкерыі. Ад вынікаў гэтага абмеркаваньня
залежыць – будзе вернутае Расеі права голасу ў Парлямэцкай Асамблеі ці
не. Асноўны даклад прачытаў Фрэнк Джад, які нядаўна наведаў паўстанцкую
рэспубліку ў якасьці кіраўніка дэлегацыі Парлямэнцкай Асамблеі. На момант
падрыхтоўкі матэрыялу абмеркаваньне дакладу яшчэ працягвалася. Сёньня ж
газэта Moscow Times зьмясьціла на сваіх старонках артыкул “Ці мог бы Сталін
выйграць гэтую вайну?” Паводле газэты вайна ў Ічкерыі даражэе. Расейскі
прэм’ер-міністар Міхаіл Касьянаў заявіў, што летась яна каштавала Расеі
штомесячна на 2-3 мільярды рублёў (USD 70-105 мільёнаў) больш чым плянавалася.
У названыя выдаткі Касьянаў не ўлучыў вартасьць страчанага ваеннага
абсталяваньня і іншых паставак, узятых са старых савецкіх запасаў. Цяпер
гэтыя запасы вычарпаліся і патрэбныя новыя набыткі. Такім чынам вайна стане
яшчэ даражэйшай.
Прэзыдэнт Расеі Владзімір Пуцін абвесьціў, што кіраўніцтва чачэнскай
кампаніяй перадаецца ў рукі ФСБ, але гэта не прыкмета сілы, а прыкмета
адчаю – паведамляе газэта. У той час як расейскія аддзелы ў Ічкерыі месяц
за месяцам безвынікова бамбавалі горы і населеныя пункты, вышэйшыя чыноўнікі
службы бясьпекі ў Маскве абмяркоўвалі зьмену тактыкі. Яны прапанавалі скарыстаць
досьвед 40-х і 50-х гадоў, калі савецкае войска пасьпяхова здушыла незалежніцкія
партызанскія рухі ў краінах Балтыі і ў Заходняй Украіне.
“Летась, – піша аўтар публікацыі Павал Фэльгэнгаўэр, – я браў удзел
у абмеркаваньні зь некаторымі былымі афіцэрамі КГБ антыпартызанскай вайны
ў Ічкерыі. Адзін зь іх – вэтэран, колішні тайны агэнт часоў сталінскай
кампаніі супраць нацыяналістычных украінскіх паўстанцаў (…) сказаў: “Выйграць
антыпартызанскую вайну лёгка: трэба толькі разьмясьціць вайскоўцаў у кожнай
чачэнскай вёсцы і паставіць над імі кіраўніка з КГБ”.
Выглядае што цяпер Крэмль скарыстаў гэтую параду. Прыблізна ў 200 (двухстах)
населеных пунктах Ічкерыі разьмесьцяцца расейскія гарнізоны па 100-150
чалавек кожны. Іх будзе падтрымліваць чачэнская міліцыя. Поўны кантроль
і кіраўніцтва гэтымі ўтварэньнямі ўскладзенае на ФСБ.
Але капіяваньне сталінскіх спосабаў, – піша газэта, – сёньня не спрацуе.
Сталінскія сілы бясьпекі мелі высокую дысцыпліну. Яны ведалі, што кожнае
непаслушэнства і якое заўгодна хабарніцтва будуць пакаранымі. Сёньня вайсковыя
афіцэры ў Ічкерыі адкрыта ігнаруюць загады ФСБ або Міністэрства ўнутраных
справаў, і наадварот: паўстанцы почасту даюць ім хабар.
Масква можа ўжываць сталінскую тактыку, але яна ня мае сталінскай рашучасьці
і ня можа ўжываць сталінскіх спосабаў высылкі насельніцтва паўстанцкай
рэспублікі ў Сыбір без увагі на якія заўгодна правы чалавека.
У той самы час, сталінскія перамогі ў краінах Балтыі і ва Ўкраіне, як
высьветлілася, былі прыхаванымі паразамі. Калі Міхаіл Гарбачоў паспрабаваў
пераўтвараць Савецкі Саюз, у згаданых месцах адразу ўтварыліся найбольш
моцныя незалежніцкія рухі. Сёньня Расея страціла сталінскія набыткі ў Балтыі
і Ўкраіне. Высылка чачэнцаў у 44-ым годзе ў Казахстан і сёньня натхняе
чачэнскіх незалежнікаў на барацьбу.
Што здарыцца, калі новая тактыка, будзе такой самай неэфэктыўнай як
і старая? Ці Крэмаль пачне шукаць сур’ёзнага разьвязаньня чачэнскага канфлікту,
ці пачне капіяваць сталінскі крывавы спосаб вырашэньня праблемы? – гэтае
пытаньне аўтар артыкулу ў сёньняшнім нумары газэты Moscow Times пакідае
без адказу.
Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага
Самае папулярнае
1