70 000 гомельскіх школьнікаў спынілі вучобу. У школах
з-за грыпу карантын.
Эпідэмія грыпу сёлета пачалася ў горадзе на два тыдні раней, чым летась.
Спэцыялісты аднак сьцьвярджаюць, што гэта не зьвязана з распаўсюдам вірусаў
усходняга паходжаньня. Выяўляюца пакуль толькі традыцыйныя для нашага рэгіёну
групы А і Б.
Зараз колькасьць захворваньняў на грып, паводле зьвестак гарадзкога
Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі, перавысіла звычайны ўзровень амаль у пяць
разоў. Штодня да лекараў зьвяртаюцца па дапамогу больш як 2 000 чалавек.
Больш за ўсё хварэюць дзеці да 14 гадоў.
Таму гарвыканкам пастанавіў увесьці карантын у школах. Разумеючы сытуацыю,
начальнік гарадзкой Управы адукацыі Вадзім Сабко ўсё ж сьцьвярджае, што
вымушаныя вакацыі моцна шкодзяць навучальнаму працэсу.
Засьцерагчыся ад эпідэміі грыпу можна было б праз прафіляктычныя прышчэпкі.
Аднак Міністэрства аховы здароўя, якое само разьмяркоўвала дозы для гэтай
мэты, даслала іх у горад надзвычай мала.
Вось што распавяла загадчыца эпідэміялягічнага аддзелу гарадзкой санітарнай
службы Людміла Рэзьнікава.
(Рэзьнікава: ) "Яны нам далі прафіляктычныя дозы не на ўсё насельніцтва,
а толькі на групы вышэйшай рызыкі — на аслабленых хранічнымі хваробамі,
на так званыя закрытыя калектывы — школы-інтэрнаты, дзіцячыя дамы. Каго
змаглі, того й ахапілі", — сказала спадарыня Рэзьнікава.
Высьветлілася, што малыя дозы далі зрабіць прышчэпкі нават з групаў
рызыкі усяго толькі 40%. На шырэйшую прафіляктыку Міністэрства аховы здароўя
ня мае грошай.
Аднак і ў насельніцтва на змаганьне з грыпам таксама бракуе грошай,
бо кожны паход у аптэку за лекамі каштуе сама меней 3 000 – 5 000 рублёў.
А ўсё таму, што сярод лекаў супраць грыпу доля айчынных прэпаратаў — толькі
пятая частка. Астатнія — замежныя і, канечне, даражэйшыя.
Казімер Яноўскі, Гомель
Самае папулярнае
1