Буйныя расейскія тэлеканалы, якія ў Беларусі больш
папулярныя за адзіны нацыянальны, мяняюць уласных карэспандэнтаў у Менску.
Ці зьвязана гэта з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў?
Былы ўласны карэспандэнт тэлекампаніі НТВ Аляксандар Калпакоў ужо зьехаў
зь Беларусі, ён будзе заняты іншай працай у сваёй кампаніі ў Маскве. Кіраўнік
карэспандэнцкай сеткі НТВ Юры Антропаў паведаміў РС, што з дня на дзень
чакаецца прызначэньне новага ўласнага карэспандэнта. Хутчэй за ўсё гэта
будзе былы ўласны карэспандэнт НТВ ў Варонежы Павал Селін. Гаворыць Юры
Антропаў:
"Сёньня–заўтра Селін будзе на месцы, мы спадзяемся, што ён нам ужо на
праваслаўныя Каляды зробіць матэрыял зь Менску".
Загадчык карэспандэнцкай сеткі НТВ Юры Антропаў ведае, што ў Беларусі
набліжаюцца прэзыдэнцкія выбары, але ён не зьвязвае менавіта з гэтым замену
карэспандэнтаў, а тлумачыць яе звычайнай ратацыяй. У Аляксандра Калпакова
скончыўся тэрмін камандзіроўкі, ён адпрацаваў у Беларусі каля трох гадоў.
Сытуацыя ня надта ясная з карэспандэнтам дзяржаўнай Расейскай тэлерадыёкампаніі
— прозьвішча новага карэспандэнта не называецца, але вядома, што для яго
прадстаўленьня ў Менску прыбудуць вядучы праграмы “Весьці” Яўген Равенка
і начальнік карсеткі Аляксей Кузьмін. Цяперашняму ўласнаму карэспандэнту
РТР па Беларусі Алене Лукашэвіч паведамілі толькі пра тое, што кіраўніцтва
з Масквы прыбудзе 9 студзеня. Да гэтай даты Алена Лукашэвіч не камэнтуе
сытуацыі.
Кіраўнік карэспандэнцкай сеткі РТР Аляксей Кузьмін паведаміў РС, што
канчатковае рашэньне адносна Алены Лукашэвіч яшчэ, сапраўды, не прынятае,
яна хутчэй за ўсё застанецца працаваць у гэтай кампаніі і ў Беларусі, але
не тэлевізійным карэспандэнтам, а ў нейкай іншай якасьці.
Аляксей Кузьмін паведаміў, што будзе прысланы новы карэспандэнт з Расеі,
і што ў пэўным сэнсе гэтая замена зьвязаная з падрыхтоўкай да выбарчай
кампаніі ў Беларусі. Карпункт, паводле ягоных словаў, будзе ўзмоцнены палітычным
карэспандэнтам, бо Алена Лукашэвіч была больш гуманітаром — лічыць Кузьмін.
Магчыма, створаць дзьве тэлевізійныя групы, а не адну, як раней. Аднак,
як паведаміў Аляксей Кузьмін, ніякага ціску з боку беларускіх уладаў на
кіраўніцтва РТР у справе замены карэспандэнта перад выбарамі не было.
На трэцім найбуйным расейскім канале ОРТ у беларускім бюро не было загадчыка
пасьля Паўла Шарамета, паколькі МЗС Беларусі адмаўляўся яго акрэдытоўваць.
Не акрэдытоўвалі беларускія ўлады і апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, які
паўгады таму таямніча зьнік. Такім чынам, карэспандэнцкія пункты папулярных
у Беларусі расейскіх каналаў перад пачаткам прэзыдэнцкай кампаніі відавочна
аслабленыя.
Прэсавы сакратар БСДП Народная грамада Лявон Дзейка лічыць, што гэта
не выпадкова:
"Мне бачыцца, што гэтыя апошнія зьмены ў корпусе журналістаў, якія працуюць
на расейскіх тэлеканалах у Менску, выпадковымі лічыць нельга. Калі мець
на ўвазе працэсы, якія цяпер адбываюцца ў Расейскай Фэдэрацыі вакол сродкаў
масавай інфармацыі, калі сёньняшняя расейская ўлада іх пачынае шыхтаваць у стройныя рады, прыціскаць, мяркую, што сучасныя кіраўнікі Беларусі,
беларускі рэжым у гэтым пытаньні ў асноўным паразумеюцца зь сёньняшнім
Крамлём. Безумоўна, падзеі, якія адбываюцца зараз у Расейскай Фэдэрацыі,
тыя палітычныя працэсы, якія павінны сёлета завяршыцца прэзыдэнцкімі выбарамі
ў Беларусі, патрабуюць, так бы мовіць, спэцыфічнай зачысткі інфармацыйнай
прасторы".
Лявон Дзейка мяркуе, што ў пытаньні кантролю за інфармацыйнай прасторай
перад выбарамі цяперашняе расейскае і беларускае кіраўніцтва здолеюць паразумецца.
Валер Каліноўскі, Менск
Самае папулярнае
1