Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Крыху патаньнела паліва на аўтазапраўках — недзе на 5%. Кошты ўпершыню меншаюць за сем гадоў кіраваньня А.Лукашэнкі. Многія зьвязваюць гэта з набліжэньнем выбараў на прэзыдэнта.

У канцэрне “Белнафтахім” нязвыклы жэст растлумачылі найперш тым, што мінуў міжнародны нафтавы крызыс, які здарыўся пры канцы мінулага году.

Па-другое, зьменшылі кошты водпуску нафты расейскія кампаніі — асноўныя партнэры “Белнафтахіму”. Але ёсьць і яшчэ адна прычына, пра якую неахвотна гавораць афіцыйныя структуры — набліжэньне выбараў на прэзыдэнта.

Цікава, што нават па зьмяншэньні коштаў на запраўках сыстэмы “Белнафтахім” кошт паліва на камэрцыйных АЗС нязначна, але ўсё ж меншы. Верагодна, недзяржаўныя (а таму больш мабільныя) прадпрыемствы пойдуць на аналягічны крок, каб дагадзіць спажыўцу.

Віктар Азараў, дарадца прэзыдэнта канцэрну “Белнафтахім” Івана Бамбізы, сьцьвярджае, што аніякага ўплыву на камэрцыйныя ўстановы дзяржаўнае ведамства аказваць не зьбіраецца.

(Азараў: ) "Цяперашнія кошты ўсталяваныя выключна для прадпрыемстваў сыстэмы канцэрну. Астатнія структуры будуць арыентавацца самі, мы на іх ня цісьнем.

Гледзячы на сытуацыю на рынку, яны самі будуць вырашаць: захоўваць ранейшы ўзровень коштаў, альбо таксама яго паніжаць; гэта цалкам іхныя праблемы".

Прыватнікі, асноўныя канкурэнты дзяржаўных АЗС, на захад “Белнафтахіму” пакуль не адрэагавалі. Многія бізнэсоўцы кажуць, што гэта адно пыл у вочы: розьніца між старымі й новымі дзяржаўнымі коштамі складае 20-30 рублёў у залежнасьці ад маркі бэнзыну. Прынамсі, шараговы кіроўца падобнага “падарунку” зусім не заўважыць: кошт на аўтамабільнае паліва ў Беларусі па-ранейшаму самы высокі ў СНД.

У суседняй Расеі, якая ёсьць асноўным пастаўшчыкам сыравіны для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў, кошт на бэнзын усіх актанавых лікаў меншы за наш у паўтара раза (напрыклад, 30 цэнтаў за літар самага хадавога 92-га ў Расеі супраць 46-ці цэнтаў у Беларусі).

Пра тое, што захад “Белнафтахіму” у пэўнай ступені папулісцкі, сьведчаць і адмоўныя вынікі працы айчынных нафтаперапрацоўчых заводаў паводле папярэдніх вынікаў першага месяца 2001 году: у параўнаньні з астатнімі месяцамі, гатовай прадукцыі будзе выпрацавана амаль на 10% меней.

Ігар Карней, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG