Пакуль кіраўніка КНГ АБСЭ ў Менску Ганса-Георга Віка
няма ў Беларусі, Міністэрства замежных справаў Беларусі запрасіла да сябе
эўрапейскіх амбасадараў, каб паінфармаваць іх пра стаўленьне беларускіх
уладаў да АБСЭ. Новы амбасадар Італіі ў Беларусі Стэфана Бэнацца на сустрэчы
ня быў, бо яшчэ не пасьпеў прыехаць у Менск.
У той самы дзень, калі кіраўнік Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ
ў Беларусі знаходзіцца ў Бухарэсьце, а ягоны намесьнік Мішэль Рывалье —
у Страсбургу, беларускае Міністэрства замежных справаў вырашыла сустрэцца
з амбасадарамі краінаў Эўразьвязу ў Менску.
Першы намесьнік міністра Сяргей Мартынаў паведаміў эўрапейскім дыпляматам
пра пазыцыю Беларусі ў дачыненьні да АБСЭ і ейнае групы ў Менску. Пра зьмест
сустрэчы распавёў прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка.
(Латушка: ) "Пад час сустрэчы абмяркоўваліся пытаньні кантактаў і адносінаў
Беларусі з Эўразьвязам, а таксама праблематыка АБСЭ", — сказаў спадар Латушка,
не дэталізуючы гэтай "праблематыкі АБСЭ".
Але адзін з эўрапейскіх амбасадараў, які папрасіў не называць ягонага
прозьвішча, паведаміў, што ў часе сустрэчы нічога новага яны ад спадара
Мартынава не пачулі.
Гэны амбасадар нагадаў, што праблематыка АБСЭ зьявілася ў Беларусі 2
месяцы таму, і сказаў, цытую: “Мы нічога не абмяркоўвалі — нас толькі паінфармавалі
пра розьніцу ў падыходах з боку беларускіх уладаў ды з боку АБСЭ. Не было
нічога такога, чаго б ужо не было ў газэтах”, — зазначыў эўрапейскі дыплямат.
Але дзіўна, што амбасадараў запрасілі ў беларускае МЗС менавіта пад
час адсутнасьці ў Менску кіраўніцтва групы АБСЭ ды яшчэ ўсіх разам. Звычайна
Эўрапейскі Зьвяз у Беларусі афіцыйна рэпрэзэнтуе толькі адзін амбасадар.
Прадстаўніком цяперашняга старшыні Эўразьвязу — Швэцыі — у Менску ў першай
палове 2001 году ёсьць грэцкі амбасадар Панаёціс Гумас.
А на сустрэчы зь Сяргеем Мартынавым былі амбасадары Вялікабрытаніі,
Грэцыі, Нямеччыны ды Францыі. Усяго ў Менску 5 місіяў краінаў Эўразьвязу,
аднак новы амбасадар Італіі Стэфана Бэнацца прыляцеў у Беларусь толькі
ў другой палове дня, таму ня мог быць ў Міністэрстве замежных справаў.
Спадару Бэнацца 51 год, да прызначэньня ў Беларусь ён быў першым дарадцам
італійскае амбасады ў ЗША. На пытаньне пра ўручэньне даверчых граматаў
Стэфана Бэнацца Аляксандру Лукашэнку калега новага італійскага амбасадара
зь іншае краіны Эўразьвязу адказаў гэтак: "Мы ня бачым тут праблемы".
Аднак спадар Бэнацца можа ізноў апярэдзіць амэрыканскага амбасадара
ў Менску Майкла Козака, і калі гэтак здарыцца, будзе канчаткова зразумела,
як беларускія ўлады ставяцца да ЗША.
Юры Сьвірко, Менск
Самае папулярнае
1