На паседжаньні Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных
партыяў было паведамлена, што 22 студзеня новы старшыня АБСЭ міністар замежных
справаў Румыніі Мірча Джэана прыме ў Бухарэсьце кіраўнікоў місіяў АБСЭ.
На гэтую сустрэчу запрошаны і кіраўнік КНГ АБСЭ ў Беларусі амбасадар Вік.
22 студзеня новы старшыня АБСЭ (з 1 студзеня гэтая пасада перайшла да
кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства Румыніі Мірча Джэана) зьбірае ў
Бухарэсьце кіраўнікоў усіх місіяў АБСЭ. Сярод іх будзе і амбасадар Вік.
Паведаміў пра гэта сёньня сп. Вік на паседжаньні Кансультацыйнай рады
апазыцыйных палітычных партыяў. Гэта і вызначыла асноўную тэму абмеркаваньня
— стан інфармацыйнага забесьпячэньня беларускага грамадзтва пад час выбарчых
кампаніяў. Чаму менавіта гэтая ўмова прызнаньня выбараў дэмакратычнымі
і свабоднымі стала галоўнай?
Вось як тлумачыць сытуацыю ўдзельнік сёньняшняга паседжаньня, экспэрт
у галіне СМІ Вячаслаў Герасіменка:
(Герасіменка: ) "Аналізуючы хаду так званай выбарчай парлямэнцкай кампаніі
ў Беларусі, ясна вымалёўваюцца дзьве прычыны, чаму з прадастаўнікоў дэмакратычнай
апазыцыі амаль ніхто ня стаў дэпутатам гэтага так званага парлямэнту. Першая
— недасканаласьць выбарчага кодэксу, другая — адсутнасьць аб'ектыўнай,
справядлівай інфармацыі ў СМІ, якія падкантрольныя ўладзе.
Каардынацыйная рада апазыцыйных палітычных партый вырашыла ізноў зьвярнуцца
да пытаньня доступу апазыцыі да дзяржаўных СМІ.
Гэта вельмі дзіўна, калі ў часе мінулай выбарчай кампаніі па дзяржаўнай
тэлевізіі і радыё не кандыдат у дэпутаты тлумачыў сваю пазыцыю, сваю праграму,
а за яго рабілі гэта іншыя — як правіла, прадстаўнікі ўлады. Гэта сьмешна
і дзіўна. Вось чаму сёньня я лічу, і гэтак лічыць Каардынацыйная рада апазыцыйных
партыяў, што доступ апазыцыі да дзяржаўных СМІ — найпершае пытаньне".
Прадстаўнікі палітычных партыяў зьвярнуліся да амбасадара Віка зь дзьвюма
просьбамі: паведаміць беларускаму ўрадаваму боку пра гатовасьць палітычнай
апазыцыі ўзнавіць кансультацыі экспэртаў у галіне СМІ, што былі перапыненыя
яшчэ ў лістападзе 1999 году; і паведаміць у Бухарэсьце пра тое, што беларускія
ўлады, насуперак законам і абавязкам перад міжнароднай супольнасьцю, практычна
цалкам забаранілі доступ палітычнай апазыцыі да дзяржаўных мэдыяў.
Амбасадар Вік пацьвердзіў таксама намер КНГ АБСЭ дапамагаць беларускім
унутраным назіральнікам у назіраньні за паўторнымі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў.
Гэта неабходна, каб правесьці рэпэтыцыю перад прэзыдэнцкімі выбарамі.
З дасьведчаных крыніцаў стала вядома і пра тое, што КНГ АБСЭ прапанавала
ўдзельнічаць у гэтай акцыі і тым недзяржаўным грамадзкім арганізацыям,
якія падтрымліваюць палітыку цяперашніх беларускіх уладаў. Гэта дапамагло
б і такім арганізацыям рэальна пабачыць мэханізм выбарчай кампаніі. І хаця
адпаведныя захады з боку КНГ былі зробленыя яшчэ ў сьнежні, пакуль ніводная
з такіх арганізацыяў на прапанову не адгукнулася.
Уладзімер Глод, Менск
Самае папулярнае
1