Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


На чэскім грамадзкім тэлебачаньні працягваецца канфлікт. Ад 24 сьнежня каля 40 журналістаў не выходзяць з будынку тэлецэнтру ў Празе. Яны пратэстуюць супраць прызначэньня генэральным дырэктарам Іржы Годача, якога лічаць палітычна заангажаваным. Чэскія тэлежурналісты заяўляюць, што цяперашні канфлікт – гэта барацьба за свабоду слова…

Калі агулам цытаваць чэскіх журналістаў і іх калегаў з-за мяжы, якія інфармуюць пра скандал, – у аснове канфлікту – свабода слова.

Назіральная рада чэскага грамадзкага тэлебачаньня, якая абіраецца парлямэнтам, прызначыла новага генэральнага дырэктара – Іржы Годача. З гэтым прызначэньнем не пагадзілася частка супрацоўнікаў чэскага тэлебачаньня, бо, на іхную думку, Годач палітычна заангажаваны і падтрымлівае палітыку былога прэм”ера Чэхіі, цяперашняга лідэра Грамадзянскай дэмакратычнай партыі, Вацлава Клаўса.

Журналісты патрабуюць адстаўкі Годача. Пад патрабаваньнем стаяць каля 2000 подпісаў. Журналісты начуюць у будынку тэлевізіі, не выходзяць з памяшканьня, бо назад вярнуцца немагчыма. У студыю дастаўленая хімічная прыбіральня, страйкоўцам прыносяць ежу і ваду.

Сёньня журналістаў, якія не прымаюць новага дырэктара, наведаў вядомы дысыдэнт, супрацоўнік чэскай службы Радыё Свабодная Эўропа Ян Урбан. Мы зьвязаліся зь ім пад час наведваньня тэлевізіі:

(Урбан: ) “Канфлікт на чэскім тэлебачаньні просты. Гэта – змаганьне за свабоду слова. Супрацоўнікі і журналісты чэскай тэлевізіі адрынулі палітычнага дырэктара, бо ён і людзі, якія за ім стаяць, вельмі палітычна заангажаваныя. Прадстаўляюць адзіную палітычную сілу - Грамадзянскую дэмакратычную партыю. Для свабоды слова гэта найгоршае, што магло здарыцца. Мы спадзяемся, што розум тут пераможа. Горшы варыянт, гэта калі паліцыя ўмяшаецца і пачне выганяць журналістаў. Дабраахвотна не пакінем будынку”.

“Страйк акупацыйнага тыпу” – назваў падзеі на чэскім тэлебачаньні чэскі публіцыст Яфім Фіштэйн. Бо каманда новага дырэктара тэлебачаньня фактычна пазбаўленая тэхнічных сродкаў і выпускае сваю прадукцыю ў так званых “палявых умовах”, у студыі без тэхнікі, у выніку чаго прадукт выглядае архаічным. Страйкоўцы робяць сваю тэлевізыйную праграму.

У эфір выходзяць 2 праграмы. Адна – прадукцыя бунтароў -- ідзе на асноўных чэскіх каналах – першым і другім, другая, падрыхтаваная камандай Гадача, праз камэрцыйныя каналы “Нова” і “Прыма”. Сытуацыю камэнтуе чэскі публіцыст Яфім Фіштэйн:

(Фіштэйн: ) “У ніводнай краіне сьвету супрацоўнікі тэлевізіі не вырашаюць, хто імі будзе кіраваць. Чэскае тэлебачаньне належыць грамадзкасьці. А паколькі грамадзкасьць – гэта панятак, ня вельмі дакладна акрэсьлены, то варта сказаць, што тэлебачаньне належыць усяму насельніцтву. Свае палітычныя прыхільнасьці насельніцтва выказвае на выбарах, таму было б вельмі недэмакратычна, каб толькі адзін, тым больш малы спэктар палітычны, захапіў тэлебачаньне. Такая сытуацыя ў нас ужо была”.

(Караткевіч: ) “Якія камэрцыйныя прычыны канфлікту на чэскім тэлебачаньні?”

(Фіштэйн: ) “Чэскае тэлебачаньне мае вялікі бюджэт, які выдзяляецца парлямэнтам краіны – 5 мільярдаў крон на 3.5 тысячы супрацоўнікаў. Гэта, дарэчы, у 10 разоў болей, чым мае аналягічнае камэрцыйнае тэлебачаньне. Натуральна, што з гэтага бюджэту корміцца вялікая колькасьць спэцыялізаваных прафэсійных арганізацыяў, усялякія кінафірмы, якія робяць прадукт, купляны чэскай тэлевізіяй. Зразумела, што ўсе гэтыя групоўкі зацікаўленыя, каб дырэктар быў іхным чалавекам. Як усё ў чэскім грамадзтве – зашыфравана. Сапраўдныя інтарэсы зашыфраваныя, і, натуральна, гэты шыфар выліваецца ў нейкія агульначалавечыя каштоўнасьці кшталту свабоды слова. За свабодай слова часта стаяць спэцыфічныя камэрцыйныя інтарэсы”.

(Караткевіч: ) “Ваш прагноз, чым гэта ўсё скончыцца?”

(Фіштэйн: ) “У нармальнай краіне пры нармальных абставінах гэта, без сумневу, павінна было б скончыцца палітычным пагадненьнем, бо страйк такога тыпу шкодзіць краіне ўцэлым. Але ці дойдзе да палітычнага кампрамісу тут, - вельмі сумнеўна, таму што ў гэта заангажаваныя розныя палітычныя сілы. Прэзыдэнт, які падтрымаў адзін з бакоў канфлікту – журналістаў. Мой прагноз – скептычны”.

Сытуацыю на чэскім тэлебачаньні камэнтаваў публіцыст Яфім Фіштэйн.

Чэскія журналісты і калегі з замежжа падрабязна інфармуюць пра тое, што адбываецца ў будынку Чэскага тэлебачаньня. Чэская газэта Lidove noviny зьмясьціла падборку публікацыяў у замежным друку на гэтую тэму – англамоўным, франкамоўным, нямецкамоўным і польскамоўным. Вельмі актыўна пішуць пра канфлікт польскія журналісты. “Вайна нэрваў”, “Ня хочам зьгінаць сьпіны”, “палітычныя гульні” – гэта ацэнкі ў замежным друку.

Аптымістычна на вынікі акцыі непадпарадкаваньня Назіральнай радзе глядзіць кіраўнік страйкавага камітэту супрацоўнік тэлебачаньня Адам Комэрс:

(Комэрс: ) “Тут пануе вялікі аптымізм. Умовы, у якіх мы зараз працуем, а мы выпускаем праграмы паводле раскладу, гэтыя ўмовы вельмі складаныя. Учора старшыня Чэска-мараўскай канфэдэрацыі прафсаюзаў Рыхард Фалбер, які сюды з цяжкасьцю трапіў, сказаў, што яму гэта нагадвае канцэнтрацыйны лягер. І, нягледзячы на гэта, мы нармальна працуем, рыхтуем выпускі ў эфір. Я б сказаў – чым горш ўмовы, тым настрой лепшы, больш аптымістычны. Мы упэўненыя, што гэты пратэст вытрымаем. Тут стаўка сур”ёзная. Гаворка пра свабоду слова. Рэч у тым, што палітычныя партыі злоўжываюць законам пра чэскае тэлебачаньне і хочуць усталяваць свой уплыў над ім. Для журналістаў дэмакратычнай краіны гэта проста непрымальна. Супраць гэтага мы змагаемся і ў гэтым змаганьні выстаім”.

На сувязі ў будынку Чэскага тэлебачаньня, дзе працягваецца акцыя непадпарадкаваньня журналістаў быў Адам Комэрс.

Канфлікт працягваецца. Прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл патэлефананаваў журналістам у студыю і павіншаваў іх з Новым Годам…Віцэ-прэм”ер краіны Павал Рыхэцкі заявіў, што новапрызначаны кіраўнік чэскага грамадзкага тэлебачаньня Іржы Годач мусіць пайсьці ў адстаўку.

3-га студзеня будзе скліканае адмысловае паседжаньне Сэнату Чэхіі дзеля абмеркаваньня канфлікту на тэлебачаньні.

Вольга Караткевіч, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG